Top.Mail.Ru

Гуманітарная місія ў Алешках прайшла на найвышэйшым узроўні, і Беларусь узяла ў ёй самы актыўны ўдзел

Пункт адліку

Ноч на суботу выдалася бяссоннай шмат для каго і адразу ў некалькіх геаграфічных пунктах. Нават далёкія ад палітыкі людзі сачылі за выратаваннем мірных ахвяр вайны з так званай «шэрай зоны» на Херсонскім напрамку. І лавілі, як у гады ліхалецця, зводкі. «Эвакуіраваныя жыхары прыфрантавога горада Алешкі на херсонскім напрамку вылецелі ў Беларусь з Анапы», — паведаміла БелТА ў 5.06 раніцы 31 кастрычніка. І мала сказаць, што ў аэрапорце Гомеля іх чакалі. Рыхтаваліся з улікам самых розных патрэб, бо было вядома, што сярод іх ёсць дзеці і маларухомыя людзі. Разгарнулі лагер, дзе можна было атрымаць усю неабходную дапамогу перад ад’ездам ва Украіну.

«Зробім усё неабходнае»

Як паведамлялася раней, Беларусь далучылася да гуманітарнай аперацыі ў Алешках і актыўна ўключылася ў гэты міжнародны працэс. Менавіта тэрыторыя нашай краіны 29 кастрычніка стала зыходным пунктам у вялікім маршруце гуманітарнай аперацыі. Беларускі бок стварыў усе неабходныя ўмовы для правядзення першых вочных кантактаў прадстаўнікоў Масквы і Кіева, аказаўшы неабходнае ўсебаковае садзейнічанне і выступіўшы гарантам бяспекі.

Днём 30 кастрычніка пачалася добраахвотная эвакуацыя жыхароў з прыфрантавой зоны. За кожным чалавекам было захавана права выбару далейшага напрамку: украінскі або расійскі. Ход місіі каардынавалі ўпаўнаважаныя па правах чалавека на месцы.

Гомельскі аэрапорт стаў транзітнай зонай для эвакуіраваных жыхароў Алешак. Сапраўдны палатачны квартал з сямі абагравальных модуляў размясціўся паблізу пасадачнай паласы, таму, спусціўшыся з самалёта, людзі маглі адразу атрымаць неабходную дапамогу і падтрымку.


Беларускі бок стварыў неабходныя, а галоўнае — бяспечныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў гуманітарнай місіі ў Алешках, канстатаваў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Ён падкрэсліў, што Беларусь нязменна прытрымліваецца пазіцыі: нават у самых складаных абставінах неабходна шукаць магчымасці для дыялогу і дапамагаць людзям.

«Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заўсёды выступае за пошук шляхоў мірнага ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне і імкнецца зрабіць усё магчымае, каб наблізіць мір, — сказаў Іван Крупко. — Вельмі хочацца, каб гэта гуманітарная місія дапамагла як мага большай колькасці людзей. Паколькі за ўсімі рашэннямі і дамоўленасцямі — жыцці людзей. І ў гэтай гуманітарнай місіі мы са свайго боку зробім усё неабходнае, каб выканаць прынятыя абавязацельствы адказна і добрасумленна.

Сапраўды, мясцовыя ўлады зрабілі ўсё, каб на беларускай зямлі эвакуіраваныя адчулі сябе ў поўнай бяспецы, а таксама атрымалі цёплы прыём і падтрымку беларусаў. Знаходзіліся тут і спецыялісты розных профіляў. Тым, хто прыбыў фактычна з зоны баявых дзеянняў, неабходную дапамогу гатовы былі аказаць псіхолагі абласнога ўпраўлення МНС, валанцёры Чырвонага Крыжа і, вядома, медыцынскія работнікі. Побач — карэты хуткай дапамогі.

Прадугледзелі і спецыяльныя месцы для знаходжання з дзецьмі любога ўзросту — ад немаўлят да дзяцей старэйшых. Таксама завезлі дзіцячае харчаванне, памперсы, цацкі.

Карацей кажучы, беларускі бок прадугледзеў усе магчымыя варыянты падзей. Напрыклад, было вядома, што многія жыхары Алешак пакінулі дамы разам з гадаванцамі, таму прадумалі дробязі і па гэтых пытаннях, уключаючы корм для жывёл. А работнікі МНС забяспечылі спецыяльны транспарт для іх перавозкі.

Прызямліліся!

Першым зрабіў пасадку ў аэрапорце Гомеля самалёт з прадстаўнікамі расійскай і ўкраінскай дэлегацый, якія прымалі ўдзел у гуманітарнай аперацыі. На чале дэлегацый — намеснік начальніка ўпраўлення спецыяльных праектаў рабочага апарату ўпаўнаважанага па правах чалавека ў Расіі Ігар Кашын і ўпаўнаважаны Вярхоўнай рады па правах чалавека Дзмітрый Лубінец. Іх сустрэлі старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Ірына Касцевіч і старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская.

І вось чарговае хвалюючае паведамленне: «У аэрапорце Гомеля прызямліліся тры самалёты, на борце якіх — эвакуіраваныя жыхары горада Алешкі...» Шлях іх быў працяглым — спачатку яны ехалі ў Анапу на аўтобусах, пасля чаго правялі ў паветры некалькі гадзін, дабіраючыся да Гомеля. А колькі было месяцаў чакання да гэтага, колькі трывог і нягод!.

«Мы адзіны народ»

І, зразумела, шмат эмоцый і ўражанняў. «Нарэшце мы — на мірнай зямлі: тут усюды цішыня і спакой», — сказала з палёгкай Ірына Іосіфаўна, якая разам з мужам была эвакуіравана з прыфрантавых Алешак.

«Мы едзем ва Украіну — нас там дзеці чакаюць, і тату майму 94 гады. Таму ўсё нармальна. Адзінае — пакінулі свой родны дом, усё кінулі і паехалі. Вось гэта сумна, вельмі журботна і балюча, — ледзь стрымала слёзы Любоў Станіславаўна. — А Беларусь я вельмі люблю. Адчуваем, што мы — пад мірным небам. Тут не лятаюць дроны, не падаюць снарады да цябе ў двор. Ужо колькі разоў мы былі за крок ад смерці...»

«А мяне Аляксандр Рыгоравіч завуць, як вашага Прэзідэнта, — прадставіўся з усмешкай мужчына. — Спыненне на беларускай зямлі аказалася вельмі цёплым і душэўным. Спадабаўся і беларускі абед — наварысты суп, сытная грэцкая каша, чай, іншыя пачастункі...»


«Рады, што Беларусь аказвае такую дапамогу, прадастаўляе нейтральную пляцоўку, — адзначыў яшчэ адзін з эвакуіраваных жыхароў Алешак.

У кожнага з іх свая гісторыя. Яны адзначылі добрыя адносіны да беларусаў і тое, што наша краіна іх сустрэла як родных.

Гасцінна прыняла Беларусь і ўдзельнікаў гуманітарнай місіі, пацвердзіў журналіст тэлеканала Newsmax (ЗША) Алекс Салві: «Мы хацелі б сказаць вялікі дзякуй Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. Апошнім часам мы працуем вельмі блізка і ведаем, што робім рэальна важную работу. У нас вельмі вялікі прагрэс».

«Дзякуй за дапамогу, Беларусь!»

А ў гэты ж дзень у 12.52 БелТА ўжо паведаміла: «Аўтобусная калона з эвакуіраванымі з горада Алешкі на херсонскім напрамку выехала з аэрапорта Гомель...» Фінальны пункт маршруту вялікай гуманітарнай аперацыі — пункт пропуску «Новая Гута», які стаў адным з зыходных пунктаў гэтай гуманітарнай аперацыі. Праз яго эвакуіраваныя жыхары Алешак выехалі ва Украіну.

Тут жа падышоў да завяршэння маштабны міжнародны працэс, актыўным арганізатарам якога быў беларускі бок. Маштабная гуманітарная аперацыя пачалася і завяршылася на беларускай тэрыторыі. Мінск стаў яе актыўным удзельнікам, аказаўшы неабходнае садзейнічанне ўсім бакам. Беларусь праявіла сябе як адзін з актыўных арганізатараў гэтага міжнароднага працэсу і надзейны партнёр, гатовы выканаць усе прынятыя абавязацельствы.

Першараднай задачай была дапамога людзям, якія апынуліся ў вельмі цяжкай сітуацыі і доўгі час жылі фактычна ва ўмовах баявых дзеянняў.


Гуманітарная аперацыя ажыццяўлялася ў тым ліку дзякуючы выбудаваным даверным адносінам паміж Беларуссю і Украінай. У сувязі з гэтым удалося забяспечыць бяспеку праведзеных мерапрыемстваў і чарговы раз выратаваць жыцці людзей.

У панядзелак на прэс-канферэнцыі ўпаўнаважаны па правах чалавека ў Расійскай Федэрацыі Яна Лантратава заявіла, што гуманітарная місія ў Алешках прайшла на найвышэйшым узроўні.

Паводле яе слоў, людзі, якія прынялі рашэнне выехаць з Алешак на тэрыторыю Украіны, паспяхова дабраліся.

«Магу сказаць, што ніякіх інцыдэнтаў і парушэнняў рэжыму цішыні не было. Усёпрайшло штатна. Я хачу сказаць яшчэ раз вялікі дзякуй усім, хто прымаў удзел у місіі», — дадала амбудсмен. Яна таксама асобна падзякавала Беларусі за дапамогу ў арганізацыі місіі ў Алешках і ў цэлым перагавораў з Украінай па гуманітарным трэку.

Віктар ЛЮБІМАЎ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю