Top.Mail.Ru

Гродзеншчына адсвяткавала абласныя «Дажынкі»

Свята хлеба і працы

З упэўненасцю можна сказаць, што галоўнае восеньскае свята — «Дажынкі». Яно падводзіць вынік складанаму і сур’ёзнаму перыяду ў жыцці краіны і, вядома, задае тон сельскагаспадарчых работ на наступны год. У гэтым годзе на Гродзеншчыне абласныя Дажынкі прымае Ваўкавыск. Гэта цудоўны ўтульны горад, які з цяплом сустрэў гасцей.

Паглядзець тут ёсць на што! Стракаціць фарбамі і водарамі алея караваяў, рамеснікі запрашаюць набыць сувеніры на памяць. Можна было паглядзець на «ТрактоШОУ». Асабліва багатай на падзеі атрымалася лакацыя, у якой размясціліся падворкі раёнаў Гарадзенскай вобласці «Плён чалавечай працы». Кожны рэгіён Гродзеншчыны ўнікальны па-свойму, таму прэзентацыі атрымаліся насычанымі.

Усю разнастайнасць падворкаў ацанілі дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Гродзенскай вобласці Аляксандр Вальфовіч, намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Юрый Шулейка, намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандр Невяроўскі, старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Каранік, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Канстанцін Бурак, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Віталь Нявера

Як адзначыў Аляксандр Вальфовіч, «Дажыкі» — гэта паказчык згуртаванасці і адзінства беларускага народа. Уборачная кампанія, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі розных прафесій, яскрава прадэманстравала адзінства беларусаў у вырашэнні значных задач.

— Гэта адно з самых любімых і шанаваных свят у нашай краіне, — адзначыў Аляксандр Вальфовіч. — Яго гісторыя сыходзіць углыб стагоддзяў. За час развіцця нашай краіны як суверэннай, незалежнай дзяржавы свята набыло асаблівыя фарбы і непаўторныя рысы. Яно стала сімвалам падвядзення вынікаў уборачнай кампаніі. І, вядома, асацыюецца з утульнасцю і дабром, з душой беларускага народа. «Дажынкі» ўвасабляюць нашу беларускую культуру і традыцыі, і ў той жа час паказваюць, наколькі цяжкая праца хлебароба. Невыпадкова на свяце мы бачым прадстаўнікоў самых розных прафесій. Тут людзі ў пагонах, якія таксама ўнеслі свой уклад. Напрыклад, вайскоўцы перавезлі 115 000 т збожжа. Разам з аграрыямі працавалі супрацоўнікі міліцыі, МНС. Апроч падтрымання парадку, у вольны час яны садзіліся за руль камбайнаў і трактароў. Што гэта як не прыклад еднасці? Фестываль хлебаробаў дакладна паказвае, што мы ўсе адзіныя. Трэба ўбіраць хлеб — мы разам, расчышчаць лясы пасля непагадзі — таксама працуем сумесна. І калі хтосьці замахнецца на нашу свабоду і незалежнасць, мы ўсім светам, як адзін, устанем на абарону нашай Айчыны.

Пасля таго як раёны прэзентавалі свае разынкі, адбылося святочнае шэсце, дзе прадстаўнікі рэгіёнаў прайшліся па цэнтральнай вуліцы Ваўкавыска і сабралі гучныя авацыі. Абсалютна ўсе бязмерна ўдзячныя аграрыям за іх нялёгкую працу. Яркае шэсце плаўна перайшло ва ўрачыстае адкрыццё фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі — 2025». 

  • Асабліва трапяткой стала цырымонія ўзнагароджання лепшых хлебаробаў вобласці. Пераможцамі абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых раслін у 2025 годзе былі названы з галоўнай сцэны свята. Першае месца заняў Гродзенскі раён, другое месца ў Шчучынскага раёна, Карэліцкі раён заняў трэцяе месца. Сярод сельскагаспадарчых арганізацый першае месца ў «КСУП «Агра-Солы», у "КСУП «Племзавод «Рось» — другое. Гэтыя дасягненні паказваюць высокі ўзровень прафесіяналізму і адказнасці аграрыяў, якія штодня сутыкаюцца з цяжкасцямі і рызыкамі. Іх самаадданая праца забяспечвае нас свежымі і якаснымі прадуктамі харчавання.

Звяртаючыся да ўсіх удзельнікаў свята Юрый Караеў адзначыў, што «Дажынкі» сімвалізуюць павагу да людзей працы і народных традыцый. Аграрыяў адрозніваюць асаблівая адказнасць і любоў да зямлі. Многія месяцы напружанай працы ў палях прайшлі, зараз час падвесці вынікі.

— Кожны год прырода выпрабоўвае на трываласць нашых аграрыяў. Засухі мінулых гадоў, бясснежная зіма бягучага года і праліўныя дажджы ўлетку стваралі пагрозу для нашых надзей на багаты ўраджай. Аднак прафесіяналізм і веды аграномаў, рашучасць і арганізацыйныя здольнасці кіраўнікоў гаспадарак, а таксама самаадданасць механізатараў, паляводаў, вадзіцеляў і аператараў збожжасушыльных комплексаў дазволілі дасягнуць новых вышынь у валавым зборы і ўраджайнасці, — адзначыў Юрый Караеў, а таксама выказаў удзячнасць усім, хто працуе на сельскагаспадарчай ніве, за іх стараннасць, адказныя адносіны да працы, цярпенне і самаахвярнасць.

У Гродзенскай вобласці намалочана больш за 1 млн. 760 000 тон збожжа ў бункернай вазе. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур склала 51 цэнтнер з гектара. Валавы збор рапсу дасягнуў 220 000 тон, а яго сярэдняя ўраджайнасць склала 30 цэнтнераў з гектара, што з’яўляецца адным з найлепшых паказчыкаў у краіне.

Пасля таго, як скончылася цырымонія ўшаноўвання, свята не завяршылася. Лакацыі, якія рассыпаліся як пацеры па Ваўкавыску, працягваюць сваю працу. Можна паслухаць жывыя выступленні, зрабіць прыгожыя здымкі на фотазонах, наведаць пляцоўку, прысвечаную 80-годдзю Перамогі і яшчэ шмат іншага.

Вераніка Казлоўская

фота Віктара Іванчыкава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю