Новы цэх па вырабе грануляваных антыбіётыкаў пабудаваны ў Віцебску. Гэта вытворча-складскі корпус, які ўключае два адасобленыя ўчасткі — для выпуску парашковых і грануляваных ветпрэпаратаў. Для вытворчасці апошніх выдзелена асобная лінія, закрытае выкананне якой гарантуе высокую якасць гатовай прадукцыі.
— Ветэрынарная фармацэўтыка не новая інавацыйная і высокатэхналагічная галіна для Віцебскай вобласці, — падкрэсліла намеснік старшыні аблвыканкама Анжэліка Нікіціна. — Мы маем тут свае плюсы і кампетэнцыі, абумоўленыя наяўнасцю дзвюх профільных ВНУ, акадэміі ветэрынарнай медыцыны і медыцынскага ўніверсітэта. Сёння каля 60 % ветпрэпаратаў вырабляецца менавіта на Віцебшчыне. Чарговы праект, рэалізаваны ў рамках дзяржпраграмы інавацыйнага развіцця Беларусі замежным унітарным прадпрыемствам «ВІК — здароўе жывёлы» пры падтрымцы інавацыйнага фонду аблвыканкама, пацвердзіў так званае дзяржаўна-прыватнае партнёрства. Ён дазволіў стварыць дадатковыя працоўныя месцы, атрымаць запатрабаваную прадукцыю, у перспектыве — нарошчваць аб’ёмы экспарту. На бягучы момант мы працуем над яшчэ адным праектам, з наступнага года пачнём яго суфінансаванне.
ЗВУП «ВІК — здароўе жывёлы» як вытворчая пляцоўка групы кампаній «ВІК» працуе ў Віцебску з 2000 года. Тут вырабляюць ветпрэпараты ў розных лекавых формах, а таксама касметычную прадукцыю і сродкі па доглядзе за жывёлай. Новы цэх паспрыяе павелічэнню аб’ёмаў вытворчасці грануляваных антыбіётыкаў з 700 да 1,4 тысячы тон. Яго сукупная праектная магутнасць складае каля 1,7 тысячы тон прадукцыі ў год.
— У цэху прадугледжана 26 працоўных месцаў, 15 з якіх — новыя, — звярнуў увагу дырэктар ЗУП «ВІК — здароўе жывёлы» Ілья Курганаў. — Грануляваныя антыбіётыкі — новая для Беларусі прадукцыя, разлічаная для вытворчасці кармоў. Яны валодаюць добрымі ўласцівасцямі: у адрозненні ад парашкоў, раўнамерна змешваюцца, не разбураюцца, доўга захоўваюць сваю актыўнасць.
Прадпрыемства разлічвае на супрацоўніцтва як з айчыннымі, так і з замежнымі партнёрамі. Задавальняючы патрэбы ўнутранага рынку, каля 90 % прадукцыі новага цэха плануюць экспартаваць у краіны Еўразійскага эканамічнага саюза. Эфект для паўночнага рэгіёна заключаецца ў нарошчванні аб’емаў экспарту прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота аўтара