Дзяржаўных узнагарод і Падзякі Прэзідэнта Беларусі ўдастоены 39 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці, а таксама адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Планар» і «ІНТЭГРАЛ» — кіруючая кампанія холдынга «ІНТЭГРАЛ». Адпаведны ўказ падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамляе БелТА.
Ордэнаў, медалёў і ганаровых званняў яны ўдастоены за шматгадовую плённую працу, прафесіяналізм, высокія вытворчыя паказчыкі і значныя вынікі ў службовай дзейнасці, уклад у забеспячэнне грамадскай бяспекі, папярэджанне і ліквідацыю надзвычайных сітуацый, развіццё ваенна-прамысловага і аграпрамысловага комплексаў, нафтавай прамысловасці, мікраэлектронікі і транспартнай галіны, выдатныя дасягненні ў геалогіі, сферах навукі, аховы здароўя, адукацыі, культуры і спорту.
Ордэнам Працоўнай Славы ўзнагароджаны адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Планар» і «ІНТЭГРАЛ» — кіруючая кампанія холдынга «ІНТЭГРАЛ».
Ордэна Пашаны ўдастоены намеснік старшыні па вытворчасці СВК імя Дзеньшчыкова Гродзенскага раёна Генадзь Эйсмант.
Медалём «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку» адзначаны заслугі начальніка аддзела па барацьбе з незаконным перамяшчэннем наркотыкаў Аператыўнай мытні Яўгена Барадзіна, старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах аддзела барацьбы з кантрабандай ДМК Яўгена Галянькова і намесніка начальніка гэтага аддзела Таццяны Цвыркоўскай.
Чатыры супрацоўнікі органаў і падраздзяленняў па НС удастоены медалёў «За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый». Гэта старшы памочнік начальніка цэнтра аператыўнага ўпраўлення Гродзенскага гарадскога аддзела па НС Уладзімір Бурчык, начальнік аддзела сувязі і апавяшчэння Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «ЗУБР» Дзмітрый Кавалеўскі, начальнік цэнтра аператыўнага ўпраўлення Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Аляксандр Кісель і старшы інструктар-выратавальнік пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 18 Фрунзенскага РАНС Мінска Яўген Юнцэвіч.
Вялікая група работнікаў розных прадпрыемстваў і арганізацый адзначана медалямі «За працоўныя заслугі». Сярод іх - начальнік цэха па здабычы нафты і газу № 2 «Рэчыцанафты» Эдуард Бусел, дацэнт кафедры кормавытворчасці Віцебскай ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Надзея Зянькова і трактарыст-машыніст ААТ «Ханявічы» Свіслацкага раёна Іван Шаболік.
Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны прафесар кафедры ветэрынарна-санітарнай экспертызы Віцебскай ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Марыя Бабіна і загадчыца Мірскага сельскага Дома культуры, кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага тэатра эстрады «Капелька» Ларыса Довят.
Ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі прысвоена намесніку дырэктара па навуковай рабоце Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Сяргею Краснаму.
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела геалогіі і мінерагеніі платформеннага чахла філіяла «Інстытут геалогіі» РУП «НПЦ па геалогіі» Наталля Пятрова ўдастоена ганаровага звання заслужанага геолага.
Трэнеру-выкладчыку па боксе Гродзенскага абласнога комплекснага цэнтра алімпійскага рэзерву Аляксею Волчану прысвоена ганаровае званне заслужанага трэнера.
Ганаровага звання заслужанага работніка прамысловасці ўдастоены намеснік генеральнага дырэктара па наземнай тэхніцы і знешнеэканамічных сувязях ААТ «Пеленг» Сяргей Літвякоў і галоўны тэхнолаг — начальнік аддзела тэхналогіі вытворчасці алкагольнай прадукцыі ААТ «Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод «Белалка» Людміла Марчук.