Пытанні, з якімі да Старшыні Палаты прадстаўнікоў звярталіся як мінчане, так і жыхары іншых рэгіёнаў, датычыліся добраўпарадкавання тэрыторыі, даступнасці медыцынскай дапамогі, якаснага водазабеспячэння. Узнімалі грамадзяне і прыватныя праблемы, якія ўплываюць на спакойнае пражыванне. Шэраг пытанняў, дарэчы, былі вырашаны да правядзення прыёму: шукаючы дапамогі ў вышэйшых дзяржаўных органах, людзі нярэдка абмінаюць мясцовую уладу, у кампетэнцыі якой знаходзяцца многія пытанні.
(Не)даступная амбулаторыя
Іншая справа, калі туды ўжо звярталіся, але належнай дапамогі, па словах заяўнікаў, не атрымалі. У прыватнасці, жыхары ваеннага гарадка Заслонава агучылі праблему аддалннасці ўрачэбнай амбулаторыі. Пенсіянеры звярнуліся з прапановай перанесці ўстанову аховы здароўя ў жылую зону. Па іх словах, для таго, каб атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу, ім трэба пераадолець немалы шлях.
«Для многіх людзей, асабліва пенсіянераў і маладых мам, гэта практычна недаступна або часткова даступна», — патлумачыў Юрый Іосіфавіч. І на сваім прыкладзе расказаў, што аднойчы ў дрэнным стане ішоў да амбулаторыі на працягу гадзіны 45 хвілін, у выніку яму паставілі дыягназ — інфаркт міякарда.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў не раз быў у Заслонаве, таму добра уяўляе, дзе тэрытарыяльна знаходзіцца амбулаторыя. Як вырашаецца пытанне, спікер пацікавіўся ў кіраўніцтва Лепельскага райвыканкама, якое ў відэафармаце выйшла на сувязь. Як праінфармавала намеснік старшыні Вераніка Хамбак, зона абслугоўвання Заслонаўскай амбулаторыі выходзіць за межы Горскага сельскага Савета і ўключае 24 населеныя пункты, колькасць жыхароў якіх звыш трох тысяч. «Асноўная задача выканкама — зрабіць так, каб да амбулаторыі было зручна дабірацца жыхарам усёй зоны абслугоўвання, — патлумачыла яна. — Калі ўздымаецца пытанне аб пераносе амбулаторыі ў іншае месца, адразу ж паступаюць скаргі ад жыхароў іншых населеных пунктаў».
Філіял амбулаторыі, размешчаны на першым паверсе жылога дома ў Заслонаве, многіх не задавальняе: кабінет урача агульнай практыкі і фельдчара працуе тры дні на тыдзень з 9.00 да 13.00. Ігар Сергяенка пацікавіўся ў кіраўніцтва раёна, ці мэтазгодна пашырыць філіял амбулаторыі, які знаходзіцца ў жылой зоне. У райвыканкаме паабяцалі, што зоймуцца вывучэннем гэтага пытання. У сваю чаргу, Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што для вывучэння гэтай праблемы ў бліжэйшы час у населены пункт выедзе група дэпутатаў. «З Міністэрства аховы здароўя ўключым людзей, — удакладніў ён. — Разбярэмся комплексна, каб паставіць кропку ў гэтым пытанні. Знайду час, каб выехаць на месца і паглядзець».
Карыстаючыся выпадкам, Ігар Сергяенка пацікавіўся ў жыхароў Заслонава, ці наведзены парадак на тэрыторыі населенага пункта. Падчас аднаго з выездаў у гэты населены пункт Старшыня Палаты прадстаўнікоў звяртаў увагу на добраўпарадкаванне населенага пункта, якое жадала лепшага. Як запэўнілі мясцовыя жыхары, парадак у вёсцы наведзены. У прыватнасці, зроблены капітальны рамонт Заслонаўскай сярэдняй школы, за што ў адрас спікера прагучалі словы падзякі — і ад настаўнікаў, і ад вучняў, і ад іх бацькоў.
«Гэта не толькі мая заслуга, гэта заслуга Лепеля, Віцебскага аблвыканкама, Міністэрства адукацыі, — удакладніў ён. — Цяпер самае галоўнае, каб дзеці і настаўнікі, якія там працуюць, захавалі тое, што ёсць. На гэтым прыкладзе вось што хачу сказаць. З боку ўлады — рух ёсць (фінансаванне, будаўніцтва), а з боку насельніцтва ніякіх мер не прымалася, каб там суботнік арганізаваць, пасадзіць дрэвы і іншае».
Мосцік пра Свіслач і дзяржаўна-прыватнае партнёрства
Пытанне добраўпарадкавання ўзнялі падчас прыёму грамадзян і жыхары сталічнай Серабранкі. Пенсіянеры паскардзіліся, што неаднаразова звярталіся ў розныя дзяржаўныя органы з просьбай аб будаўніцтве пешаходнага мосціка праз раку Свіслач у Лошыцкі парк на перасячэнні вуліц Пляханава і Якубава.
«Для таго, каб нам трапіць у Лошыцкі парк, нам неабходна прайсці дзве тысячы крокаў — толькі ў адзін бок, — патлумачыла Наталля Нілаўна. — На жаль, гэта вельмі складана для нас, пенсіянераў».
У Мінгарвыканкаме і Адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска, куды раней звярталіся заяўнікі, патлумачылі, што будаўніцтва пешаходнага мосціка ў дадзеным месцы забаронена. Найперш гэта тлумачыцца балоцістай мясцовасцю, зонай падтаплення, што паўплывае на ўстойлівасць канструкцыі.
Ігар Сергяенка паведаміў, што выедзе на месца, каб асабіста азнаёміцца з праблемай. «Мы вывучым, што там можна зрабіць, якія сродкі для гэтага неабходны, — удакладніў ён. — Тэму пачуў. Наколькі яна актуальная і важная, з выездам на месца разбярэмся».
Мінчанка Ала Аляксандраўна звярнулася з просьбай перадаць воданапорную вежу ААТ «Баравое» на баланс КУП «Вадаканал Дзяржынскага раёна» ў сувязі з тым, што водазабеспячэнне ў вёсцы Вішнёўка Дзяржынскага раёна ажыццяўляецца з прыватных калодзежаў. Вада, па словах заяўніцы, у калодзежах адсутнічае.
Як праінфармаваў старшыня Дзяржынскага райвыканкама Максім Лысенка, новыя сеткі водазабеспячэння ў цяперашні момант у раёне не будуюцца.
«У нас каля 215 кіламетраў па раёне звышнарматыўных сетак, якія патрэбна перакладаць, — заўважыў ён. — Сёння свідравіна на балансе сельгаспрадпрыемства. Мы гатовы яе забраць, прачысціць, пры неабходнасці пабудаваць станцыю абезжалезвання, але сеткі мясцовым жыхарам трэба будзе пракладаць самім».
Па словах старшыні райвыканкама, на цяперашні момант у вёсцы пражывае 28 чалавек, у летні перыяд — 46 жыхароў. Сетак давядзецца пракладаць не менш як 1,5 кіламетра, што патрабуе немалых грашовых выдаткаў. Калі жыхары гатовы гэта прафінансаваць, райвыканкам акажа падтрымку ў іншых пытаннях.
«Ёсць такі тэрмін, як дзяржаўна-прыватнае партнёрства, — звяртаючыся да заяўніцы, удакладніў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Ён прымянімы на прыкладзе вашага населенага пункта: нешта робіць райвыканкам, нешта трэба збіраць. Гэта адзінае рашэнне вашага пытання».
Калі сусед — дэбашыр
Жыхарка Кастрычніцкага раёна сталіцы паскардзілася на суседа, які не так даўно вызваліўся з месца пазбаўлення волі і сістэматычна парушае грамадскі парадак. «Калі дзесяць дзень у месяц спакойна, гэта ўжо добра», — заўважыла жанчына.
Супрацоўнікі органаў унутраных спраў рэгулярна праводзяць з грамадзянінам прафілактычную работу, яго кватэра знаходзіцца на ўліку як прытон. Але, паколькі сусед жанчыны з’яўляецца інвалідам першай групы, размяшчаць яго ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў не маюць права.
У сваю чаргу, Ігар Сергяенка пацікавіўся ў начальніка Кастрычніцкага РУУС г. Мінска, колькі падобных тэм на тэрыторыі раёна. Як высветлілася, гэта адзінкавы выпадак. Са свайго боку, як запэўніў Аляксандр Гільдзюк, робіцца ўсё для таго, каб мужчына стаў на шлях выпраўлення, а жыхары шматкватэрнага дома жылі спакойна. Як звярнуў увагу спікер, падобныя выпадкі, калі грамадзяне, прыкрываючыся сваім статусам, пазбягаюць справядлівай адказнасці і ствараюць невыносныя ўмовы для суседзяў, не адзінкавыя ў маштабах краіны. У сувязі з гэтым не абыдзецца без дапамогі дэпутатаў: па словах Ігара Сергяенкі, гэта пытанне будзе разгледжана ў межах заканадаўства.
Фота БелТА.