Тры лёсы, у якіх сіла беларускай барацьбы.
Легенларны беларускі барэц Аляксандр Мядзведь часта паўтараў, што ўсё жыццё — барацьба. Барацьба была ўсім жыццём і для людзей, якія выхоўвалі і самога Аляксандра Мядзведзя, ды і ўсіх беларускіх барцоў. І на іх лёс выпала не толькі барацьба з сапернікам на дыване з поўнай павагай і справядлівасцю, але і барацьба з ворагам на фронце з неверагоднай адвагай. Тры чалавекі, якія лічацца заснавальнікамі беларускай школы спартыўнай барацьбы, прайшлі праз жыццёвую школу, якая была зусім няпростай. І пра гэта трэба ведаць.
Беларускі накат

«Татам» спартыўнай барацьбы ў Беларусі прызнаны Міхаіл Мірскі, непераўзыдзены трэнер і ўнікальны спартсмен. Нарадзіўся ў 1911 годзе ў Мінску. Як і многія хлапчукі свайго часу не прапускаў чэмпіянаты па французскай барацьбе ў мінскім цырку. Сам Міхаіл займаўся барацьбой і штангай. Але спорт тады не мог пракарміць, таму Міхаіл працаваў мулярам-тынкоўшчыкам. Унёс свой уклад цаглінамі ў Дом урада, універсітэцкі гарадок і Дом друку. Але спорт цягнуў...
З 1933 года Міхаіл Мірскі стаў выступаць на спаборніцтвах па барацьбе. Усяго ён станавіўся чэмпіёнам БССР 25 разоў. Многія гледачы спецыяльна прыходзілі паглядзець на паядынкі Мірскага і захапляліся разнастайнасцю тэхнічных прыёмаў і захопаў, якія ён дэманстраваў. Ён першым з беларускіх барцоў у 1949 годзе быў удастоены звання заслужанага майстра спорту СССР. Па прафесіі Міхаіл Мірскі быў печніком, па прызванні — трэнерам. Будучы ў зеніце спартыўнай славы стаў трэніраваць хлапчукоў. І нікога зусім не турбавала, што ў яго тады яшчэ не было дыплома аб трэнерскай адукацыі.
Міхаіл Мірскі пайшоў на фронт добраахвотнікам на другі дзень пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Абараняў Маскву, ваяваў на Варонежскім фронце. Часта хаожзіў на баявыя заданні за нямецкімі «языкамі». Характар і смеласць гэтага чалавека лепш за ўсё апісвае адзін эпізод, які адбыўся з ім падчас службы на Варонежскім фронце. Раніцай 5 ліпеня 1942 года самалёты абрынулі на савецкія войскі тысячы тон смяротнага грузу. На краі вёскі ацалеў невялікі домік. Тут і сабраліся рэшткі ўзвода кіравання, дзе служыў Мірскі. Немцы выкінулі дэсант. Мірскі выскачыў на вуліцу — перад ім стаяў рослы варожы парашутыст з аўтаматам. Самаўпэўнены вораг адчуваў сябе гаспадаром становішча, але ён не ведаў, з кім яму не пашанцавала сустрэцца. Бяззбройны Міхаіл Мірскі не разгубіўся. Кідок у бок, удар далонню — адточаныя прыёмы выконваліся аўтаматычна. Праз некалькі імгненняў Міхаіл Мірскі ўжо разглядаў аўтамат зрынутага немца. Мірскі з астатнімі байцамі выскачылі з хаты і ўдарылі прамой наводкай па ворагам... Вайну Міхаіл Мірскі закончыў у баях за Брэслаў, які немцы абвясцілі горадам-крэпасцю і не здавалі практычна да апошняга дня вайны.
Моцны і смелы чалавек успамінаць вайну не любіў. Вельмі балела — у мінскім гета загінула жонка і сябры. Але, па ўспамінах вучняў, Міхаіл Іванавіч любіў распавядаць ваенныя анекдоты. Фірмовы анекдот прысвечаны аднаму старшыне, які хацеў пакараць Мірскага за дрэнна вычышчаны ствол вінтоўкі. «Таварыш сяржант, вы будзеце мець нешта супраць, калі фашыст памрэ ад заражэння крыві з-за бруднай кулі?», — адказаў на гэта Міхаіл Іванавіч.
Пасля Перамогі Міхаіл Мірскі вярнуўся ў спорт. У 1952-м годзе ён апошні раз выйграў тытул чэмпіёна БССР. Спартыўную кар’еру ён скончыў у 41 год непераможаным і пачаў рыхтаваць барцоў, перамагчы якіх гэтак жа было няпроста. Тата спартыўнай барацьбы распрацаваў сваю методыку, эфектыўнасць якой дэманстравалі яго вучні. Мірскі першым у Беларусі стаў практыкаваць трэніроўкі з мадэляваннем спаборніцкіх дзеянняў барцоў. Ён прыдумаў асаблівы тэхнічны прыём «беларускі накат». У кожнага з яго вучняў быў свой фірмовы накат, найбольш прыдатны да яго асабістых асаблівасцяў. У 1960-м годзе зборная каманда пад кіраўніцтвам Міхаіла Мірскага ўпершыню ў гісторыі выйграла чэмпіянат СССР.
Міхаіл Іванавіч Мірскі выхаваў 80 майстроў спорту. Многія з яго вучняў сталі заслужанымі трэнерамі СССР і БССР. Тата Мірскі пайшоў з жыцця ў лістападзе 1989 года ва ўзросце 78 гадоў, пакінуўшы пасля сябе сур’ёзную школу беларускай барацьбы.
Франтавымі дарогамі ад слесара да чэмпіёна

Пачынанні Мірскага працягнуў Павел Васільевіч Грыгор’еў. Ён пачынаў свой спартыўны шлях у 1938 годзе, калі працаваў слесарам на Іжорскім дзяржаўным заводзе. Адно другому не перашкаджала — на прадпрыемствах у той час актыўна дзейнічалі спартыўныя секцыі. Кіраўніцтва было зацікаўленае ў тым, каб кадры, асабліва маладыя вялі здаровы лад жыцця і займаліся спортам. Павел Грыгор’еў займаўся ў секцыі грэка-рымскай барацьбы. Акрамя гэтага, займаўся ў аэраклубе, дзе дасканала вывучыў самалёт У-2. Гэтыя веды былі вельмі карысныя падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі Грыгор’еў служыў авіямеханікам. «Мышцы рук часам стамляліся так, гаечны ключ здаваўся цяжэй двухпудовіка. Вось тады і дапамаглі даваенныя заняткі барацьбой. Карыснай стала і рабочая загартоўка, атрыманая на Іжорскім заводзе», — распавядаў ён газеце «Фізкультурнік Беларусі».
Баявое хрышчэнне Павел Васільевіч прайшоў на Калінінскім фронце, калі вораг рваўся да Масквы. Затым перакваліфікаваўся ў ваеннага стралка. Дэмабілізаваўся ў 1948 годзе ў Беларусі. Тут працягнуў заняткі барацьбой. Павел Грыгор’еў — пераможца першынства Беларускай ваеннай акругі. Спартсмена прыкмеціў тата Мірскі, які пасля стаў трэнерам Паўла Грыгор’ева. У той час барцы-класікі выступалі ў спаборніцтвах вольнікаў і самбістаў. Але ў 1951-м годзе загад спорткамітэта СССР забараніў такое сумяшчэнне. Барцам прыйшлося абіраць грэка-рымскі ці вольны стыль. Міхаіл Мірскі сказаў Паўлу Грыгор’еву: «Паўка, займіся вольнікамі, ты там вялікую карысць прынясеш». І Грыгор’еў пачаў рыхтаваць маладых барцоў-вольнікаў.
«Успамінаю пасляваенныя гады: няўжо мы тады маглі так працаваць? Зала ў старым будынку Акадэміі фізвыхавання і спорту абсталявалі сваімі рукамі. Паклалі адзін дыван, самі зрабілі пудзілы. Вады, каб памыцца не было. Так мы і тут выхад знайшлі. Прыстасавалі ваенную паходную печку, пачыналася трэніроўка — печку растоплівалі. Да канца занятку вада награвалася», — успамінаў Павел Васільевіч у газеце «Фізкультурнік Беларусі».
Менавіта Паўлу Грыгор’еву трэба падзякаваць за тое, што ў нашай спартыўнай гісторыі ёсць імя Аляксандра Мядзведзя. Менавіта ён адкрыў здольнага хлопца і зрабіў з яго легенду. "Як клапатліва і натхнёна працаваў са мной! Ён скрупулёзна прыкмячаў найменшыя недахопы ў тэхніцы правядзення прыёмаў і прымушаў дзясяткі разоў паўтараць адно і тое ж. Стомлены, ужо знясілены я іншы раз прасіў:"Можа быць, даволі, Павел Васільевіч?«. «Ідзём на золата, Саша ... трэба працаваць». — адказваў ён. І мы працавалі«, — успамінаў Аляксандр Мядзведзь.
Жывога месца амаль не засталося...
Самы жудасны і страшны бок вайны адчуў Аляксей Куцэнка. Вялікая Айчынная застала Аляксея ў 16 гадоў у роднай Украіне. У першыя дні ён перавозіў на возе мабілізаваных і дакументацыю — дапамагаў мясцовым уладам. Абоз трапіў пад бамбёжку, у выніку якой загінуў стрыечны брат Міхаіл. Самога Аляксея аглушыла. Хлопец застаўся пры вайсковай частцы як сын палка. А затым трапіў у палон... «Везлі нас тыдні паўтары ў вагоне, закручаным дротам. Галадалі, нават косткі ў роце не было. Дзесьці ў Польшчы, па—мойму, спыніліся, вагоны адкрылі, мёртвых павыкідвалі. Я выжыў дзякуючы таму, што прывык да пазбаўленняў з дзяцінства — не раз бываў і галодным, і халодным, зімой спаў побач з каровай, каб не змерзнуць. Выратавала звычка выжываць», — успамінаў Аляксей Рыгоравіч у інтэрв’ю. Куцэнка апынуўся ў Эрфурцкім лагеры. Паспрабаваў бегчы, але ўцёкі апынуўся няўдалым... «Палка-зверху чорная гума, а ўнутры жалезны стрыжань! Для лупцоўкі іх выбіралі старанна. Паставілі лаўку. Перагнулі мяне праз яе, прывязалі і пачалі біць. Спачатку-палкай, потым — нагамі. Адбілі ўсё-пячонку, лёгкія, паламалі рэбры, рукі, ногі, жывога месца не засталося. І кінулі каля морга паміраць. А палонных яшчэ запыталі, што, калі хто паспрабуе бегчы, з ім будзе тое ж самае. На наступную раніцу медсястра з насільшчыкамі прынеслі памерлага. Я пачаў стагнаць. А ў мяне кроў з носа, з рота, з вушэй, усё сіняе — на жывога не быў падобны, мярцвяк форменны... Аднак медсястра забрала мяне ў лазарэт. Аказалася, яна таксама з Украіны. Звалі Машанькай. Ёй я жыццём абавязаны», — распавядаў Аляксей Рыгоравіч.
З лагера Аляксей Куцэнка спрабаваў бегчы тройчы. Адзін раз ледзь не апынуўся ў Бухенвальдзе. Незвычайная сіла цела і духу дапамагла яму вытрымаць выдасканаленыя катаванні і здзекі. Уцякаючы апошні раз, ён упарта ішоў да лініі фронту. Аглушыў нямецкага кулямётчыка жалезным дубцом як раз у той момант, калі разведгрупа савецкіх салдат праводзіла разведку боем. Немцы вырашылі, што лінія прарвана ў некалькіх месцах і адступілі. Калі бой скончыўся, Аляксея пераправілі да сваіх. Вайну ён завяршыў на Эльбе, быўшы ездавым у асобным гужавым батальёне Трэцяй арміі, які абслугоўваў мінамётчыкаў. Затым Аляксей Куцэнка адправіўся служыць у 120-ю гвардзейскую стралковую дывізію, разам з якой з 1946 года застаўся ў Мінску.
У 1950-м годзе Аляксей Куцэнка стаў першым у Беларусі майстрам спорту па барацьбе. А затым стаў і першым заслужаным трэнерам БССР. Усяго Аляксей Куцэнка падрыхтаваў 76 майстроў спорту, каля 20 майстроў міжнароднага класа, сярод якіх і такія глыбы як Іван Каршуноў і Эрнэст Міцкевіч. Патрыярх беларускай барацьбы пражыў доўгае і насычанае жыццё і памёр толькі ў 2014 годзе ва ўзросце 89 гадоў.
Ведаючы гісторыі гэтых трох чалавек, пачынаеш разумець, чаму беларускія барцы ў савецкі час былі самымі моцным. Іх выхоўвалі дзіўна ўстойлівыя і непераможныя людз, якія нікому не саступалі... Інакш яны не ўмелі.
Валерыя СЦЯЦКО