Маскоўская вобласць вельмі даражыць адносінамі з Беларуссю. Аб гэтым заявіў журналістам губернатар рэгіёна Андрэй Вараб’ёў па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае БелТА.
«Мы вельмі даражым адносінамі з Беларуссю», — падкрэсліў кіраўнік расійскага рэгіёна.
Ён асабліва вылучыў супрацоўніцтва ў гуманітарных сферах, у прыватнасці ахове здароўя (усё, што датычыцца педыятрыі, сучасных метадаў лячэння дзяцей, правядзення буйных кансіліумаў і канферэнцый урачоў дзвюх краін) і адукацыі (узаемныя абмены, візіты).
«Што датычыцца эканомікі. Так атрымліваецца, што мы лідары ў частцы тавараабароту і па экспарце і па імпарце па розных найменнях прадукцыі. Гэта і прадукты харчавання, машынабудаванне. У нас актыўна вядзецца гэта работа. Прыкладна $11 млрд абарот паміж Маскоўскай вобласцю і Рэспублікай Беларусь (паводле падлікаў расійскага боку. — Заўвага БелТА). Мы гэтым таксама даражым», — сказаў губернатар.
Напрыклад, у 2025 годзе Маскоўская вобласць закупіла беларускіх прадуктаў амаль на $1,2 млрд. Гэта малочная і мясная прадукцыя, кандытарскія вырабы і г. д.
У Падмаскоўі больш за 120 прадпрыемстваў з беларускім капіталам. Цяпер рыхтуецца нарошчваць сваю базу ў рэгіёне Мінскі аўтазавод. Падабраны ўжо пляцоўкі на тэрыторыі рэгіёна для рэгіянальнага цэнтра МАЗ і Беларускай цэментнай кампаніі.
«Усё гэта важныя элементы супрацоўніцтва», — адзначыў Андрэй Вараб’ёў, дадаўшы, што ўсе гэтыя пытанні абмяркоўваліся на сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы. Губернатар выказаў надзею, што да наступнай сустрэчы ў бакоў таксама будзе магчымасць гаварыць пра дадатную дынаміку супрацоўніцтва, узаемаразуменне, партнёрства Беларусі і Расіі.
Паводле даных беларускага боку, у студзені — красавіку 2026 года тавараабарот з Расіяй у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічыўся больш як на 18 працэнтаў. Экспарт вырас на 20 працэнтаў, імпарт — на 17 працэнтаў. Сальда гандлёвага балансу для Беларусі — дадатнае.
У дзясятку лідараў, якія купляюць тавары з Беларусі, паводле даных з пачатку бягучага года, уваходзяць Масква, Маскоўская вобласць, Санкт-Пецярбург, Смаленская, Свярдлоўская, Ленінградская, Бранская і Тульская вобласці, Рэспубліка Татарстан, Растоўская вобласць. На іх долю прыпадае каля 76 працэнтаў беларускага экспарту ў Расію. У цэлым дадатная дынаміка экспарту ў гэтым годзе складваецца ў гандлі з 57 суб’ектамі Расіі.