Як кажуць, чалавеку хочацца з радасцю кожнай раніцай ісці на работу і кожны вечар з радасцю вяртацца дадому. Але не заўсёды працоўны дзень заканчваецца паспяхова. Здараецца, што чалавек падчас працы можа апынуцца ў бальніцы. А бывае яшчэ горш... Аб тым, што спрыяе такім выпадкам, якую адказнасць нясуць кіруючыя асобы і што неабходна, каб пазбегнуць надзвычайных сітуацый, карэспандэнту «Звязды» расказала следчы па асабліва важных справах УСК па Мінскай вобласці падпалкоўнік юстыцыі Алеся ГАРА.
Не стой пад стралой!
— Хачу прывесці некалькі прыкладаў — па гэтых выпадках ужо ўступілі ў сілу прысуды, — пачынае размову Алеся Анатольеўна. — Першы — у дачыненні да загадчыка машыннага двара аднаго з прадпрыемстваў Слуцкага раёна. Ён не забяспечыў неабходны кантроль за правядзеннем рамонтных работ на аб’екце, у выніку чаго на аднаго з працуючых упала з кран-бэлькі жалезная крышка, прычым упала на галаву. Як удалося высветліць, дадзеная кран-бэлька не праходзіла вызначанага заканадаўствам абслугоўвання і агляду. У выніку чаго з-за вібрацыі раскруціліся гайкі, і калі малады чалавек выконваў вытворчае заданне, ён атрымаў адкрытую чэрапна-мазгавую траўму і іншыя пашкоджанні галавы, плюс пераломы рэбраў. На шчасце, не загінуў. Па прыгаворы суда загадчыку машыннага двара прызначана пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з забеспячэннем права бяспекі вытворчасці і аховы працы, тэрмінам на тры гады.
Следчы па асабліва важных справах падкрэсліла, што падобных выпадкаў, на жаль, адбываецца нямала. Напрыклад, толькі за мінулы год у Мінскай вобласці такіх здарэнняў налічвалася больш за дзвесце.
Злашчасны катлаван
Прывяла Алеся Гара і яшчэ адзін прыклад. Трагедыя са смяротным зыходам адбылася ў Валожынскім раёне.
Начальнік участка быў накіраваны з брыгадай на распрацоўку грунту ў катлаване з наступнай кладкай ПВХ трубы. Усе работнікі былі азнаёмлены з правіламі бяспекі, ва ўсіх меўся пэўны вопыт правядзення падобных работ. Вось і падумаў кіраўнік, што кантраляваць сваіх падначаленых залішне, таму на аб’екце ён не знаходзіўся і ход работ не кантраляваў. А катлаван, між іншым, быў выкапаны няправільна, але галоўнае — у ім не былі ўсталяваны ахоўныя шчыты, якія прадухіляюць спаўзанне грунту.
Пасля заканчэння работ у перадабедзенны час выявілася, што ў катлаване забыта рыдлёўка. На гэта звярнуў увагу даволі адказны і старанны работнік, які пры адсутнасці начальніка ўчастка кантраляваў ход выканання работ. Ён вырашыў сам вярнуцца за ёй. І, нягледзячы на перасцярогі калег, саскочыў у катлаван. У гэты момант адбылося абвальванне грунту. Уся брыгада дружна кінулася адкопваць таварыша, выклікалі службу ратавальнікаў. Аднак чалавек загінуў.
Па выніках праведзеных экспертыз вінаватым у здарэнні быў прызнаны начальнік участка, які не забяспечыў выкананне патрабаванняў па ахове працы, бяспечную вытворчасць работ, звязаных з павышанай небяспекай, якія патрабуюць ажыццяўлення спецыяльных арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў і належную падрыхтоўку месца правядзення работ. Але самая вялікая віна гэтага кіраўніка заключаецца ў яго адсутнасці на месцы правядзення работ і, адпаведна, у адсутнасці пастаяннага кантролю. Бо галоўнае было — замацаваць ахоўныя шчыты, што дапамагло б пазбегнуць трагедыі.
Прысуд Валожынскага раённага суда — два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову закрытага тыпу з пазбаўленнем права займаць адпаведныя пасады.
Па словах Алесі Анатольеўны, будаўніцтва — самая небяспечная з усіх сфер вытворчай дзейнасці.
Нямала здарэнняў адбываецца і ў дрэваапрацоўцы.
— У пытаннях аховы працы вялікае значэнне мае прафілактычная работа на месцах, якую трэба праводзіць рэгулярна, — падкрэслівае следчы па асабліва важных справах. — Людзі павінны дакладна ўсведамляць, што бестурботнасць, грэбаванне мерамі бяспекі, а часам і няведанне асноў тэхнікі бяспекі ў большасці выпадкаў прыводзяць да непажаданых наступстваў.
Дарэчы
У Аршанскім раёне 25 жніўня работнікі будаўнічай арганізацыі ўстанаўлівалі і манціравалі на аб’екце трубы водаправода. Падчас земляных работ абваліўся грунт. 37-гадовага мантажніка сантэхнічных сістэм, які знаходзіўся ў траншэі, засыпала зямлёй. Ад атрыманых траўм мужчына загінуў.
Усе абставіны здарэння будуць устаноўлены Аршанскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта. Асаблівую ўвагу нададуць высвятленню прычын і ўмоў, якія садзейнічалі гібелі рабочага.
Сяргей РУЧАНАЎ
Фота БелТА