Старшыня Палаты прадстаўнікоў сустрэўся з калектывамі Шаркаўшчынскага вытворча-збытавога ўчастка філіяла «Энергазбыт» РУП «Віцебскэнерга», Шаркаўшчынскай раённай энергагазаінспекцыі філіяла Дзяржэнерганагляду па Віцебскай вобласці і Шаркаўшчынскага раёна электрычных сетак філіяла Глыбоцкіх электрычных сетак РУП «Віцебскэнерга». Спікер падзякаваў энергетыкам раёна за актыўны ўдзел у парламенцкіх выбарах мінулага года і распавёў аўдыторыі аб рабоце парламента.
Ігар Сергяенка адзначыў, што за перыяд работы другой сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання ўжо разгледжаны 34 законапраекты. «У сваёй заканатворчай рабоце мы арыентуемся на тое, каб прынятыя намі законы ішлі ад жыцця і адпавядалі інтарэсам як усіх беларускіх грамадзян у цэлым, так і канкрэтных працоўных калектываў і галін нашай краіны», — адзначыў спікер.
Гаворачы аб шляху, які прайшла наша краіна за апошнія 30 гадоў, Ігар Сергяенка зазначыў, што заўважна расце якасць жыцця.
«Зразумела, што развіццё эканомікі рухае і сацыяльную сферу, каля 42 % бюджэту ідзе на яе развіццё. Выснову аб сацыяльнай арыентаванасці беларускай дзяржавы кожны можа зрабіць сам. За 30 гадоў у Беларусі пабудаваны 923 новыя медыцынскія аб’екты, гэта не кажучы пра мноства рэканструяваных і мадэрнізаваных. Прывяду яшчэ адну лічбу: у пачатку 1990-х у Беларусі было 500 тысяч аўтамабіляў, сёння — больш за тры мільёны. Усё гэта я кажу для таго, каб мы рэальна разумелі, што створана за гэты час, што мы павінны захаваць і ні ў якім разе не страціць. А страціць, як паказвае сусветны вопыт, свой дабрабыт можна вельмі проста», — сказаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Падчас адкрытай размовы з энергетыкамі была ўзнята тэма інфармацыйнай бяспекі. У прыватнасці абмеркавалі, як у цяперашні час лёгка і амаль праўдападобна ствараюцца фэйкі. У якасці прыкладу была прыведзена нядаўняя фальсіфікаваная заява, зробленая нібыта прэс-сакратаром Прэзідэнта. Ігар Сергяенка падкрэсліў, што, каб супрацьстаяць заходнім фэйкаметчыкам, якія спрабуюць разбурыць нашу эканоміку і пазбавіць нас гістарычнай памяці, айчынныя сродкі масавай інфармацыі накіраваны на аб’ектыўнае асвятленне сітуацыі ў Беларусі, каб працаваць на апярэджанне.
Ігар Сергяенка таксама ўзяў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 85-годдзю з дня ўтварэння Шаркаўшчынскага раёна, і ўручыў высокія ўзнагароды выдатным дзеячам рэгіёна.
Фота sb.by