Бывае, у дзяцінстве захопішся коміксамі і неўпрыкмет для сябе і навакольных станеш прафесійным мастаком. Менавіта так і адбылося ў жыцці Аляксандра Кудрашова з Беразіно. Яшчэ калі быў школьнікам, наведваўся ў бібліятэку, доўга заседжваўся за часопісамі, капіраваў коміксы, затым размалёўваў. Аддаваў перавагу героям мультфільма «Чарапашкі-ніндзя», кожны з якіх насіў знакавае імя, вядомае ў сусветнай культуры: Данатэла, Леанарда, Мікеланджала, Рафаэль. Дома развешваў іх партрэты ў сваім пакоі. Паступова цікавасць пераключалася на іншыя аб’екты: маляваў тэхніку, дзіцячыя аўтамабільчыкі.
І хоць цяпер чарапашкі-ніндзя выклікаюць у мастака настальгічную ўсмешку, аднак менавіта коміксы сталі зыходным пунктам, з якога пачаўся творчы шлях.
— Калі ў дзяцінстве займаешся маляваннем коміксаў, міжволі прыходзіш да таго, каб самому пачаць прыдумляць нейкіх герояў, дадумваць сюжэты, вынаходзіць кампазіцыі, і гэта вельмі сур’ёзна зацягвае, захоплівае, — успамінае майстар.
Своечасова заўважылі
Аляксандру Кудрашову пашанцавала, талент да малявання быў заўважаны своечасова. Бацькі адправілі вучыцца ў мастацкую школу да вядомай на Бярэзіншчыне выкладчыцы-мастачкі Людмілы Хадасок. Школа ў той час размяшчалася ў будынку раённай бібліятэкі на другім паверсе. У першай палове дня хлопчык спяшаўся сюды і натхнёна маляваў, а пасля абеду ішоў на заняткі ў Бярэзінскую гімназію, дзе вучыўся да пятага класа.
— У старадаўнія часы мастакі ездзілі па гарадах і вёсках правінцыі, вышуквалі таленты, а ў наш час дзякуючы мастацкай школе з гэтым стала прасцей. Праз год заняткаў наша настаўніца Людміла Віктараўна прапанавала маім бацькам і бацькам яшчэ двух выхаванцаў адправіць нас паступаць у спецыяльную школу пры Мінскім каледжы мастацтваў. Тут пачыналі вучобу вядомыя майстры.
І нам, тром хлопцам, выхаванцам мастацкай школы, пашчасціла паступіць у гэтую знакамітую ўстанову, у якой рыхтавалі будучых мастакоў і музыкантаў.
Пра натхненне
Сярод крыніц натхнення Аляксандра Кудрашова — музыка і літаратура, пра што сведчаць многія яго работы. Любіць фэнтэзі, сай-фай, космаоперу. Асаблівае месца ў душы займае сучасная беларуская літаратура. Аддае перавагу творчасці Андрэя Федарэнкі, Генадзя Бураўкіна, Сержа Мінскевіча, сучасных паэтаў. Дарэчы, у Бярэзінскай раённай бібліятэцы можна ўбачыць вялікі партрэт усмешлівага чалавека ў капелюшы, навеяны вобразам добрага чараўніка Гэндальфа з класічнай сагі «Уладар пярсцёнкаў» Джона Р. Р. Толкіена. Асаблівая крыніца натхнення — творчасць Шэкспіра.
Літаратурныя шэдэўры сусветнай класікі дапамагалі ўключыцца ў творчы працэс, калі Аляксандр асвойваў манументальна-дэкаратыўнае мастацтва ў акадэміі, якую скончыў у 2015-м. Дыпломнай работай стала манументальнае пано «Арфей» для малой сцэны Беларускага тэатра драмы — малады майстар інтэрпрэтаваў на сучасны лад міф Старажытнай Грэцыі.
— Мне падабаюцца манументальныя рашэнні, да іх патрэбен асаблівы падыход. Бо, калі малюеш павялічаны партрэт аб’екта, напрыклад, матылька, вельмі важнай становіцца правільная падача, каб ён «жыў» у вачах гледача і не ператварыўся ў дыназаўра. Але ж мне падабаецца таксама сучаснае мастацтва, у першую чаргу сюжэтны і класічны жывапіс. Калі з эцюднікам выбіраюся на прыроду, нараджаюцца сюжэты і ідэі, як разгарнуць пейзаж, бо ён здольны расказаць цэлую гісторыю, нібы літаратурны твор.
На асаблівым рахунку
У старадаўнія часы мастаку плацілі залатымі гульдэнамі — роўна столькі, колькі манетак змесціцца на палатне. У наш час меркі зусім іншыя, і адзін з галоўных крытэрыяў, якія матывуюць творцу, — узровень яго ўласнай цікавасці да работы.
Аляксандру даводзілася працаваць і ў рэкламнай сферы, і на кінастудыі «Беларусьфільм».
— На кінастудыі мастакі працуюць над дэкарацыямі, там свая спецыфіка, бо кожны здымачны дзень неабходна нешта новае. Здаралася, да аднаго дня здымак даводзілася рыхтавацца два тыдні. Для расійскага серыяла «Ангел-хранитель» ствараў абраз у тэхніцы вітража: па сюжэце дзеянне адбываецца пасля вайны, і абраз выкрадаюць зламыснікі. Наогул, шмат у якіх карцінах трэба было дэкарыраваць: у расійскім, беларускім і нават індыйскім кіно. Вопыт ужо дастатковы!
Бярэзінскі мастак удзельнічаў у маладзёжных рэспубліканскіх выстаўках у Палацы мастацтва ў Мінску, у праекце «Арт-горад», для якога ствараў эскіз інсталяцыі. Пазней інсталяцыю ў натуральную велічыню ўсталявалі ў скверы Сімона Балівара ў сталіцы. Найлепшай сваёй работай Аляксандр Кудрашоў лічыць дыптых «Навагрудскія вежы». У Беразіно пазнаёміцца з яго творамі можна ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, дзе размешчана цэлая выстаўка карцін аўтара. Уласна тут ён працуе мастаком-афарміцелем, а яшчэ інжынерам-электронікам, удзельнічае ў разнастайных культурна-масавых мерапрыемствах з удзелам бібліятэкі.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ
Фота Алены ГРОМАВАЙ