Top.Mail.Ru

«Грамадзянскасць і патрыятызм — неад’емная характарыстыка любога творчага чалавека...»

Ва ўмовах інфармацыйнай вайны, у рэаліях якой мы жывём не першы год, вага і значнасць слова павялічылася ў разы. Асабліва сёння, у разгар важнай для краіны электаральнай кампаніі, якая нашым нядобразычліўцам бы костка ў горле. Слова пісьменніка, чалавека, для якога яно, слова, — рабочы інструмент, сёння важкае і значнае ўдвая. Някрасаўскае «паэтам можаш ты не быць, грамадзянінам — абавязан» застаецца актуальным і ў сучасным грамадстве.


Але ці чуваць слова пісьменнікаў так, як яно павінна гучаць у гэтай сітуацыі? Ці некаторыя сапраўды «саромеюцца публічна выказаць свой патрыятызм і дзяржаўнасць», як небеспадстаўна папракнуў калег Андрэй Мукавозчык у папярэднім нумары

Аб тым, ці можа сёння пісьменнік прамаўчаць, а калі не маўчаць, то ў якой форме, мы пагаварылі на круглым стале з членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пра ролю асобы і слова пісьменніка ў фарміраванні грамадскай думкі, у жыцці грамадства разважалі старшыня СПБ, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Алесь Карлюкевіч, доктар гістарычных навук, прафесар, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пазнякоў, намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення СПБ, паэт Рагнед Малахоўскі, публіцыст, галоўны рэдактар «Сельскай газеты» Сяргей Міховіч і лаўрэат міжнародных літаратурных прэмій, член Прэзідыума СПБ, паэтэса Ірына Карэніна.


Фота Лізаветы ГОЛАД

— Можаце паспрачацца, але сапраўды «паэты-трыбуны», здольныя павесці за сабой масы, ужо не ўспрымаюцца як сучасная з’ява. І ёсць падставы казаць, што пісьменнікі, дый увогуле прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Беларусі саромеюцца публічна выказваць свае патрыятызм і дзяржаўнасць...

Алесь Карлюкевіч: «Пісьменнікі, мастакі, прадстаўнікі іншых творчых прафесій — зусім не сарамлівыя людзі. І выказваюцца, і думкі пэўныя вылучаюць.

Толькі найперш гэта робяць згодна са сваім прызначэннем, праз уласныя творы. Хіба не патрыятычнай пазіцыяй можна вызначыць тое, што адбываецца ў дзіцячай літаратуры апошніх дзесяцігоддзяў?! У яе прыйшоў вялікі атрад настаўнікаў, літаратараў, у якіх за плячыма педагагічны вопыт, якія разумеюць, як трэба выхоўваць юнага грамадзяніна. Поруч з аўтарытэтнымі пісьменнікамі-радзімазнаўцамі, да якіх я б аднёс і Уладзіміра Мазго, і Міхася Пазнякова, і Алену Стэльмах, і светлай памяці Міколу Маляўку, у літаратуры працуюць пісьменнікі-педагогі: Тамара Кавальчук, Тамара Краснова-Гусачэнка, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Іна Фралова, Валянціна Драбышэўская... 

Вось нядаўна выйшла асобнай кнігай апавяданне Валянціны Драбышэўскай „Любіна сукенка“. У творы — і вайна, і сучаснасць, і дзеці, для якіх патрыятызм — не пустое слова... Усё ў гэтым творы ёсць. 

Вазьміце паэзію... Найперш хацеў бы сказаць пра „Марыйку“, іншыя творы кіраўніка Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ Алеся Казекі. Яны і са сцэны гучаць, і ў друку заўважныя... А прачытайце дзіцячыя вершы Міхася Пазнякова, Валерыя Максімовіча, прысвечаныя дзяржаўным сімвалам, тэме гістарычнай свядомасці! Хіба гэта не мае адносін да патрыятычнага і палітычнага выхавання грамадства?!»

Ігар Марзалюк: «Грамадзянскасць і патрыятызм — неад’емная характарыстыка любога творчага чалавека, тым больш пісьменніка. Толькі ад нас залежыць: ці будзе існаваць незалежная беларуская дзяржава, ці будзе яна самастойна развівацца, ці будуць у гэтай дзяржаве культурныя коды, якія вызначаюць нашу нацыянальную непаўторнасць, самабытнасць, усё тое, што робіць нас беларусамі. Тут пытанняў няма! Але... Давайце не блытаць жанры. Я заўсёды з адкрытым забралам выказваўся, бо прафесійна займаюся палітыкай. Публіцыстыка — зусім іншая справа... 

А вось ці павенен, скажам, раманіст палемізаваць з якім-небудзь вар’ятам у сацыяльных сетках? Тым больш калі ён піша на экстрэмісцкім забароненым рэсурсе? Таксама пытанне, праўда? Наогул, форма выяўлення грамадзянскай пазіцыі можа быць сёння надзвычай рознай, нават доўгайграючай, але разам з тым умацоўваць падмурак нашай беларускай дзяржаўнасці, таго храма, імя якому — Беларусь. 

Перакананы, што Мікалай Іванавіч Чаргінец не саромеецца і выразна робіць гэта пры любой нагодзе, у любым інтэрв’ю. Алесь Карлюкевіч, Міхаіл Пазнякоў таксама не саромеюцца. Можна сказаць, што саромеецца пэўная частка творчай інтэлігенцыі. Але агулам абвінавачваць у адсутнасці патрыятызму, любові да сваёй дзяржавы беларускіх пісьменнікаў і іншых прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі як мінімум спрэчна. 

Тое, што творчая інтэлігенцыя павінна выяўляць сваю прынцыповую грамадзянскую пазіцыю, згодны. Яе ніхто не заменіць і не адменіць! Аднак якая павінна быць форма выказвання? Маніфест, падпісаны ўсімі? Адкрыты ліст, зварот да кагосьці? Калі нашы пісьменнікі выдаюць свае кнігі, якія, вядома, праходзяць праз Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь як сацыяльна значныя праекты, то гэта ўжо з’яўляецца фактам падтрымкі нашага беларускага «я». Ці не так? Добры прыклад — раман ганаровага старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца «Аперацыя „Кроў“». Гэтая кніга — адказ усім, хто фальсіфікуе беларускую гісторыю, сапраўдная падтрымка беларускай дзяржаўнасці, курсу на патрыятызм. Гэта расповед пра тую вялікую трагедыю і той гераізм, якія былі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Што тычыцца нейкіх іншых рэчаў, тут кожны адчувае меру сваёй адказнасці. У прыватнасці, я бяру ўдзел у вельмі важнай справе — стварэнні Нацыянальнага гістарычнага музея».

Міхаіл Пазнякоў: «Пісьменнік без любові да Радзімы — не пісьменнік. Мы ніколькі не саромеемся выказваць свае патрыятычныя пачуцці, паказваць, што стаім на трывалых дзяржаўных пазіцыях. Аб гэтым сведчаць нашы выступленні ў перыядычным друку, на радыё і тэлебачанні. Безумоўна, акрэсліваем патрыятызм і ў сваіх творах. Апрача гэтага, абавязкова праводзім гутаркі на патрыятычныя тэмы з чытачамі падчас творчых сустрэч у школах і гімназіях, ВНУ, у музеях і бібліятэках. А гэта не адна тысяча выступленняў за год. Тым больш вядзём размовы са слухачамі аб любові да Радзімы, яе мужнай гісторыі і дасягненнях у апошнія дзесяцігоддзі на „Уроках мужнасці“, якія пастаянна праходзяць у Мемарыяльнай зале Дома літаратара, а таксама ў навучальных установах, у „Школе актыўнага грамадзяніна“ падчас сумесных акцый і праектаў з дзяржаўнымі структурамі і грамадскімі арганізацыямі. Напрыклад, з такімі як „Белая Русь“, Фонд міру, Таварыства дружбы „Беларусь — Расія“ і іншыя. Наша аддзяленне штогод выдае некалькі калектыўных зборнікаў патрыятычнай накіраванасці. Напрыклад, „Две сестры: Беларусь и Россия“, „Пад мірным небам“, „Русь и Белая Русь — едины“, „Пад зоркай Перамогі“, „Победили. Перамаглі“ і іншыя. Рыхтуем штогод два выпускі альманаха „Армия и Культура“. Актыўна супрацоўнічаем з Міністэрствам абароны і Дзяржаўным пагранічным камітэтам Рэспублікі Беларусь».

Рагнед Малахоўскі: «Пісьменнікі не маўчаць. Лічу, што грамадзянская пазіцыя, патрыятызм, дзяржаўнасць пісьменніка ў першую чаргу праяўляюцца праз яго творы. Прачытаўшы той ці іншы верш, апавяданне, аповесць, дзённікавыя ці публіцыстычныя развагі, няцяжка зразумець, ці напісана гэта з любоўю і павагай да Радзімы, дзяржавы, людзей, наколькі глыбока атаясамлівае аўтар уласнае жыццё з лёсам краіны. Альбо прысутнічае нелюбоў, нянавісць, пагарда. У Саюзе пісьменнікаў Беларусі я не ведаю калег, чые творы выклікалі б негатыў. Пытанні, магчыма, могуць узнікаць толькі да тэхнічнай або мастацкай якасці асобных твораў. Рэгулярныя публікацыі на старонках дзяржаўных перыядычных выданняў, выступленні на радыё і тэлебачанні, удзел у святкаванні важных дзяржаўных дат — гэта і ёсць праяўленне актыўнай грамадзянскай пазіцыі. 

Калі чытаеш вершы класікаў беларускай літаратуры, не ўзнікае пытанняў пра іх грамадзянскую пазіцыю і патрыятызм, хоць пра палітыку там не было. 

І творы сённяшніх паэтаў (а на старонках „ЛіМа“, напрыклад, у 2024 годзе надрукавана больш за сто аўтарскіх падборак) гавораць самі за сябе. Пісьменнікі не саромеюцца, і бывае, што адзін верш скажа больш, чым доўгая прамова палітолага ці прапагандыста. Гэты верш можа быць, на першы погляд, на нейтральную тэму. Тысячы сустрэч за год пісьменнікі праводзяць у навучальных установах, бібліятэках, воінскіх часцях, працоўных калектывах. Звычайна яны безганарарныя, нават за дарогу творцы плацяць самі. Ці ж гэта не патрыятызм?!» 

Сяргей Міховіч: «Па спецыфіцы сваёй працы я бачу ў асноўным сітуацыю ў рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі, на беларускім тэлебачанні — ці ёсць там меркаванні прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, ці няма. 

А там іх амаль няма! Магчыма, нешта праходзіць па-за маёй увагай, таму не магу аб’ектыўна даваць ацэнку. 

Напрыклад, я ведаю, што прадстаўнікі СПБ праводзяць сустрэчы ў творчых калектывах, у школах, маладзёжных аўдыторыях. Актыўна працуе ў гэтым кірунку разам з калегамі Міхаіл Пазнякоў, кіраўнік Мінскай гарадской пісьменніцкай арганізацыі, таму сказаць, што пісьменнікі зусім схаваліся ад грамадскасці, нельга. 

Магчыма, не хапае актыўнасці прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі ў сацсетках, дзе яны могуць і павінны выказвацца. Гэта тое, што сёння карыстаецца найбольшай папулярнасцю, дзе найбольш гледачоў, слухачоў, чытачоў, дзе іх свядомая пазіцыя будзе данесена да большай колькасці нашых грамадзян, у чым ёсць вялікая патрэба. Менавіта там слова творцаў грамадзянскага, патрыятычнага характару сапраўды вельмі не хапае. І трэба неяк актывізаваць іх. 

Так, я малады член Саюза пісьменнікаў Беларусі, але мяркую, што маю права пра гэта казаць, бо даўно працую ў публіцыстыцы. І сам сваю пазіцыю актыўна выказваю на працягу многіх гадоў, а не толькі цяпер. У сваіх калонках рэдактара, у прыватнасці, пастаянна раблю гэта. Там ёсць і ацэнка палітычнай сітуацыі, і міжнародны парадак дня, і падтрымка курсу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Вядома, пішу і пра аграпрамысловы комплекс, і пра нашу вёску, там адбываюцца вялікія станоўчыя перамены — эканамічныя і сацыяльныя. 

Дарэчы, інтэлігент — гэта не толькі пісьменнік, мастак ці яшчэ хтосьці з прадстаўнікоў творчых прафесій. Ёсць інтэлігенцыя і сярод працоўнага класа, там шмат цікавых суразмоўцаў. Але гэта ўжо іншая тэма! 

Павінен сказаць, што проста выдатны прыклад паказваюць беларускія аналітыкі, эксперты, якія дзякуючы выпрабавальнаму для нашай дзяржавы 2020 году вельмі актывізаваліся. 

У розных СМІ шмат ацэнак, спрэчак, думак на сацыяльныя і палітычныя тэмы, яны, акрамя ўсяго іншага, развенчваюць фэйкі пра нашу краіну. Цяпер няма, як калісьці, дэфіцыту публічных выказванняў лідараў меркаванняў. Іх імёны ўсім вядомыя. Яны не саромеюцца выказвацца пастаянна, у тым ліку і падчас беспрэцэдэнтнага «Марафону адзінства». На іх фоне, канешне, малавата, мякка кажучы, актыўных меркаванняў прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, тых жа пісьменнікаў. Хацелася б, каб гэтага было больш! Калі падумаць — чаму іх так мала? Саромеюцца? Неяк наіўна казаць, што пісьменнікі саромеюцца выказаць публічна свой патрыятызм і дзяржаўнасць. Яны ж мастакі слова! Яны гэта ўмеюць і могуць. Ці ім не даюць магчымасці? Наадварот, заклікаюць да гэтага! А можа, не хочуць? Вось тут ужо іншая справа...»

Ірына Карэніна: «Саромецца казаць аб любові да Радзімы, на мой погляд, — своеасаблівая хвароба, і яе трэба лячыць. Я выдатна памятаю, як і калі гэтая тэндэнцыя пачала набіраць сілу — яшчэ ў савецкія часы вялікі «ўклад» у гэты кірунак унесла «шасцідзясятніцтва»: жыццё за кошт дзярждапамогі і, прабачце, кукіш у кішэні — гэта быў такі агульны стыль, уласцівы інтэлігенту. Тады ж увайшло ў моду ганьбіць сваё і аддана любіць замежнае — жвачку, джынсы, галоўнае, каб на этыкетцы надпіс быў лацінкай. Так, былі аб’ектыўныя прычыны для такога стаўлення: недахоп тавараў народнага спажывання і ў выніку — бытавая неўладкаванасць. За гады незалежнасці Беларусь усё гэта не проста пераадолела з гонарам — якасць жыцця ў краіне цяпер значна вышэйшая, чым дзе-небудзь за мяжой. Аднак у некаторай часткі людзей звычка ганьбіць сваё і захапляцца чымсьці замежным, якое здалёк уяўляецца вельмі прыгожым, захавалася: не буду казаць, што ў нашым сённяшнім жыцці гэты трэнд цалкам знік. Ёсць яшчэ тыя, хто так і не навучыўся цаніць сваё. 

І ёсць яны не толькі сярод інтэлігенцыі: вечна незадаволеных, якім усё і заўсёды не так, можна сустрэць дзе заўгодна, у любых сацыяльных пластах. Ім і каўбаса ў Германіі смачнейшая (няпраўда!), і рэчы, пашытыя ў найбяднейшых краінах Азіі, але з лэйблам вядомага заходняга брэнда, мілейшыя за якасныя айчынныя. Тых вялізных, беспрэцэдэнтных па сусветных мерках сацыяльных гарантый, якія дае сёння наша суверэнная дзяржава сваім грамадзянам, яны зусім не бачаць, хоць імі карыстаюцца.

Згадваю адзін дыялог, які адбыўся ў мяне гадоў пятнаццаць таму з нейкім апазіцыйным літаратарам: ён з асалодай падлічваў, наколькі вялікая ў Германіі дапамога па беспрацоўі і як выдатна на гэтыя грошы мог бы жыць. Гэта значыць, удумайцеся: мара пісьменніка і выдаўца, так бы мовіць, «уладара дум» — з’ехаць за мяжу і там лайдачыць, жывучы захрыбетнікам! Пры гэтым паскудзіць з-за мяжы роднай краіне.

Уласна, пра такую вось гарластую «інтэлігенцыю» мне ўсё стала зразумела яшчэ тады, у 2020 годзе. Яны проста выказалі свае мары ва ўвесь голас, толькі і ўсяго. Але, на шчасце, мараць аб тым, каб закупляцца ў жабрацкай польскай «Бедранцы», у нас усё менш: хтосьці з’ездзіў, паспытаў «свабоды» разам з прадуктамі, тэрмін якіх ужо выйшаў, і зразумеў, што да чаго, іншыя нарэшце скінулі з плячэй гэты цяжар: хваляць сваю краіну неяк сарамліва, з аглядкай. Мяне асабіста цешаць нават ролікі ў TikTok: вялізная колькасць беларусаў паказвае, распавядае, як жывецца ў вёсцы, як яны развіваюць сваю фермерскую гаспадарку ці малы бізнес. Так, вядома, не ўсё ідэальна, ёсць куды расці ў тым ліку ў сферы культуры, але гэта пытанне часу і намаганняў, якія павінен прыкладваць кожны з нас».

— Дык ці могуць сёння пісьменнікі ўплываць на грамадскую думку?

А. К.: «Паўтаруся. Найперш уплываць на грамадскую думку пісьменнікам варта праз мастацкія творы. Тыя сімвалы, вобразы, тыя сюжэты, якія аўтары закладваюць у вершы, паэмы, апавяданні, аповесці і раманы, павінны быць пераканаўчымі. Іншая справа, што папяровыя выданні — як кнігі, так і літаратурна-мастацкая перыёдыка — не карыстаюцца такой увагай шырокага грамадства, як было некалькі дзесяцігоддзяў назад. Таму, відавочна, удзел у рабоце медыяпрасторы, асабліва электроннай, лічбавай, як, дарэчы, і жывыя сустрэчы з людзьмі (а іх пісьменнікі і ў сталіцы, і ў рэгіёнах праводзяць неверагодна шмат), — справа надзвычай важная».

І. М.: «Я перакананы, што кожны, хто піша, можа ўздзейнічаць на грамадскую думку словам, трансляцыяй сваіх сэнсаў. Дарэчы, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі выразна адлюстроўваюць сваю пазіцыю на старонках газеты „Літаратура і мастацтва“. Дастаткова пагартаць нумары выдання, каб пераканацца, што тыя, хто ўваходзіць у наш творчы саюз, не хаваюць ні свае погляды, ні свае памкненні, ні свой патрыятызм. Надзвычай яскрава выказаўся ў рубрыцы „Час выбіраць“ цяперашні міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі (№ 44, 22 лістапада 2024 года). Яго як прадстаўніка творчай інтэлігенцыі можна нават цытаваць!»

М. П.: «Пэўныя нашы пісьменнікі маюць адметную магчымасць уплываць на грамадскую думку, бо працуюць у дзяржаўных структурах і арганізацыях, у выдавецтвах і рэдакцыях выданняў, на радыё і тэлебачанні, ва ўстановах адукацыі і культуры, у грамадскіх арганізацыях, на прадпрыемствах. Іх голас мае і павінен мець вялікае значэнне. Але трэба, безумоўна, працаваць з большым імпэтам, павышаць пісьменніцкі аўтарытэт у грамадстве праз усю сваю дзейнасць, як творчую, так і культурна-асветніцкую. Гэта мы ў Саюзе пісьменнікаў і стараемся рабіць, на гэта накіраваны нашы планы і задачы. Толькі на рахунку сталічнай пісьменніцкай арганізацыі штогод выхад 110–120 аўтарскіх кніг, амаль дзве тысячы публікацый у перыёдыцы, звыш шасці тысяч выступленняў у самых розных аўдыторыях. 

Важна разам з Міністэрствам культуры арганізоўваць спецыяльныя творчыя паездкі па ўсіх гарадах краіны. Упраўленням і аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі, упраўленням і аддзелам культуры больш актыўна супрацоўнічаць з Саюзам пісьменнікаў Беларусі і яго аддзяленнямі. У савецкі час такія функцыі выконвала Бюро прапаганды мастацкай літаратуры, дзяржаўная структура, арганізатары работы якой былі ў многіх гарадах. Аднавіць такую стуктуру было б важным укладам у выхаванне насельніцтва праз мастацкую літаратуру, далучэнне яго да сумленнага, высокага, патрыятычнага Слова».

Р. М.: «Можна запісаць ролік па нейкім надзённым грамадска-палітычным пытанні і закінуць яго ў сацсеткі. 

Але для сапраўднага творцы — гэта драбнавата. А вось напісаць верш ці апавяданне, пасля прачытання якога, напрыклад, студэнт стане ганарыцца, што ён грамадзянін Беларусі, ці пенсіянер пераканае ўнукаў вярнуцца з замежных заробкаў на Радзіму — такія рэчы вартыя павагі.

Усе абласныя аддзяленні СПБ і Мінскае гарадское рэгулярна рэалізоўваюць самыя розныя патрыятычныя праекты. Напрыклад, Мінскім абласным аддзяленнем цягам апошняга часу падрыхтаваны, выдадзены і распаўсюджаны калектыўны зборнік мастацкіх твораў „Званоў перазвон“, прысвечаны Хатынскай трагедыі і памяці спаленых вёсак Міншчыны, песенны зборнік „Радзімы песенныя сцежкі“ і інш. Ёсць даволі амбіцыйныя планы на будучыню. Упэўнены, і надалей, адчуваючы пульс жыцця краіны, голас пісьменніка не змоўкне і будзе служыць толькі на карысць Беларусі».

С. М.: «Яшчэ Янка Купала пісаў:

З цэлым народам гутарку весці,
Сэрца мільёнаў падслухаць біцця —
Гэткай шукаю цэлы век чэсці,
Гэта адно мне падпорай жыцця.

Гэта прыклад таго, як пісьменнікі і паэты могуць выказацца сёння праз мастацкае слова публічна. Яны могуць узяць удзел у тым жа «Марафоне адзінства», які праходзіць цікава, масава па ўсёй Беларусі. Многія дзеячы мастацтва актыўна ўдзельнічаюць у гэтых мерапрыемствах. Але не ўсе, і пісьменнікаў там яўна малавата... У рэгіёнах ёсць дастаткова лідараў меркаванняў, хто пры магчымасці таксама мог бы далучыцца да гэтай справы. Можна выступіць у працоўных калектывах па месцы жыхарства — таксама карысная справа. Мабыць, пра яе і не заўседы напішуць газеты, гэта не пакажуць на тэлебачанні. Але галоўнае цяпер — сапраўды не маўчаць, не быць абыякавым да лёсу сваёй краіны. Пісьменнікам, іншым творцам нашы людзі давяраюць, таму, калі яны актывізуюцца цяпер, канешне, — вялікая падтрымка нашага курсу. 

Магчыма, хтосьці і піша свае грамадзянскія вершы ці прозу, але робіць гэта ціхенька, дзесьці ў куточку, як кажуць, у стол. А трэба — на людзях, публічна не маўчаць, бо да завяршэння электаральнай кампаніі засталося мала часу. Мастацкі твор, канешне, хутка не напішаш, таму трэба аператыўна выказвацца праз СМІ. Нашы людзі разумеюць шчырае добрае слова, трэба толькі ісці на сустрэчы з імі, а не пужацца і не саромецца. А галоўнае — жадаць выказацца!

Можа, тое, што скажу зараз, не зусім у кантэксце тэмы круглага стала... Але хацелася б таксама сказаць і пра важнасць беларускага патрыятычнага кіно, тэатра.

Канешне, ужо не паспееш напісаць за такі невялічкі тэрмін кнігу, сцэнарый і тым больш не паспееш зняць фільм ці зрабіць пастаноўку. Але гэта важна не толькі цяпер — наогул. Няўжо ніхто не можа стварыць, напрыклад, твор па падзеях 2020 года? Такі фільм чакаюць гледачы. Як пісаў Васіль Быкаў пра Сотнікава ў час Вялікай Айчыннай вайны... Праводжу менавіта такую паралель, тут таксама тэма здрады і патрыятызму. Мізэрны працэнт былых нашых суайчыннікаў у 2020-м здрадзілі сваёй роднай Беларусі, купіліся на заходнія каштоўнасці, абяцанкі і пайшлі супраць усяго беларускага народа... Няўжо нашы паважаныя творцы, сцэнарысты, пісьменнікі, кінематаграфісты сапраўды такія занятыя, што ніхто не можа прысвяціць твор гэтай няпростай, але надта цікавай драматычнай падзеі? Вельмі хацеў бы, каб мяне пачулі».

І. К.: «Азірніцеся на свет, на тое, што ў ім адбываецца: часы цяпер трывожныя, па суседстве з намі грыміць вайна, і гэта не можа не адбівацца на светаўспрыманні беларускай нацыі. Inter arma silent Musae — калі размаўляе зброя, музы маўчаць. Вядома, Цыцэрон меў на ўвазе не тое, што пісьменнікі не пішуць творы або музыканты закідваюць інструменты ў каморку, хутчэй, тое, што мастацтва сыходзіць у цень, калі над светам згушчаюцца хмары. Але можна трактаваць і інакш: любыя грозныя падзеі патрабуюць асэнсавання, а яно, у сваю чаргу, патрабуе часу. Душэўная праца не робіцца па пстрычцы і да зададзенага тэрміну. Па гарачых слядах рэдка ствараецца нешта па-сапраўднаму маштабнае і сур’ёзнае. Сапраўды значныя творы, у паэзіі ці ў прозе, у музыцы, нараджаюцца праз гады. Ёсць выключэнні накшталт „Ленінградскай сімфоніі“ Шастаковіча, але яны толькі пацвярджаюць правіла. Цяперашняя эпоха яшчэ атрымае сваё адлюстраванне ў літаратуры. Беларускія аўтары ўнясуць сваю лепту ў асэнсаванне таго, што адбываецца. А пакуль галоўнае — аберагаць сваё, нягледзячы ні на якія „аўтарытэтныя меркаванні“ і вокрыкі з-за мяжы, на нейкія насмешкі або крыўды».

Прэв’ю: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю