Працоўны дзень Старшыні Палаты прадстаўнікоў у Віцебскай вобласці пачаўся з інспектавання сельскагаспадарчых арганізацый Чашніччыны. У полі зроку — малочнатаварны комплекс і малочнатаварная ферма ААТ «Проземля-Агра», якія група дэпутатаў ужо правярала напрыканцы лютага. У ходзе паўторнай праверкі Ігар Сергяенка азнаёміўся з вынікамі зімоўкі жывёлы, арганізацыяй кармлення і ўмовамі захавання кармоў, выкананнем ветэрынарна-санітарных правілаў і тэхналагічнай дысцыпліны. Не засталася без увагі парламентарыя ступень гатоўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі «Проземля-Агра» да вясновых палявых работ — яна ацэньваецца як высокая.
На пасяджэнні Чашніцкага райвыканкама з удзелам Старшыні Палаты прадстаўнікоў былі падведзены вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў 2024 годзе і акрэслены перспектывы і задачы на бягучы год. Адкрываючы пасяджэнне, Ігар Сергяенка адзначыў: Прэзідэнт неаднойчы гаварыў аб тым, што адзін з галоўных дзяржаўных арыенціраў на будучую пяцігодку — развіццё рэгіёнаў.
«Гэта стварэнне такіх умоў, каб тут заставаліся і камфортна жылі людзі. І вельмі добра, што было вырашана сёлета правесці абласныя „Дажынкі“ менавіта ў Чашніках.
Гэта выдатны для горада шанц змяніцца ў лепшы бок», — сказаў спікер.
На сёння ў Чашніцкім раёне пражываюць 26,4 тысячы чалавек, з якіх 6900 — сельскае насельніцтва. Не першы год раён знаходзіцца на лідарскіх пазіцыях у вобласці па паказчыку развіцця сельскіх рэгіёнаў.
Па выніках мінулага года рост экспарту тавараў і паслуг Чашніччыны склаў 130 % і 124 % адпаведна. Па ўзроўні заработнай платы раён знаходзіцца на другім месцы ў вобласці з паказчыкам 1,9 тысячы рублёў, прычым такі ўзровень забяспечвае не толькі Лукомльская ДРЭС, але і шэраг прамысловых флагманаў — папяровая фабрыка «Чырвоная зорка», завод керамзітавага жвіру і іншыя.
Разам з тым выручка ад сельскай гаспадаркі ў эканоміцы раёна складае ўсяго 8,9 %. Па выніках мінулага года ў сельгаспрадпрыемствах скарацілася пагалоўе жывёлы, на што паўплывала цяжкая зімоўка і недахоп кармоў. Сёлета сітуацыя палепшылася, але ўсё роўна застаецца незадавальняльнай. У Чашніцкім раёне толькі дзве фермы пабудаваны па сучасных тэхналогіях, звыш 20 астатніх уяўляюць сабой комплексы 1960-х гадоў.
Летась добра спрацавала сфера будаўніцтва. У раёне функцыянуе шэсць будаўнічых арганізацый, якія цяпер поўнасцю заняты падрыхтоўкай сацыяльных аб’ектаў да «Дажынак». Капітальны і бягучы рамонт закране гімназію, Дом культуры, музей, дзіцячую школу мастацтваў, бальніцу. У планах — будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома ў Новалукомлі. І, як плануюць спецыялісты, гэта будзе апошні ў раёне дом з цэглы — будаўнікі з мэтай змяншэння кошту квадратнага метра пяройдуць на панэлі. Тым не менш у жыллёвай сферы на Чашніччыне востра стаіць пытанне недахопу арэнднага жылля менавіта ў горадзе. Яшчэ адна праблема — вялікая колькасць аварыйных і старых дамоў, якія патрабуюць рассялення.
У перспектывах Чашніцкага раёна на бягучы год і найбліжэйшую пяцігодку — напружаная работа ў сферы рэалізацыі інвестпраектаў, у тым ліку з прыцягненнем замежнага капіталу. Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Сурын адзначыў, што ўжо прапрацавана пытанне будаўніцтва цяплічнага комплексу на тэрыторыі 20 га непадалёку ад Лукомльскай ДРЭС. На плошчах Лукомльскага кансервавага завода (ён пакуль знаходзіцца на стадыі 70 % гатоўнасці), што не выкарыстоўваюцца, плануюць стварыць вытворчасць кармоў для хатняй жывёлы — гэта дапаможа вырашыць пытанне з адходамі ад перапрацоўкі рыбы і дазволіць павялічыць рэнтабельнасць прадпрыемства.
Яшчэ адзін кірунак, у якім раёну трэба развіваць патэнцыял, — турызм. Аднак для гэтага неабходна стварыць якасную інфраструктуру, добраўпарадкаваць дарогі і прывесці ў належны стан памятныя месцы.
Падводзячы вынікі пасяджэння райвыканкама, Ігар Сергяенка адзначыў, што сітуацыю, якая склалася на Чашніччыне па выніках мінулага года, можна ахарактарызаваць як стрымана пазітыўную.
«Радуе, што ў вас ёсць моцныя прамысловыя драйверы, якія рухаюць эканоміку наперад. Сітуацыя з сельскай гаспадаркай амаль катастрафічная, трэба шукаць варыянты эфектыўнага вырашэння праблем. Плюс слабае замацаванне кадраў іграе не на карысць сельгаспрадпрыемстваў.
Трэба ў дадзенай сферы прыйсці да ўзроўню 70–80 %, а для гэтага — стварыць камфортныя ўмовы жыцця, працы і адпачынку. Перспектывы для развіцця ёсць», — заключыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.
У рамках рабочага візіту спікер таксама наведаў Лукомльскую ДРЭС і сустрэўся з працоўным калектывам прадпрыемства.
Ігар Сергяенка расказаў аб бягучай грамадска-палітычнай абстаноўцы ў нашай краіне, нагадаў, што 25 сакавіка адбылася адна з найважнейшых падзей у краіне — інаўгурацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
«І падчас цырымоніі кіраўнік дзяржавы яшчэ раз абазначыў ключавыя кірункі нашай краіны: развіццё рэгіёнаў, умацаванне эканомікі, міжнароднае супрацоўніцтва, захаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і падтрымка сем’яў. Гэта тыя асновы, на якіх будуецца наша з вамі жыццё — стабільнае, мірнае і паступальнае.
Мы з вамі павінны прыкласці ўсе сілы, каб перадаць нашым дзецям яшчэ больш развітую і моцную Беларусь», — звярнуўся да работнікаў электрастанцыі Ігар Сергяенка.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў таксама засяродзіў увагу прысутных на тым, што работа з насельніцтвам з’яўляецца адной з найважнейшых функцый дзейнасці дэпутацкага корпуса, таму падобныя сустрэчы ў працоўных калектывах праходзяць рэгулярна і ўжо сталі традыцыйнымі.
г. Чашнікі