Top.Mail.Ru

Ігар МАРЗАЛЮК — пра нашых суседзяў-калабарантаў і веліч беларускага народа

Хатынь — несуцішны боль, незагойная рана беларусаў. 83 гады таму — 22 сакавіка 1943 года — вёска Лагойскага раёна Мінскай вобласці была спалена разам з жыхарамі, знікла з геаграфічнай карты Беларусі. У вогнішчы, распаленым ворагамі, а таксама суседзямі, якія размаўлялі з намі на адной мове, загінулі 149 жыхароў, большасць з якіх — 75 чалавек — былі дзецьмі... Гэты чорны дзень навечна ўпісаны ў гісторыю нашай краіны. І Хатынь такая не адна — новыя факты расследавання справы аб генацыдзе беларускага народа сведчаць пра тое, што ў жудасным спісе паселішчаў, якія паўтарылі яе лёс, — не менш як 290 назваў...


Трагедыя Хатыні і іншых спаленых разам з мірнымі жыхарамі нашых вёсак — прамое сведчанне мэтанакіраванай палітыкі генацыду ў адносінах да мірнага насельніцтва Беларусі, якую на працягу ўсяго перыяду акупацыі ажыццяўлялі нацысты. І не толькі немцы, а і нашы суседзі — украінцы, літоўцы, латышы, іншыя. Чаму доўгі час замоўчваўся гэты факт, якое значэнне маюць судовыя працэсы, што ў цяперашні час вядуцца ў дачыненні да нацысцкіх злачынцаў, ці спыніцца калі-небудзь агрэсіўная атака на нашу гістарычную памяць, пагаварылі са старшынёй Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай Акадэміі навук, доктарам гістарычных навук, прафесарам Ігарам Марзалюком.


— Ігар Аляксандравіч, доўгі час аб многіх злачынствах фашыстаў і іх памагатых з ліку нашых суседзяў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўчыняліся на тэрыторыі Беларусі, мала хто ведаў. Чаму маўчалі гісторыкі?

— Гэта тэма была табуіравана ў савецкі час. Калі гаварылі пра ўдзел грамадзян СССР у карных аперацыях, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі, то імкнуліся не акцэнтаваць увагу на нацыянальным характары тых ці іншых падраздзяленняў паліцэйскіх, якія бралі ўдзел у вынішчэнні беларускага насельніцтва. Ствараўся вобраз, што ў першую чаргу ва ўсіх найбольш лютых злачынствах вінаваты менавіта нямецкія карнікі, СС. Гэта была абсалютна прадуманая рэч. Аднак афіцыйны канцэпт дружбы народаў у дадзеным выпадку выконваў, можа быць, не самую лепшую ролю, і казаць аб тым, што гэта тэма была цалкам табуіравана, нельга. Узяць хоць бы мастацкую літаратуру, «Карнікі» Алеся Адамовіча, дзе прысутнічаюць падраздзяленні з калабарантаў розных нацыянальнасцяў. Пра гэтыя рэчы пісалі, але, безумоўна, увагу на іх не акцэнтавалі. Ёсць калегі, якія і сёння лічаць, што гэтага рабіць не трэба, што, маўляў, трэба гаварыць толькі пра гераізм і пра герояў.

— Тым не менш, ваша новая кніга «Кроў на белым тле. Беларускія калабарацыяністы ў часы акупацыі БССР» прысвечана гісторыі здрадніцтва...

— Здраднікі трапляюцца ў любым народзе. Самае важнае — працэнт здраднікаў і пазіцыя большасці насельніцтва. Калі мы гаворым пра нашу краіну, Беларусь — самая антынацысцкая з усіх акупаваных рэспублік не толькі Савецкага Саюза, але і ў цэлым у Еўропе. У нас самая малая колькасць — мізэрная — тых, хто пайшоў служыць немцам. І самая вялікая колькасць партызан. А яшчэ, акрамя партызанскага руху, у нас самае магутнае супраціўленне. Гэта і беларускія праведнікі свету, якія ратавалі яўрэяў. Гэта людзі, якія рознымі формамі няўзброенага супраціўлення супрацьстаялі нацызму. У той жа час немцы ведалі пра ўсе нацыянальныя прэтэнзіі, якія існавалі ў нашых суседзяў і ў нас. Яны выдатна нацкоўвалі адных на другіх, ювелірна выкарыстоўваючы гэту сітуацыю.

— Асабліва лютавалі на беларускай зямлі латышы. Менавіта на іх руках — у тым ліку — кроў мірных жыхароў Расонскага, Дрысенскага і Асвейскага (цяпер Верхнядзвінскага) 
раёнаў. Апошні за паўтара месяца быў пераўтвораны ў пустыню...

— Латышскія нацыяналісты марылі пра вялікую Латвію да Полацка ўключна. Для гэтага патрэбны былі этнічныя чысткі і вынішчэнне беларускага насельніцтва. Яны планавалі зрабіць паласу без насельніцтва ў 100 кіламетраў, атрымалася «толькі» 40. Толькі два народы мелі беларускіх дзяцей-рабоў: немцы і латышы. Яны прадавалі нашых дзяцей у Рызе, расцэнкі публікавалі ад 5 да 20 рэйхсмарак. А тых, хто быў слабы, адпраўлялі ў Саласпілскі лагер смерці.

Акупацыя Беларусі — гэта апошні падзел нашай рэспублікі. Украінскія нацыяналісты мелі тэрытарыяльныя прэтэнзіі на ўсё беларускае Палессе, што і адбылося. Немцы непасрэдна ў склад Германіі і Усходняй Прусіі забралі Беласточчыну і Гарадзеншчыну, уключна з Гродна. Нямецкім горадам стаў і Ваўкавыск. Там быў іншы рэжым акупацыі. Літоўцы «адкусілі» свой кавалак Гарадзеншчыны і Заходняй Віцебшчыны. А яшчэ Віцебшчына і Магілёўшчына — гэта тыл групы армій «Цэнтр». Ён не стаў часткай Беларутэніі, бо змянілася сітуацыя на фронце. На розныя кавалкі тэрыторыі — розныя акупацыйныя рэжымы. Немцы выдатна гулялі на гэтых вагах, інструментах, закраналі вельмі балючыя аспекты нацыяналістычных канцэптаў. У выніку больш за ўсіх пацярпеў наш народ. Ва ўмовах вайны ўсё самае агіднае, што ёсць у чалавеку, вылазіць на паверхню. 

Беларусы, як ніякая іншая нацыя, даказалі, што беларускасць — гэта людскасць. Абсалютная большасць нашых людзей не стала спавядаць нацысцкую прапаганду, рызыкуючы жыццём сваіх дзяцей, ратавалі дзяцей чужых. У гэтым сіла і веліч беларускага народа.

— 11 сакавіка прыгаворам Вярхоўнага Суда Ганс Зіглінг, які ўваходзіў у склад СС і ахоўнай паліцыі, прызнаны вінаватым у генацыдзе беларускага народа. Аналагічныя судовыя працэсы ў дачыненні да нацысцкіх злачынцаў праходзілі і раней. Заслужаны прысуд вінаватыя ў генацыдзе атрымалі ўжо пасля смерці. Для нашых апанентаў знайшлася чарговая тэма для ляпання языком: маўляў, мёртвых судзяць...

— Пакуль чалавек юрыдычна не асуджаны, ён дэ-юрэ не вінаваты. Калі прызнаецца віна чалавека, то мы падводзім рысу, кваліфікавана заяўляем, што ён крымінальны злачынец. Што датычыцца Ганса Зіглінга, тут ёсць вельмі цікавыя моманты, пра якія тыя, хто праслаўляе карныя беларускія падраздзяленні, не любяць казаць. Ён спачатку разам са 118-м украінскім батальёнам вынішчаў, выпальваў на тэрыторыі Беларусі вёскі, а потым стаў камандзірам ахоўнай дывізіі, якая складалася з украінскіх і нашых паліцаяў. Потым была сфарміравана 30-я грэнадзёрская дывізія Вафэн-СС, у складзе якой была брыгада СС Беларусі. Такім чынам, нашы недабіткі падпарадкоўваліся Зіглінгу.

— Калі спыніцца агрэсіўная атака на нашу гістарычную памяць? І ці адбудзецца гэта ўвогуле?

— Пасля 1991 года, калі распаўся Савецкі Саюз, узніклі новыя дзяржавы. Кожная з іх вырашыла стварыць сваю новую нацыянальную ідэнтычнасць. І вельмі часта этнічныя нацыяналісты сталі абвяшчацца «сапраўднымі нацыянальнымі героямі». Многія з іх на той момант яшчэ былі жывыя. Гэта паспрыяла таму, што на хвалі антыкамунізму, які быў трэндам у 1991 годзе, калі ва ўсіх грахах — сапраўдных і несапраўдных — абвінавачвалі камуністычную партыю, Савецкі Саюз, татальна адмаўлялі савецкі перыяд у гісторыі, узнікла такая спакуса, магчымасць для тых, хто хацеў рэабілітаваць злачынцаў, паставіць знак роўнасці паміж сталінскімі рэпрэсіямі і нацысцкім генацыдам. Усё гэта рабілася для таго, каб, з аднаго боку, перабольшана паказаць ролю саюзнікаў у Перамозе, з іншага, прынізіць ролю, якую адыграў Савецкі Саюз у разгроме нацызму ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Прыйдзе час, калі спакойна, узважана, без палітызацыі будуць аб’ектыўна ацэньваць мінулае. Але гісторыя — гэта навука маральная. Мараль ніхто не адменіць у гістарычным працэсе. Не створана такой ідэалогіі, у імя якой можна знішчаць жанчын і дзяцей. Тыя, хто займаўся забойствам і рабаўніцтвам, якой бы нацыянальнасці яны ні былі, назаўсёды застануцца злачынцамі, а тыя, хто парушыў сваю прысягу, — здраднікамі.

Вераніка КАНЮТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю