Top.Mail.Ru

Грузіце гарбузы буртамі. У гаспадара з Клімавіцкага раёна іх вырасла некалькі тысяч

Варта быць сапраўдным гаспадаром на сваёй зямлі. Такой жыццёвай мудрасці прытрымліваецца жыхар вёскі Судзілы Клімавіцкага раёна Аляксандр Галкоўскі, які ўжо больш за паўвека вучыць гэтай мудрасці моладзь.


Руплівага мужчыну ведаюць далёка за межамі раёна. Ён і дбайны гаспадар, і краязнаўца, і майстар на ўсе рукі, і вельмі сардэчны, сонечны чалавек. А яшчэ Аляксандр Мікалаевіч — стараста вёскі. Нарадзіўся і вырас у Судзілах. Выхаваў са сваёй жонкай Людмілай Аляксандраўнай траіх дзяцей, дачакаўся ўнукаў.


Працаваць на зямлі ён умее і любіць з маленства. Сэрцам прыкіпеў да вёскі. У свой час скончыў Смілавіцкі зааветтэхнікум па спецыяльнасці «Пчалярства». Яму давялося праявіць сябе з найлепшага боку ў гаспадарцы, а пазней шчыраваў разам з жонкай на пошце. Цяпер ён ужо на пенсіі, аднак без справы не сядзіць і хвіліны, бо лічыць, што для чалавека, які ўсё жыццё аддаў зямлі і людзям, спакой — не для яго.

Аляксандр Мікалаевіч трымае вялікую гаспадарку — мае коней, дзвюх кароў, розную хатнюю птушку, авечак, пчол. Зямлі ў Галкоўскіх таксама шмат. І кожны яе кавалачак дагледжаны.

Сёлета ўраджай асабліва парадаваў вяскоўцаў. І бульба, і збожжа ўрадзілі, і агародніна, і корму для жывёлы ўдосталь. Асабліва ўрадзілі гарбузы.


«Сеем іх пад плуг, як і бульбу»

— Паглядзіце, колькі гарбузоў! Палову раёна накормім, — жартуе Аляксандр Мікалаевіч. — Яны самі не растуць. Ім патрэбна свабоднае месца, сонца, клопат і... павага. Калі пагаворыш з гарбузамі ласкава, пральеш пот — тады і вырастуць такія, што ў адзіночку не паднімеш. Сеем іх пад плуг, як і бульбу. Потым нямала з імі трэба павазіцца, каб дагледзіць як след. Своечасова некалькі разоў прапалоць ад пустазелля. Радуемся, што яны сёлета ўдаліся на славу, салодкія. Цяпер хопіць і на смачную кашу для сябе, і на ежу для жывёл, а таксама на шматлікія пачастункі.

Убіраюць гаспадары сакавіты ўраджай талакой — на дапамогу прыязджаюць дзеці.

— Звозім гарбузы ў кучы, — дзеліцца сакрэтамі захоўвання гаспадар. — На выхадных склалі восем буртоў. Абклалі іх саломай, каб не памерзлі. У кожнай кучы — каля трактарнага прычэпа. А колькі іх усяго?! Цяжка падлічыць. Некалькі тысяч — дакладна!

Сарты на полі вырошчваюць розныя. Раней у гэтай мясцовасці раслі гарбузы толькі зялёнага колеру. Потым Аляксандр Мікалаевіч прывёз насенне жоўтых з малой радзімы жонкі, з Капыльскага раёна. Цяпер з’явіўся свой уласны сорт.


— Гарбузы раслі побач, а з часам у нас атрымаліся вось такія прыгожыя — жоўта-зялёныя, — расказвае гаспадар. — Мы іх завём судзілаўскія «Стылягі». Гарбузовую кашу часта жонка варыць на снеданне, любім і семкі.

«Заўжды рады добрым людзям»

Падчас працы Галкоўскі спявае народныя песні. Яго дачка Дар’я робіць каларытныя здымкі і відэа з гарбузнай імперыі бацькі і дзеліцца імі ў сацыяльных сетках. Яе вясковы кантэнт не толькі набірае тысячныя прагляды, але і прыводзіць да Аляксандра Мікалаевіча гасцей з розных куткоў Беларусі.

Безумоўна, ён гасцінна сустракае турыстаў, частуе гарбузамі і ахвотна дзеліцца сакрэтамі багатага ўраджаю.

— І звоняць, і прыязджаюць не толькі мясцовыя. Цікава, што днямі да нас завітала сям’я са сталіцы. Яны прыязджалі на Магілёўшчыну ў госці. Даведаліся пра мяне праз TіkTok. Сустрэліся, пагутарылі. Потым яны фатаграфаваліся з нашай вясковай маляўнічай экзотыкай, з жывёламі. Безумоўна, пачаставаў іх гарбузамі. І да такіх сустрэч я ўжо прывык. Заўжды рады добрым людзям! — гаворыць Аляксандр Мікалаевіч.

Аляксандр Галкоўскі добра памятае і ведае гісторыю свайго краю, людзей, што жылі побач. Таму да яго едзе моладзь з розных куткоў і за тым, каб адшукаць свае карані, дзе жылі іх продкі.

Як стараста вёскі ён сочыць за парадкам, калі трэба — дапаможа. Даглядае вясковыя могілкі, брацкую магілу чырвонаармейцаў, што загінулі тут у гады Вялікай Айчыннай вайны. У свой час на асабістыя грошы ён нават помнік ім паставіў. Памятае і шануе традыцыі, захоўвае гісторыю.


Доўгі час у хату Галкоўскіх надзейным і жаданым сябрам прыходзіць «Звязда». Падпіску на яе заўжды афармляе своечасова, не адкладвае гэту важную справу на потым.

— З асалодай чытаю кожны артыкул. Цікавае і вельмі карыснае яе выданне, з актуальнымі навінамі, парадамі, нататкамі пра землякоў. Без «Звязды» ўжо і не ўяўляем сваю паштовую скрыню, — прызнаецца Аляксандр Мікалаевіч і жадае на развітанне газеце доўгіх гадоў, новых цікавых герояў і ўдзячных чытачоў, а ўсім землякам — міру, дабрабыту і шчодрых ураджаяў.

Сюжэты з вясковага жыцця, якія дачка Аляксандра Мікалаевіча публікуе ў сацсетках, збіраюць тысячы праглядаў і прывабліваюць рэальных гасцей.

Таццяна ПАДЛІПСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю