На ўрачыстай цырымоніі на тэрыторыі Гродзенскага гарадскога аддзела МНС ключы ад новых арэндных кватэр былі ўручаны 35 сем’ям работнікаў ратавальнага ведамства рэгіёна, паведамляе Міністэрства надзвычайных сітуацый.
Ва ўрачыстым уручэнні ўдзельнічалі старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Юрый КАРАЕЎ і памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Гродзенскай вобласці Канстанцін БУРАК.
Звяртаючыся да прысутных, Юрый Караеў адзначыў, што забеспячэнне камфортным жыллём — гэта выказванне ўдзячнасці за нялёгкую працу і клопат аб дабрабыце людзей, якія стаяць на варце бяспекі грамадзян: «Работа ў службе ратавання — адна з самых адказных і небяспечных прафесій. Яна патрабуе высокай кваліфікацыі і поўнай самааддачы. Ратавальнікі МНС, як і іншыя службы экстраннага рэагавання, штодзень рызыкуюць сваімі жыццямі, выконваючы задачы па ратаванні людзей і ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый».
На сённяшні дзень жыллёвы фонд для супрацоўнікаў МНС у Гродзенскай вобласці налічвае ўжо больш за 270 арэндных кватэр.
Для эфектыўнай работы ратавальнікаў умацоўваецца і матэрыяльна-тэхнічная база службы. Абнавіўся аўтапарк: 12 новых спецыяльных легкавых аўтамабіляў «ЛАДА Ніва» накіраваны ў раённыя аддзелы МНС Гродзеншчыны. Супрацоўнікі цэнтра аператыўнага ўпраўлення абласнога ўпраўлення МНС атрымалі сучасны штабны аўтамабіль, а работнікі АСВОД былі забяспечаны аўтамабілем для манеўрана-пошукавай групы.
Аміна НАЗАРАВА.
Фота: Міністэрства надзвычайных сітуацый