У аўторак галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч дзясяты раз падоўжыў кантракт з клубам. Падпісанне новага працоўнага пагаднення адбылося па выніках сустрэчы са старшынёй Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Юрыем Караевым. У час сустрэчы былі абмеркаваны дасягнутыя вынікі і намечаны мэты для далейшага руху наперад.
Цяперашні галоўны трэнер жоўта-зялёных упершыню быў прадстаўлены першай камандзе 17 чэрвеня 2016 года. Новы кантракт з «Нёманам» падпісаны на два гады — да канца сезона-2028.
За апошнія гады пад яго кіраўніцтвам гродзенская каманда дабілася значных поспехаў. У сезоне 2024/25 «Нёман» заваяваў Кубак Беларусі, абгуляўшы ў фінале жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» з лікам 3:0. А ў 2023-м і 2024-м атрымаў сярэбраныя медалі вышэйшай лігі Нацыянальнага чэмпіянату.
У 2026 годзе каманда стала ўладальнікам Суперкубка Беларусі.
Паспяхова гродзенцы выступілі і на еўрапейскай арэне. У Лізе канферэнцый УЕФА сезона 2025/26 «Нёман» дайшоў да раунда плэй-оф кваліфікацыі, дзе саступіў іспанскаму «Раё Вальякана».
У гэтым сезоне каманда Ігара Кавалевіча займае пятае месца ў турнірнай табліцы Вышэйшай лігі і захоўвае шанцы завяршыць чэмпіянат на чацвёртай пазіцыі.