Памятны знак у гонар ліквідатараў Чарнобыльскай аварыі —
першы ў Віцебскай вобласці —
з’явіўся ў Оршы.
З’яўленне знака «Памяці ліквідатараў Чарнобыльскай аварыі» у аршанскім гарадскім парку культуры і адпачынку — вынік рэалізацыі грамадзянскай ініцыятывы, падтрыманай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Як расказаў кіраўнік ініцыятыўнай групы Андрэй Куратнікаў, зводныя атрады з ліку супрацоўнікаў сілавых структур, работнікаў медыцынскіх устаноў і прамысловых прадпрыемстваў з усіх раёнаў рэспублікі, у тым ліку Аршанскага, фарміраваліся на добраахвотнай аснове і штомесяц накіроўваліся на забруджаныя тэрыторыі для аховы грамадскага парадку, ліквідацыі наступстваў аварыі, выканання іншых задач. Аўтары праекта грамадзянскай ініцыятывы з ліку актывістаў і нераўнадушных гараджан выканалі ў 2025 годзе вялізную папярэднюю работу: распрацавалі эскіз, правялі конкурс сярод мастакоў, атрымалі неабходныя ўзгадненні ў НАН і Мінкульце.
Самі гараджане актыўна ўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні тэрыторыі.
Барэльеф, аўтарам якога з’яўляецца скульптар, член Беларускага Саюза мастакоў Аляксей Яўсееў, устаноўлены на жалезабетоннай аснове. Мастацкая кампазіцыя выканана з чорнага граніту. Фігура пажарнага закрывае сабою расколіну ў пліце, за якой віднеецца элемент з чырвонага граніту, што сімвалізуе агонь.
Памятны знак «Рэха Чарнобыля» ўрачыста адкрылі ў аграгарадку Стралічава Хойніцкага раёна.
— Гранітны пастамент са звонам і калонамі сімвалізуе тое, што мы знаходзімся заўсёды пад Божай апекай, і нягледзячы ні на што, жывём з верай у будучыню, — аб ідэі праекта расказала кіраўнік ініцыятыўнай групы, жыхарка Стралічава Наталля Кавалёва. — На граніце — карта сельсавета і пазначаныя вёскі, якія зніклі пасля аварыі на ЧАЭС, і населеныя пункты, якія працягваюць жыць, ды бусел закрывае сваімі крыламі нас ад любых нягод, дапамагае нам рухацца наперад.
Рэалізавалі ініцыятыву дзякуючы перамозе ў конкурсным адборы Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Акрамя ўстаноўкі самога памятнага знака вяскоўцы добраўпарадкавалі і прылеглую тэрыторыю, стварылі зону сямейнага адпачынку.
Грамадзянскую ініцыятыву «Душа баліць — тут быў наш дом...» на месцы адселенай вёскі Асавы рэалізавалі ў Ельскім раёне.
— Сёлета ўжо 33 гады як гэты населены пункт, некалі вельмі жывое, бойкае месца каля трасы Мазыр-Оўруч, знікла з карты раёна. У 1993-м жыхароў вёскі перасялілі ў спецыяльна пабудаваныя кватэры ў Ельску, а апусцелыя дамы і гаспадарчыя пабудовы былі пахаваны. Пра Асавы нагадвае толькі памятны знак каля дарогі. Мы, удзельнікі ініцыятыўнай групы, сумесна з жыхарамі Дабрынскага сельсавета і валанцёрамі вырашылі добраўпарадкаваць гэта памятнае месца, — расказаў старшыня
Дабрынскага сельсавета Васіль Сакула.
Як звярнула ўвагу член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч, сёння на Гомельшчыне шырокую падтрымку і развіццё атрымліваюць грамадзянскія ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэнне якасці жыцця людзей, добраўпарадкаванне населеных пунктаў і ўвогуле развіццё патэнцыялу той ці іншай тэрыторыі. Выдатная магчымасць для жыхароў раёнаў рэалізаваць праекты — удзел у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў.
— У рэгіёне на іх падтрымку сёлета накіравана 750 тысяч рублёў. Гэта роўна ўдвая больш, чым летась. А разам з тымі сродкамі, якія сабрала насельніцтва, агульная сума складае амаль 840 тысяч рублёў. І тут важны не толькі сам рост фінансавання, а і рост даверу паміж уладай і грамадствам, — падкрэсліла старшыня абласнога Саветаў дэпутатаў.
Святлана ЯКАЎЛЕВА,
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота з адкрытых крыніц