У аграгарадку Моталь Іванаўскага раёна працягваецца рэалізацыя грамадзянскай ініцыятывы «Урочышча Крыніца — Жыватворны ключ». Сёлета яна стала пераможцам адкрытага конкурснага адбору праектаў грамадзянскіх ініцыятыў Брэсцкай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Праект накіраваны не толькі на добраўпарадкаванне вядомай мясцовай крыніцы, але і на захаванне гістарычнай памяці, развіццё турыстычнага патэнцыялу рэгіёна і кансалідацыю мясцовай супольнасці.
Сапраўдны скарб
Непадалёк ад Моталя знаходзіцца крыніца, якая стала адным з сімвалаў аграгарадка. Паводле даследаванняў геолагаў, тэмпература вады ў ёй у любую пару года застаецца нязменнай — 9,4 °С цяпла. Менавіта гэтая прыродная асаблівасць, а таксама даўнія мясцовыя традыцыі зрабілі крыніцу сапраўднай адметнасцю краю.
Старшыня Мотальскага сельскага Савета дэпутатаў Этэры ПТАШЫЦ адзначае, што для мясцовых жыхароў гэта не проста крыніца з чыстай вадой:
— Гэта сапраўдны скарб, падораны прыродай! Пасля завяршэння работ крыніца можа стаць пунктам турыстычнага маршруту і візітнай карткай Моталя. Вельмі важна захаваць веды пра яе як пра часцінку нашай малой радзімы.
Святое месца
Адпраўной кропкай рэалізацыі праекта стала ініцыятыва прыхаджан храма Праабражэння Гасподняга. Яны прапанавалі не толькі аднавіць тэрыторыю каля крыніцы, але і стварыць паўнавартасную прастору для адпачынку і прыёму гасцей. Праект прадугледжвае добраўпарадкаванне аўтамабільнай стаянкі, будаўніцтва зон адпачынку для турыстаў, а таксама далейшае развіццё ўсёй тэрыторыі.
Гісторыя гэтага месца пачалася значна раней. Але каля дзесяці гадоў таму школьнікі ўжо ўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні крыніцы, пасля чаго сюды сталі рэгулярна прыходзіць навучэнцы разам з педагогамі, а таксама жыхары Моталя і навакольных вёсак.
Новы этап аднаўлення звязаны з настаяцелем прыхода храма Праабражэння Гасподняга і благачынным Іванаўскай царкоўнай акругі іерэем Пятром КІСЯЛЁМ. Менавіта пасля яго прыезду ў Моталь пачалося сістэмнае адраджэнне гэтага святога месца.
Свяшчэннік успамінае, што яшчэ ў даваенныя і савецкія часы каля крыніцы знаходзілася капліца, якая карысталася вялікай павагай сярод мясцовых жыхароў:
— Калі я прыехаў у Моталь, мне адразу паказалі месца, дзе калісьці стаяла капліца. Людзі заўсёды хадзілі сюды па ваду, а да самой крыніцы ставіліся з вялікай павагай. Нават хатнюю жывёлу сюды не пускалі, каб не апаганіць святое месца.
Праверка паказала, што вада адпавядае ўсім неабходным паказчыкам якасці. Гэта яшчэ больш умацавала жаданне вярнуць святыню да жыцця.
За апошнія гады была адноўлена капліца, амаль завершана ўзвядзенне будынка для акунання ў крынічную ваду, прабурана і механізавана яшчэ адна свідравіна, каб людзі не стаялі доўга ў чэргах па ваду. Тэрыторыю ўпрыгожылі кветкамі, дэкаратыўнымі млыном і калодзежам. У перспектыве плануецца добраўпарадкаваць пад’язную дарогу. Тут будуць праводзіцца малебны, акафісты, асвячэнне вады і абрады хрышчэння. Побач ужо падведзена электразабеспячэнне, пабудавана падстанцыя і ўсталяваны помпы для больш зручнага набору вады.

Рашэнне некалькіх задач
Асобная ўвага надаецца развіццю турызму. Плануецца стварыць веласіпедны маршрут «Мотальскі музей — Крыніца — возера Дзедавіцкае». Паводле задумы, турысты ў суправаджэнні экскурсавода будуць знаёміцца з гісторыяй Моталя, наведваць асноўныя славутасці, а пасля — адпачываць каля крыніцы, набіраць ваду і карыстацца новымі альтанкамі.
Як адзначае Этэры Пташыц, праект адначасова выконвае некалькі важных сацыяльных задач:
— Гэта і згуртаванне мясцовай супольнасці, і папулярызацыя здаровага ладу жыцця, і экалагічнае выхаванне моладзі, і захаванне гістарычнай памяці. Акрамя таго, добраўпарадкаваная тэрыторыя робіць наш аграгарадок больш прывабным для турыстаў.
Сярод асноўных партнёраў — прыход храма Праабражэння Гасподняга, Мотальскі сельвыканкам, Мотальскі сельскі Савет дэпутатаў, ААТ «Агра-Моталь», ВК «Моталь», СФГ «Шыкалаеўскае», ТАА «ЯнЛайн», ПУП «Пташыц», ПВУП «Шыкалай», дзве агульнаадукацыйныя школы аграгарадка Моталь і іншыя прадпрымальнікі.
Збор неабходных сродкаў стаў магчымым дзякуючы высокай актыўнасці мясцовых жыхароў. Адзінай складанасцю, паводле слоў старшыні сельскага Савета, былі сціслыя тэрміны, бо неабходную суму трэба было сабраць прыкладна за два тыдні.
.jpg)
— Людзі адразу падтрымалі ідэю аднаўлення капліцы, — сведчыць айцец Пётр. — Многія казалі проста: «Трэба рабіць». Старажылы добра памятаюць ранейшую капліцу, для іх яна звязана з успамінамі пра дзяцінства і маладосць. Таму яны з вялікім энтузіязмам уключыліся ў гэтую справу.
Поспех такіх праектаў заўсёды пачынаецца з актыўнасці саміх жыхароў, упэўнена Этэры Пташыц:
— Толькі разам мы — сіла. Адзін чалавек можа прапанаваць ідэю, але сапраўды змяняюць жыццё вакол сябе толькі згуртаваныя супольнасці.
Агульны каштарыс грамадзянскай ініцыятывы складае 50 тысяч рублёў. Згодна з умовамі конкурсу, 10 %, або 5 тысяч рублёў, сабралі жыхары сельсавета і мясцовыя арганізацыі. Яшчэ 45 тысяч рублёў былі выдзелены ў рамках конкурснага фінансавання. Пры гэтым, як адзначае Этэры Пташыц, падтрымка праекта працягваецца і партнёры гатовы дапамагаць яму і надалей.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Іванаўскага райвыканкама