Cтартаваў адбор твораў на ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе «Трыенале маладых мастакоў — 2025», які арганізаваны пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Гэта фактычна вялікі агляд творчай моладзі, які праходзіць раз на тры гады і сведчыць пра «голас маладых у фарміраванні культурнага ландшафту» нашай краіны.
— Прыём работ на ўдзел у трыенале будзе доўжыцца да 26 верасня, — паведаміў Сяргей Кавалёў, дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь. — У кастрычніку завершыцца першы этап адбору, а ў лістападзе — снежні прадставім выстаўку маладых мастакоў. Конкурс пройдзе ў 10 намінацыях, сярод якіх асобна вылучаны «Інавацыі» (любыя інсталяцыі, арт-аб’екты, перформансы), «Сімпатыі гледачоў» і «Мастацкая дынастыя». У нас шмат творчых сямей — ад бабуль ці дзядуль да ўнукаў. Спецыяльная намінацыя — «За ўнёсак у развіццё выяўленчага мастацтва», бо мы не павінны забываць пра тых, хто ствараў базавы фонд нашага мастацтва. Нездарма Міністэрства культуры замацавала цэнтр адказным за арганізацыю трыенале.
Сёлета Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў адзначае дзесяцігоддзе з дня заснавання і мае выразную лінію на падтрымку маладога мастацтва.
— З таго часу, як была прынята новая канцэпцыя нашага цэнтра, адзін з яго прыярытэтных кірункаў — падтрымка і прасоўванне маладых таленавітых мастакоў, куратараў, студэнтаў, маладзёжных ініцыятыў у культурную прастору Беларусі, — адзначыла Алеся Іназемцава, намеснік дырэктара цэнтра. — І гэта не толькі персанальныя выстаўкі, пленэры. Ёсць сістэма падтрымкі маладых куратараў, навукоўцаў — мы з’яўляемся базай для практыкі студэнтаў БДУ, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Трыенале маладых мастакоў — адно са звёнаў гэтай сістэмы, якое падтрымліваецца дзяржавай. У ім удзельнічаюць творцы
да 35 гадоў: мастакі, студэнты вышэйшых навучальных устаноў, якія атрымліваюць прафесійную мастацкую і мастацтвазнаўчую адукацыю. Запрашаюцца музейныя супрацоўнікі, педагагічныя работнікі, якія маюць сертыфікат творчага работніка, прычым не толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, нават асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне. У кожную намінацыю аўтар ці творчы калектыў можа падаць адну работу. Але сёлета ёсць новаўвядзенне: можна падаць заяўку ў некалькі намінацый, бо ў аднаго аўтара можа быць работа ў станкавым жывапісе, а можа быць твор, што варта аднесці да інавацый — з усёй разнастайнасці сучасных мастацкіх практык, якія немагчыма аднесці да класічных намінацый паводле тэхнікі, матэрыялу і спосабу выканання. Журы выявіць пераможцаў у кожнай з намінацый, якія, акрамя дыплома лаўрэата, атрымаюць грашовае ўзнагароджанне ў памеры 60 базавых велічынь. Але на гэтым яго падтрымка з нашага боку не скончыцца — мы стараемся не выпускаць іх з поля зроку.
З мінулага трыенале цэнтр закупіў некалькі работ у свае фонды. Летась Марта Шчэрбіч перамагла ў намінацыі «Прыз сімпатый гледачоў» — дык паспрыялі прасоўванню яе імя ў культурнай прасторы. Маладых мастакоў, якія заявілі пра сябе, імкнуцца прадставіць і праз міжнародныя і рэспубліканскія мерапрыемствы. Летась у музеі-запаведніку «Царыцына» ў Маскве прайшла выстаўка, куратарам якой выступіў цэнтр, аўтар — Хрысціна Высоцкая. Дзякуючы ёй сучасны беларускі мастацкі тэкстыль пабачылі каля мільёна наведвальнікаў.
І пляцоўкі Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў выкарыстоўваюцца для навучання і прадстаўлення маладых. Напрыклад, летась кафедра дызайну архітэктурнага асяроддзя БНТУ цэлы год праводзіла заняткі ў залах цэнтра: студэнты такім чынам паглыбляліся ў музейную прастору і змянялі фокус свайго навучання са студэнцкіх аўдыторый на іншае асяроддзе, якое яны будуць пераўтвараць, калі скончаць ВНУ. Таксама тут спрыяюць апрабацыі навуковых даследаванняў маладых талентаў. Маладая мастачка і аспірантка акадэміі мастацтваў Ганна Садоўская прадставіла палажэнні, якія будзе выносіць на абарону ў выглядзе куратарскага праекта, і правяла серыю лекцый, якія карысталіся папулярнасцю. Работа навучэнцаў БДУ «Культуралогія без межаў» перамагла ў конкурсе студэнцкіх праектаў. А ў наступным годзе цэнтр плануе новы праект для школьнікаў, якія хочуць займацца творчасцю, — «Школа крэатыўных індустрый». У кожным горадзе Беларусі з’явіцца магчымасць далучыцца да шматгадовых праграм маладым людзям, якія змогуць рыхтавацца да паступлення ў творчыя навучальныя ўстановы.
Ларыса ЦІМОШЫК