З прадстаўнікамі Інданезіі, М’янмы і Пакістана, якія ўпершыню назіраюць за выбарамі ў Беларусі, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі абмеркаваў удзел міжнародных назіральнікаў у электаральнай кампаніі, выслухаў іх меркаванні і пажаданні. Адбылася сустрэча і з дэлегацыяй Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, паўнапраўным членам якой з’яўляецца наша краіна.
«Знак даверу і паказчык адкрытасці»
Для назірання за выбарамі Прэзідэнта Беларусі ў нашу краіну прыехала місія Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў складзе 17 назіральнікаў ад 7 дзяржаў-членаў. Яна ўключае прадстаўнікоў выбарчых камісій дзяржаў — членаў ШАС і органаў прадстаўнічай улады, парламентарыяў, юрыстаў і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса. Вітаючы місію на чале з Генеральным сакратаром ШАС Нурланам Ермекбаевым, старшыня ЦВК Ігар Карпенка выказаў удзячнасць за тое, што яны адгукнуліся на запрашэнне нашай краіны.
— Здаецца, толькі нядаўна мы сустракаліся падчас адзінага дня галасавання тут, у Мінску. ШАС — аўтарытэтная міжнародная арганізацыя, і мы ўдзячныя, што вы адгукнуліся на наша запрашэнне і прыехалі ў якасці міжнародных назіральнікаў на выбары Прэзідэнта. Мы гатовы адказаць на любыя пытанні ў рамках выбарчай кампаніі і адкрыты да дыялогу.
Нурлан Ермекбаеў падзякаваў за дазвол Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ажыццяўляць назіранне за ходам выбараў Прэзідэнта Беларусі.
— Гэта знак даверу і паказчык адкрытасці Беларусі і яе імкнення дапусціць міжнароднае назіранне да выбараў. З іншага боку, для Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва як шматнацыянальнай арганізацыі, якая ўключае 10 дзяржаў-членаў і 14 партнёраў па дыялогу, гэта таксама адзін з важных кірункаў дзейнасці.
Генеральны сакратар ШАС адзначыў, што падчас сваёй работы Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва ажыццявіла ўжо больш за 70 місій назірання за выбарамі.
— Падчас выбараў ШАС абагачаецца новымі ведамі і ў той жа час садзейнічае развіццю выбарчых працэсаў у дзяржавах-членах, дзяржавах-партнёрах, ажыццяўляе назіранне перш за ўсё за адпаведнасцю нацыянальнаму заканадаўству і міжнародным абавязацельствам. Пры гэтым мы кіруемся тым, што выбары — гэта першнаперш волевыяўленне народа канкрэтнай дзяржавы. Праводзяцца яны ў інтарэсах самой дзяржавы і народа гэтай краіны, таму мы настроены працаваць максімальна аб’ектыўна, нейтральна і з захаваннем заканадаўства краіны.
«Для нас гэта карысна»
Падчас сустрэчы з дэлегацыяй з М’янмы Ігар Карпенка выказаў спадзяванне, што знаходжанне назіральнікаў у Беларусі будзе камфортным. «Вы можаце наведваць любыя ўчасткі, у тым ліку тэрытарыяльныя камісіі», — дадаў ён. У той жа час ЦВК гатовы разгледзець усе пажаданні дэлегацыі падчас візіту ў Беларусь.
У сваю чаргу міжнародны назіральнік з М’янмы Аунг Со Він выказаў удзячнасць за запрашэнне назіраць за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. «У М’янме таксама сёлета будуць выбары, таму прыехалі сюды, каб паглядзець, як вы арганізавалі выбары ў Беларусі, — канкрэтызаваў ён, падкрэсліўшы, што дыпламатычным адносінам паміж краінамі ўжо 25 гадоў. — Гэта для нас вялізны вопыт, які дапаможа арганізаваць выбары ў М’янме».
Ігар Карпенка звярнуў увагу на тое, што беларускі бок таксама разглядае міжнароднае назіранне як магчымасць знаёмства з лепшымі электаральнымі практыкамі, абмен інфармацыяй, экспертным меркаваннем. «Мы дакладна так, як і вы, імкнёмся выязджаць у іншыя краіны для назірання за выбарамі для таго, каб удасканальваць сваю выбарчую сістэму», — дадаў ён.
Як паведаміў член Цэнтральнай выбарчай камісіі Пакістана Ахмед Нісар Дурані, дэлегацыя рада прымаць удзел у назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. «Спадзяёмся, што выбары ў вашай краіне пройдуць максімальна камфортна для ўсіх і вельмі паспяхова», — адзначыў ён.
Фота БелТА