Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што Беларусь надае найважнейшае значэнне ўмацаванню і далейшаму развіццю адносін з Узбекістанам. У аснове двухбаковага супрацоўніцтва, як падкрэсліў спікер, заўсёды былі і застаюцца сяброўства і ўзаемапаразуменне.
«Плённа развіваецца дыялог на найвышэйшым узроўні, — канстатаваў Ігар Сергяенка. — Высока ацэньваем візіт кіраўніка нашай дзяржавы ва Узбекістан у лютым мінулага года. Гэта дало дадатковы імпульс і штуршок для развіцця нашых адносін. Кантакты на найвышэйшым палітычным узроўні сур’ёзна стымулююць і развіццё эканамічных адносін».
Важным складнікам эканамічных адносін з’яўляюцца міжрэгіянальныя сувязі. «Летась у лютым прайшоў другі Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, — нагадаў Ігар Сергяенка. — Упэўнены, што ўмацаванне супрацоўніцтва паміж абласцямі Беларусі і Узбекістана будзе на карысць у вырашэнні рэгіянальных пытанняў. Мы, парламентарыі, у сваю чаргу, гатовы падключыцца да гэтай работы».
Кажучы ў цэлым аб міжпарламенцкіх кантактах, Старшыня Палаты прадстаўнікоў канстатаваў, што яны становяцца ўсё больш рэгулярнымі.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў нагадаў, што ў парламентах абедзвюх краін створаны групы дружбы. Спікер перакананы, што яны павінны больш актыўна працаваць: уносіць свой уклад у заканадаўчае суправаджэнне праектаў, якія рэалізуюцца, кантраляваць іх ажыццяўленне.
«Наша задача — на заканадаўчым, дыпламатычным узроўнях і надалей памнажаць сяброўскія сувязі паміж народамі, падтрымліваць станоўчыя тэндэнцыі, якія ў апошнія гады ўсё больш яскрава праяўляюцца ў двухбаковых адносінах», — рэзюмаваў Ігар Сергяенка, падкрэсліўшы, што беларускія парламентарыі заўсёды будуць рады бачыць узбекскіх сяброў на нашай гасціннай зямлі.
У сваю чаргу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Рахматула Назараў адзначыў: «На ўсіх пляцоўках мы падтрымліваем шчыльныя, добрыя адносіны. З кожным годам умацоўваецца палітычны дыялог паміж нашымі краінамі. Усё дзякуючы таму, што ўстаноўлены сяброўскія, вельмі блізкія, добрыя кантакты паміж нашымі лідарамі».
Фота БелТА