Арганізацыя працы, дысцыпліна, новая тэхніка
Старшыня Палаты прадстаўнікоў, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці Ігар Сергяенка падчас рабочай паездкі ў Пастаўскі раён правёў выязны прыём грамадзян і азнаёміўся са станам спраў у аграпрамысловым комплексе, наведаўшы адну з буйных гаспадарак рэгіёна.

На базе Пастаўскага райвыканкама Ігар Сергяенка правёў выязны прыём грамадзян. Жыхароў Пастаўшчыны хвалявалі пытанні аховы здароўя, пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у тым ліку пытанні прадастаўлення арэнднага жылля. На ўсе звароты грамадзян былі дадзены дакладныя і канкрэтныя тлумачэнні і рэкамендацыі ад кваліфікаваных спецыялістаў. Асобныя пытанні Старшыня Палаты прадстаўнікоў узяў на асабісты кантроль.

Затым кіраўнік дэпутацкага корпуса азнаёміўся са станам спраў у сферы АПК. Ігар Сергяенка наведаў адно з перадавых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Пастаўскага раёна — ААТ «Навасёлкі-Лучай», дзе азнаёміўся з ходам нарыхтоўкі кармоў і арганізацыяй работы механізаванага двара.
Як падкрэсліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў у размове з журналістамі, на гэтым тыдні ўсе дэпутаты працуюць у сваіх выбарчых акругах, праводзяць сустрэчы з насельніцтвам, выступаюць у калектывах, вывучаюць праблемныя пытанні, якія сёння хвалююць выбаршчыкаў, жыхароў нашых рэгіёнаў.
Падводзячы вынікі выязнога прыёму грамадзян, спікер адзначыў пытанні, якія датычацца налічэння пенсій, пастаноўкі на чаргу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, выдзялення жылля і добраўпарадкавання. «Па многіх пазіцыях мы знаходзілі рашэнне і тлумачэнне на законным узроўні. Не ўсіх, напэўна, задаволілі адказы, але закон для ўсіх аднолькавы», — акцэнтаваў увагу Ігар Сергяенка.


Кіраўнік дэпутацкага корпуса таксама звярнуў увагу, што многія заяўнікі да гэтага моманту не звярталіся ў ніжэйстаячыя інстанцыі.
Яшчэ адзін напрамак, які актыўна вывучае ўпаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы, — правядзенне сельскагаспадарчых работ у Пастаўскім раёне і ў цэлым у Віцебскай вобласці. Старшыня Палаты прадстаўнікоў вылучыў дзве тэмы, якія актуальныя сёння для сельскай гаспадаркі рэгіёна, — нарыхтоўка кармоў і догляд пасеваў.
Паводле аператыўнай інфармацыі, дадаў Ігар Сергяенка, тэмпы правядзення сельгасработ некалькі вышэйшыя, чым у мінулым годзе. Так, назіраецца прырост у паўтара раза па нарыхтоўцы кармоў і хімічнай праполцы. Хімпраполка завершана на 92 % плошчаў.
Спікер таксама звярнуў увагу на складаныя ўмовы надвор’я, якія нават паспяховай гаспадарцы перашкаджаюць выйсці ў поле. «Мы бачым, што вельмі складана зайсці на поле тэхніцы, каб правесці апрацоўку. У гэтых мэтах знаходзяцца новыя варыянты, у тым ліку выкарыстоўваецца і беспілотная авіяцыя — з дапамогай квадракоптараў апрацоўваюцца палі», — канкрэтызаваў Ігар Сергяенка.

Нягледзячы на капрызы надвор’я, сёння скошана 80 % ад плана — у сховішчах гаспадаркі ўжо каля 9 тысяч тон сенажу — па 4 кармавыя адзінкі на ўмоўную галаву. Тэмпы работ змяншаць не плануюць.
Спікер таксама ацаніў стан і выкарыстанне мехдвара, спраўнасць тэхнікі і бяспечныя ўмовы працы. Сёлета аўтапарк узмацнілі — атрымалі новую тэхніку для ўборкі кукурузы і сянажнай масы.


«У цэлым, сёлета тэмпы работ у некалькі разоў вышэйшыя за кошт арганізацыі працы, за кошт дысцыпліны, за кошт набыцця новай тэхнікі. У сельскагаспадарчыя прадпрыемствы паступілі энерганасычаныя трактары, касілкі і іншыя агрэгаты. Мы сёння праехалі, паглядзелі — добрыя віды на ўраджай і збожжавых, і травы нядрэнныя. Але даводзіцца ўлічваць капрызы нашага надвор’я», — падзяліўся кіраўнік дэпутацкага корпуса.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў дастаткова аптымістычны настрой працаўнікоў і кіраўніцтва сельскай гаспадаркі. «Вядома ж, надвор’е стрымлівае тэмпы і можа адбіцца ў тым ліку на якасці нарыхтаваных кармоў. У цэлым па Віцебшчыне на сённяшнюю раніцу ў адпаведнасці са зводкай нарыхтавана прыкладна 5,5 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Гэта вышэй, чым летась у некалькі разоў. Будзем спадзявацца, што тэмпы будуць нарастаць з улікам больш пагодлівых дзён», — рэзюмаваў Ігар Сергяенка.
***
На зваротным шляху спікер Палаты прадстаўнікоў наведаў філіял прадпрыемства «Мінаблаграсэрвіс» на Мядзельшчыне.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Палаты прадстаўнікоў
Пастаўскі раён