Галоўная сенсацыя XXXII Мінскага міжнароднага кінафестывалю — тое, што фільм «Бацька Мінай. Партызанская легенда» атрымаў Гран-пры «Золата Лістапада» як найлепшы ігравы фільм. Гэта карціна беларуска-расійскай вытворчасці, рэжысёр Ігар Угольнікаў.
Са сцэны ён сказаў:
— У Беларусі мірнае неба. Навокал шмат што адбываецца. І хочацца, каб мы перасталі здымаць фільмы пра вайну. Але памяць жывая, яна будзе з намі ўвесь час.
За працу ў гэтым фільме Максім Куроўскі атрымаў спецдыплом журы як найлепшы кінааператар-пастаноўшчык. Яшчэ адзін спецыяльны прыз фільму — ад Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных дзяржаў «Кіно без межаў» — за ўнёсак у развіццё культурнага супрацоўніцтва, умацаванне дружбы паміж народамі і захаванне гістарычнай памяці.

Свята адбылося, адзначыў старшыня журы народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў: «Мы жывём па сваіх каштоўнасцях. І шмат краін, якія жывуць па законах веры, дабра і справядлівасці». Гэтыя словы тычыліся іншых карцін асноўнага конкурсу ігравых фільмаў, у якім вызначаецца яшчэ адна асаблівая ўзнагарода.
Прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За гуманізм і духоўнасць у кіно» прысуджаны фільму «Тое самае дзіця» з Рэспублікі Саюз М’янма, дэбютанту гэтага года. Яго ўручыла намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Пяткевіч.
Рэжысёр-пастаноўшчык карціны Аунг М’ят выказаў удзячнасць:
— Я вельмі рады, што заслужыў такую высокую ўзнагароду. Гэта гісторыя пра тое, як у маёй краіне расце дзіця. Што робіць гэты фільм асаблівым — менавіта тое, што гэтая гісторыя пра дзіця кранае сэрцы далёка ад М’янмы — гледачоў і журы — тут, у Еўропе.
Таксама падчас закрыцця кінафестывалю быў уручаны медаль Францыска Скарыны — за плённую творчую, грамадскую і дзяржаўную дзейнасць — старшыні Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па культуры Мікалаю Бурляеву.
Прызам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За духоўную сілу імя Маргарыты Касымавай» узнагароджваюцца фільмы, у якіх аўтарамі ці гераінямі з’яўляюцца жанчыны, чыя дзейнасць мяняе свет. Сёлета яго атрымлівае фільм «Яна» егіпецкага рэжысёра Атэфа Шакры.
У іншых асноўных конкурсах названыя свае пераможцы.У асноўным конкурсе неігравых фільмаў найлепшы — «Гара моў», рэжысёр Радзівон Ісмаілаў (Расія — Азербайджан). Найлепшы ў асноўным конкурсе анімацыйных фільмаў — «Тры сястры», рэжысёра Канстанціна Бранзіта (Ізраіль, Кіпр).
.jpg)
У конкурсе кароткаметражных фільмаў найлепшы — «Японец», іранскага рэжысёра Панаха Алвані.
Прыз «За найлепшы фільм конкурсу «Кіно маладых» імя Віктара Турава ідзе рэжысёру Бену Воіту з Германіі за стужку «Звышновая Гропіуштадта».
Але ёсць і зусім маладыя аўтары, працы якіх звычайна бяруць удзел у конкурсе нацыянальных кінашкол. Тут пераможцам стаў расійскі рэжысёр Антон Немаў, аўтар фільма «Кода».
У нацыянальным конкурсе найлепшым стала неігравая карціна «Палескі запаведнік: жыццё пасля Чарнобыля» рэжысёра Ігара Бышнёва.
Звярнулі ўвагу і на ізраільскую карціну «Вясельны артыст» — менавіта ёй дастаўся прыз глядацкіх сімпатый. Яго ўручэнне — яшчэ адна трацыцыйная адметнасць «Лістапада».
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота Валерыя КАРТУЛЯ