Top.Mail.Ru

Гульня ў каханне: пенсіянерку з Мінска засцераглі ад пераводу 450 еўра махлярам

Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, 76-гадовая жыхарка сталіцы на працягу трох тыдняў перапісвалася ў месенджары з незнаёмцам, які выдаваў сябе за ўрача вядомай міжнароднай арганізацыі. 


Мужчына паабяцаў прыехаць у госці пасля таго, як яго кіраўніцтва адобрыць водпуск, і для пацвярджэння сваіх слоў перадаў жанчыне адрас электроннай пошты свайго «кіраўніцтва», расказаў начальнік аддзела па супрацьдзеянні карупцыі Маскоўскага РУУС г. Мінска Ягор КАЗЛОЎ. 

Паверыўшы суразмоўцу, пенсіянерка звязалася з названым кантактам і папрасіла прадаставіць каханаму водпуск. «Кіраўнік» пагадзіўся, але выставіў умову: жанчына павінна была ўнесці перадаплату за браніраванне авіябілетаў — 450 еўра. Жадаючы завяршыць здзелку, мінчанка адправілася ў банк, супрацоўнік якога заўважыў ашуканскія рэквізіты і паведаміў аб гэтым у міліцыю.

Жанчына паспрабавала паўтарыць перавод у іншым банку, але там яе ўжо чакалі аператыўнікі. Праваахоўнікі запрасілі ахвяру ў раённае ўпраўленне і растлумачылі, што яна ледзь не пазбавілася зберажэнняў з-за аферыстаў. 

Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа.

У міліцыі нагадваюць: неабходна быць асцярожнымі пры зносінах з незнаёмцамі ў інтэрнэце, асабліва калі гаворка заходзіць аб пералічэнні грошай. Любыя гісторыі, якія патрабуюць фінансавых укладанняў, павінны выклікаць падазрэнне. Спецыялісты рэкамендуюць правяраць інфармацыю і рэквізіты праз афіцыйныя крыніцы, а пры ўзнікненні сумненняў звяртацца да супрацоўнікаў банка ці праваахоўных органаў.

Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю