Top.Mail.Ru

Самае важнае — наша краіна захавала сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі

У сераду, 25 сакавіка, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, выбраныя ад Мінскай вобласці, на чале са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Ігарам Сергяенкам у Смілавіцкім дзяржаўным каледжы падчас круглага стала абмеркавалі пытанні падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў сярэдняга звяна для аграпрамысловага комплексу нашай краіны. Карэспандэнт «Звязды» даведалася падрабязнасці.

Месца правядзення круглага стала было выбрана невыпадкова, заўважыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. «Мы працягваем практыку наведвання прадпрыемстваў, арганізацый, у якіх працавалі нашы дэпутаты, — дадаў Ігар Сергяенка. — Кіраўніком Смілавіцкага дзяржаўнага каледжа да выбрання ў Палату прадстаўнікоў быў Юрый Васільевіч Корсік».

Акрамя таго, стаяла задача азнаёміцца з працэсам навучання, матэрыяльна-тэхнічнай базай, вывучыць, што неабходна ўлічыць у найбліжэйшай будучыні пры карэкціроўцы заканадаўства па разгляданых пытаннях з улікам меркавання правапрымяняльнікаў, мясцовых выканаўчых органаў, кіраўнікоў навучальных устаноў.

«Самае важнае — наша краіна захавала сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у той час як у іншых дзяржавах постсавецкай прасторы ўжо адчулі вастрыню праблемы», — падкрэсліў спікер.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў таксама адзначыў, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка паставіў шэраг задач у гэтай сферы. Так, неаднаразова падкрэслівалася, што неабходна кардынальна палепшыць падрыхтоўку кадраў для АПК, арыентуючыся на мадэрнізаваную вытворчасць. 


«Мы бачым, што працаваць з новай тэхнікай няпроста, — адзначыў Ігар Сергяенка. — Гэта патрабуе пэўных ведаў і навыкаў, на аснове якіх фарміруецца прафесіяналізм нашых кадраў. Каледжам было даручана вызначыцца з заказчыкамі кадраў, а ўраду — звярнуць увагу на гэту праблему і замацоўваць за каледжамі канкрэтныя гаспадаркі або арганізацыі».

Для вырашэння названых пытанняў робіцца многае, у тым ліку і з удзелам дэпутацкага корпуса. У прыватнасці, фарміруецца неабходная заканадаўчая база. 

З 2011 года дзейнічае Кодэкс аб адукацыі, які ўключыў у сябе ўсю структуру сістэмы адукацыі.

У мінулым годзе былі ўнесеныя змяненні ў Закон «Аб дарожным руху». 17-гадовыя грамадзяне могуць кіраваць трактарамі і рознымі камбайнамі і на перыяд практыкі прымаць удзел у пасяўных і ўборачных работах. Ужо сёлета для папаўнення недахопу механізатараў у краіне прыцягваюцца 660 выпускнікоў і практыкантаў навучальных устаноў Беларусі.

Нядаўна ўнесены запатрабаваныя жыццём змяненні ў Кодэкс аб адміністрацыйнай адказнасці, якія таксама вырашаюць асобныя пытанні падрыхтоўкі кадраў у АПК. 

Спікер таксама адзначыў, што літаральна ўчора дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў быў прыняты ў другім чытанні праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях нарматворчай дзейнасці», якім заканадаўча замацоўваецца перадача Палаце прадстаўнікоў паўнамоцтваў па ажыццяўленні кантролю за рэалізацыяй заключных палажэнняў прынятых законаў. 

«Мы разлічваем на ваша актыўнае садзейнічанне, — звярнуўся Ігар Сергяенка да ўсіх прысутных. — Каб убачыць праблемы, калі закон не працуе».

У Пасланні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да беларускага народа і Нацыянальнага сходу ў 2025 годзе адным з прыярытэтаў дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі выдзелена тэма замацавання кадраў на вёсцы, нагадаў спікер.

«Мы (дэпутацкі корпус. — „Зв.“ ) таксама падрыхтавалі свае прапановы па пытаннях стымулявання пераезду людзей у сельскую мясцовасць», — дадаў спікер.

Прапановы таксама датычацца пытанняў заработнай платы ў сельскай гаспадарцы, актуалізацыі сацыяльнай палітыкі ў частцы аказання садзейнічання ў пераездзе ў сельскую мясцовасць, стымуляванне развіцця асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на тэрыторыі сельскай мясцовасці, уключаючы сялянскія (фермерскія) гаспадаркі.

У размове з журналістамі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка адзначыў, што галоўнай задачай было не толькі прадоўжыць практыку наведвання арганізацый, дзе працавалі дэпутаты, але і паглядзець, як змены ў заканадаўстве працуюць на практыцы.

«З дакладаў мы пачулі: толькі ў адным Капыльскім дзяржаўным каледжы сёння 60 выпускнікоў могуць працаваць падчас пасяўных работ на такой тэхніцы. Прагучалі прапановы пашырыць гэту практыку і на іншыя катэгорыі навучэнцаў». 

Па словах спікера, удзельнікі круглага стала выказалі шэраг прапаноў па ўдасканаленні падрыхтоўкі кадраў.

«Заканадаўчая база выбудаваная. Магчыма, пытанні трэба вырашаць не на ўзроўні законаў, а на ўзроўні рашэнняў урада або адпаведных міністэрстваў. Усе ініцыятывы, якія паступілі, будуць комплексна вывучаны», — рэзюмаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.

У круглым стале таксама ўзялі ўдзел намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Дзяніс Курленка, старшыня Чэрвеньскага раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Навіцкі, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, сельскай гаспадаркі і харчавання, Мінскага аблвыканкама, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, а таксама члены Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў.

Яна ВАЛАСАЧ

г. п. Смілавічы


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю