Top.Mail.Ru

Ігар Карпенка правёў сустрэчы з міжнароднымі назіральнікамі і паразмаўляў з журналістамі

Цэнтральную выбарчую камісію наведала прадстаўнічая дэлегацыя міжнародных назіральнікаў з Ірана на чале з паслом гэтай краіны ў Беларусі. Акрамя таго, адбылася сустрэча старшыні Цэнтрвыбаркама з незалежным назіральнікам з Філіпін.


У размове з журналістамі Ігар Карпенка звярнуў увагу, што ў гэтыя дні прадстаўнікі Цэнтральнай выбарчай камісіі шмат кантактавалі і працягваюць мець зносіны з міжнароднымі назіральнікамі. За прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі назіралі 486 міжнародных назіральнікаў з 52 краін, у тым ліку 17 заходнееўрапейскіх. 

«Праводзім выбары для сябе, у інтарэсах сваёй краіны, свайго народа»

«І ў перыяд назірання за выбарамі, і падчас сустрэч, і цяпер, пасля правядзення выбараў, усе падкрэсліваюць, што працэс быў дэмакратычным, адкрытым, транспарэнтным, — канстатаваў старшыня Цэнтрвыбаркама. — Назіральнікі маглі наведаць любы ўчастак, ніхто іх не абмяжоўваў у кантактах з выбаршчыкамі, што яны і рабілі. Падкрэслівалі, што дастаткова шмат было СМІ, у тым ліку на выбарчых участках, дзе можна было даць інтэрв’ю, дзяліцца сваім меркаваннем адкрыта і свабодна».

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама адзначыў, што такі шырокі спектр прадстаўніцтва міжнародных назіральнікаў, уключаючы буйныя місіі ад МПА СНД, ШАС, Панаафрыканскага парламента, сведчыць аб тым, што цікавасць да нашых выбараў была даволіа высокай, што Беларусь адкрытая і даступная для назірання ўсяго выбарчага працэсу, арганізаванага ў рамках дзеючага нацыянальнага заканадаўства.

Па словах Ігара Карпенкі, у Цэнтрвыбаркам ніякіх скаргаў пасля выбараў Прэзідэнта Беларусі не паступала. «Мы пачынаем прыёмку пратаколаў з тэрыторый, рыхтуем выніковае пасяджэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі, дзе падвядзём канчатковыя вынікі, — удакладніў ён. — З моманту публікацыі пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі яны будуць афіцыйна зацверджаны».

Адказваючы на пытанне журналістаў, як старшыня ЦВК адносіцца да таго, што трапіў пад персанальныя санкцыі Вялікабрытаніі, Ігар Карпенка падкрэсліў, што расцэньвае гэта як найвышэйшую ацэнку дзейнасці Цэнтральнай выбарчай камісіі па правядзенні выбарчага працэсу. Па яго словах, тых, хто ўводзіць гэтыя санкцыі, цікавіць не тое, як арганізаваны працэс і ці адпавядае ён нацыянальнаму заканадаўству. «Іх цікавіць вынік, — адзначыў ён. — Калі вынік будзе той, які ім патрэбен, тады яны будуць ацэньваць яго зусім па-іншаму». 

Ігар Карпенка падкрэсліў, што мы праводзім выбары для сябе, у інтарэсах сваёй краіны, свайго народа. «Беларусь выбрала суверэнны шлях развіцця, адбылася як суверэнная дзяржава і мае намер далей развівацца і праводзіць самастойную, незалежную палітыку, — акцэнтаваў ён увагу. — Нягледзячы на тое, што мы невялікая краіна па тэрыторыі, невялікая па колькасці насельніцтва, у нашых людзей таксама ёсць свае інтарэсы. Мы не прэтэндуем на геапалітычныя ініцыятывы. Мы хочам жыць у міры, спакоі і дабрабыце. І не трэба ўмешвацца ў нашы ўнутраныя справы, якімі з’яўляюцца выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». 

Кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі падкрэсліў, што ЦВК будзе працягваць палітыку адкрытасці, займацца прававой асветай грамадзян, арганізоўваць сустрэчы ў працоўных калектывах, навучальных установах. Адна з мэт — паказваць перавагі нашай выбарчай сістэмы, яе трываласць і дэмакратычнасць.

«Правядзенне свабодных выбараў — пацвярджэнне таго, што краіна праводзіць незалежны курс»

Падчас сустрэч з міжнароднымі назіральнікамі з Ірана і Філіпін Ігар Карпенка выказаў удзячнасць за тое, што яны ўдзельнічалі ў назіранні за выбарамі Прэзідэнта Беларусі. 

«Такая прадстаўнічая дэлегацыя з Ірана ўпершыню прымае ўдзел у назіранні за выбарамі, — канстатаваў старшыня Цэнтрвыбаркама падчас сустрэчы з іранскімі парламентарыямі і паслом Ірана ў Беларусі. — У нас адносіны развіваюцца па ўсіх кірунках: і гандлёва-эканамічным, і палітычным, іншых. Цяпер мы адкрываем новую старонку нашага ўзаемадзеяння паміж краінамі ў галіне міжнароднага назірання за выбарамі». 

Як паведаміў у размове з прадстаўнікамі СМІ дэпутат Сходу ісламскага савета (парламента) Ірана Алі КЕШВАРЫ, галоўным адрозненнем у выбарчых працэсах нашых краін з’яўляецца тое, што ў Беларусі ёсць працэдура датэрміновага галасавання. «У Іране ж усе выбары праводзяцца ў адзін дзень, — удакладніў ён. — Мы звярнулі ўвагу, што на ўсіх участках быў высокі ўзровень парадку і высокая яўка выбаршчыкаў». 

Назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі ад Ірана ажыццяўлялі дзве дэлегацыі: ад Сходу ісламскага савета (парламента) і ад Міністэрства ўнутраных спраў. «Тое, што ў Беларусь было запрошана шмат міжнародных назіральнікаў, пацвярджае — выбары былі арганізаваны празрыста, — заўважыў Алі Кешвары. — З пункту гледжання ўсіх міжнародных прынцыпаў усё было зразумела, ясна і празрыста. Правядзенне свабодных выбараў — пацвярджэнне таго, што краіна праводзіць незалежны курс».

Сваімі ўражаннямі ад выбарчага працэсу ў нашай краіне падзялілася і дырэктар па рэгіянальных выбарах Рэспублікі Філіпіны Марыя Хуна ВАЛЕСА: «Выбары ў Беларусі даступныя для ўсіх грамадзян і ўяўляюць сабой больш свята, чым пэўную фармальную працэдуру. А высокі працэнт яўкі — паказчык таго, што выбары прайшлі паспяхова. Асабліва нас уразіла працэдура датэрміновага галасавання. У Беларусі яна праходзіць пяць дзён, і ў ёй могуць узяць удзел усе грамадзяне без выключэння. У Філіпінах датэрміновае галасаванне таксама ёсць, але яно доўжыцца адзін дзень, а таму даступна толькі для асобнага класа грамадзян. Спадзяюся, мы зможам пераняць вашу практыку ў нашай краіне».

Практыкай, вартай пераймання, па словах міжнароднага назіральніка з’яўляецца і даступнасць бюлетэняў для невідушчых людзей. Марыя Хуна Валеса звярнула ўвагу і на адкрытасць выбараў у Беларусі. «Мы наведалі шмат выбарчых участкаў і на кожным у нас была магчымасць пагутарыць з прадстаўнікамі камісій, нават з выбаршчыкамі, — удакладніла яна. — На ўчастках мы заўважылі шмат прэсы, у нас там нават узялі інтэрв’ю. На Філіпінах гэта лічылася б супрацьзаконным».

Фота БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю