Top.Mail.Ru

Ігар Сергяенка агучыў задачы, якія стаяць перад гістарычнай супольнасцю

Прымаючы ўдзел ва ўрачыстым сходзе з нагоды 90-годдзя гістарычнага факультэта БДУ, Старшыня Палаты прадстаўнікоў азнаёміўся з вучэбнымі аўдыторыямі і музеем абноўленага будынка. Свой юбілей адзін са старэйшых факультэтаў галоўнай ВНУ краіны адсвяткаваў у кастрычніку 2024 года. Аднак адзначаць прыгожую дату было вырашана ў родных сценах — пасля маштабнай рэканструкцыі гістфак БДУ адчыніў свае дзверы ў студзені гэтага года.


Звяртаючыся да прафесарска-выкладчыцкага саставу факультэта, ветэранаў, а таксама да будучых гісторыкаў, Ігар Сергяенка, які сам з’яўляецца выпускніком гістфака БДУ, адзначыў слаўныя традыцыі факультэта і людзей, якія гэтыя традыцыі заклалі і працягваюць. 

Па словах Старшыні Палаты прадстаўнікоў, цяперашнія студэнты-гісторыкі, увогуле студэнты БДУ з’яўляюцца інтэлектуальнай элітай грамадства. «Менавіта вам, маладым хлопцам і дзяўчатам, трэба будзе фарміраваць аблічча нашай краіны ў будучыні, — падкрэсліў ён. — Але спачываць на лаўрах сёння не даводзіцца. Вы бачыце, якая сітуацыя складваецца ў свеце, вакол нашых межаў, і, безумоўна, тую інфармацыйную вайну, якая вядзецца не толькі каля нашых грані, але і на нашай тэрыторыі. І жыццё ставіць перад намі новыя задачы».

Нягледзячы на святочны настрой, Ігар Сергяенка агучыў задачы, якія сёння стаяць перад гістарычнай супольнасцю.

Па-першае, па яго словах, варта паставіць надзейную заслону фальсіфікацыі гісторыі. «Ад гэтага напрамую залежыць і захаванне народнага адзінства, і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, бо спекуляцыі на гістарычную праблематыку нясуць рэальную пагрозу нацыянальнай бяспецы», — канстатаваў спікер. 

Па-другое, даследчая праца, па меркаванні Старшыні Палаты прадстаўнікоў, павінна быць накіравана на раскрыццё тым, якія хвалююць грамадства і ляжаць у аснове ідэалагічных дыскусій. «Не трэба баяцца ў сваіх працах закранаць спрэчныя старонкі нашай краіны, — заклікаў ён. — Вядома, тут не павінна быць перагібаў, зацыкленасці на тым ці іншым пастулаце. Асноўны крытэрый ацэнкі, як заўсёды (гэта было і застаецца), — аб’ектыўнасць любога даследавання. Вы павінны фарміраваць гістарычную памяць толькі на навуковай аснове і аб’ядноўваць народ, грунтуючыся на прынцыпах, закладзеных у аснову палітычнага курсу беларускага народа. Гэта міралюбнасць, сацыяльная справядлівасць, гуманізм, талерантнасць да культур, рэлігіі, традыцый прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцяў, якія пражываюць у Беларусі».

Па-трэцяе, Ігар Сергяенка адзначыў важнасць папулярызацыі гісторыі. «Вядучую ролю тут адыгрывае Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта, — канкрэтызаваў ён. — Зроблена нямала: унесены значныя карэкціроўкі ў гістарычную адукацыю, падрыхтаваны новыя навучальныя дапаможнікі, мы вярнуліся фактычна да выкладання гісторыі беларускай дзяржаўнасці ва ўсіх ВНУ, у тым ліку і негуманітарнага профілю, вызначаны прыярытэтныя тэмы дысертацыйных даследаванняў і курсавых, дыпломных работ, рэкамендацыі па ўдасканаленні выкладання ўсяго цыклу гуманітарных дысцыплін».

Але акрамя дзяржавы, па словах Старшыні Палаты прадстаўнікоў, у прапагандзе гістарычных ведаў неабходна больш шырока выкарыстоўваць грамадскія ініцыятывы выкладчыкаў і будучых спецыялістаў-гісторыкаў. 

Па-чацвёртае, навукоўцы-гісторыкі павінны пашыраць практыку сустрэч з настаўнікамі, навучэнцамі, краязнаўцамі, робячы акцэнт на заахвочванні моладзі да вывучэння айчыннай гісторыі, яе практычным уключэнні ў справу захавання гістарычнай памяці. «Тым больш, мы сёння фіксуем, што інтарэс да гісторыі не толькі ў нашай краіне, а і ў свеце значна ў апошнія гады ўзрос», — заўважыў Ігар Сергяенка. 

Па завяршэнні выступлення спікер пажадаў калектыву творчай актыўнасці, новых адкрыццяў, талковых, мэтанакіраваных студэнтаў, моцнага здароўя для ажыццяўлення ўсіх планаў, а гістарычнаму факультэту БДУ — аб’яднаць вакол сябе ўсю гістарычную супольнасць пад эгідай Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта. 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю