Top.Mail.Ru

Грошы — у справу: у Беларусі запушчаны новыя крэдытныя праграмы для бізнесу

Па ініцыятыве ўрада банкі, Банк развіцця і Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў запускаюць тры новыя крэдытныя прадукты: «Турыстычны патэнцыял», «Моцныя рэгіёны» і «Тэхналагічная самадастатковасць».

Як паведамілі ў Мінэканомікі, прывабныя ў гэтых прадуктах стаўка (ад 6 % да 7 % гадавых на працягу першых 7 гадоў), сума (да 200 мільёнаў рублёў) і тэрмін карыстання (да 15 гадоў). 

Раскажам аб кожным з прадуктаў асобна. 

«Турыстычны патэнцыял» выдаецца пад будаўніцтва і мадэрнізацыю санаторна-курортных і аздараўленчых цэнтраў, гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння, стварэнне і развіццё сучасных калектыўных сродкаў размяшчэння (кемпінгаў, глэмпінгаў і інш.) па-за тэрыторыяй Мінска. Праект павінен адпавядаць відам дзейнасці па секцыях I (паслугі па часовым пражыванні і харчаванні), Q (ахова здароўя і сацыяльныя паслугі) і R (творчасць, спорт, забавы і адпачынак).

На гэтыя мэты можна атрымаць да 100 мільёнаў рублёў пад стаўку не больш за 6 % гадавых на працягу 7 гадоў, не больш за стаўку рэфінансавання + 3 працэнтныя пункты — у наступныя гады. Тэрмін крэдыту — да 15 гадоў.

Крэдыт пад праграму «Моцныя рэгіёны» выдаецца пад вытворчыя ініцыятывы ў рэгіёнах (акрамя абласных цэнтраў, Мінска і прылеглых раёнаў). Праект павінен мець значэнне для развіцця рэгіёна, прадугледжваць стварэнне новых або мадэрнізацыю існуючых вытворчасцяў і адпавядаць відам дзейнасці па секцыях С (апрацоўчая прамысловасць) і Q (ахова здароўя і сацыяльныя паслугі).

На гэтыя мэты можна атрымаць да 30 мільёнаў рублёў пад стаўку не больш за 7 % гадавых (для аграрных раёнаў — не больш за 6,5 %) на працягу 7 гадоў, не больш за стаўку рэфінансавання + 3 працэнтныя пункты — у наступныя гады. Тэрмін крэдыту — да 10 гадоў.

І яшчэ адна праграма «Тэхналагічная самадастатковасць» уключае наступныя кірункі. 

Першы — імпартазамяшчэнне, лакалізацыя, мясцовая сыравіна

Галоўнымі патрабаваннямі да крэдытаатрымальніка з’яўляюцца рэалізацыя інвестпраекта па запуску вытворчасці высокатэхналагічнай імпартазамяшчальнай прадукцыі або павелічэнні лакалізацыі вытворчасці; або вытворчасці мэблі і прадукцыі з лёну з перапрацоўкай айчыннай сыравіны.

Пад гэтыя мэты можна атрымаць да 100 мільёнаў рублёў пад стаўку не больш за 7 % гадавых на працягу 7 гадоў, не больш за стаўку рэфінансавання + 3 працэнтныя пункты — у наступныя гады. Тэрмін крэдыту — да 15 гадоў.

Другі — перспектыўныя прамысловыя кірункі

Патрабаваннем для атрымання крэдытнага прадукту з’яўляецца рэалізацыя інвестпраекта па запуску вытворчасці прамысловых робатаў або іх укараненні; або запуску вытворчасці беспілотных сістэм (паветраных, наземных); або запуску вытворчасці прадукцыі на аснове біятэхналогій.

Для рэалізацыі гэтага кірунку можна разлічваць на суму да 100 мільёнаў рублёў (для прамысловых робатаў і беспілотных сістэм) і да 200 мільёнаў рублёў (для біятэхналогій).

Стаўка крэдыту складзе не больш за 6 % гадавых на працягу 7 гадоў, не больш за стаўку рэфінансавання + 3 працэнтныя пункты — у наступныя гады. Тэрмін крэдыту — да 15 гадоў.

Больш падрабязную інфармацыю можна даведацца на анлайн-пляцоўцы Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, сайтах «Банка развіцця Рэспублікі Беларусь» і банкаў-удзельнікаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю