У розных бібліятэках краіны кнігі, якія выходзяць у айчынных выдавецтвах, становяцца нагодай для выхаваўчай работы ў фарміраванні ў школьнікаў прафесійных зацікаўленняў.
Іўеўская раённая бібліятэка спраектавала сустрэчы з дзецьмі, якія імкнуцца зрабіць свой выбар, выкарыстоўваючы добра вядомую кніжную серыю «Маленькі прафесар». Невялікага фармату нарысы з гэтай пазнакай прысвечаны самым розным прафесіям — метэаролагу, вайскоўцам-зенітчыкам, выдавецкаму рэдактару, бібліятэкару... Пра выданні на гэтыя і іншыя тэмы і расказвалі ў Іўі ў рамках інтэрактыўнага знаёмства «Свет у вясёлцы прафесій». Слухачамі дасведчаных бібліятэкараў былі малодшыя школьнікі горада.
Як пажаданне, якое выказваюць бібліятэкары і Іўеўскай раённай бібліятэкі, і кніжніц усёй Гродзеншчыны, як і ўвогуле бібліятэчных устаноў краіны: літаратуры на тэмы прафесійнай арыентацыі не хапае, асабліва — для падлеткаў, юнакоў і дзяўчат, якія вучацца ў старэйшых класах. Такая заўвага паслужыла і нараджэнню новага праекта: у Саюзе пісьменнікаў Беларусі падрыхтавалі і правядуць у бліжэйшы час практычную канферэнцыю «Якой павінна быць кніга пра рабочую прафесію?». І пройдзе такая сустрэча з удзелам і вучоных, і педагогаў, а таксама з удзелам прадстаўнікоў розных прафесій.
Мікола Берлеж