Iгар Сергяенка правёў асабiсты прыём грамадзян у Шаркаўшчынскiм райвыканкаме. Ён адзначыў, што пытаннi, з якiмi прыходзiлi людзi, умоўна можна падзялiць на два блокi: добраўпарадкаванне дарог, дамоў i электрыфiкацыя. Прычым пераход на электраацяпленне хвалюе жыхароў не толькi Вiцебшчыны, але i iншых абласцей. «Частка пытанняў на сёння не знайшла вырашэння праз тэхнiчныя магчымасцi, але ёсць iншыя варыянты — газ. Вяртаючыся да асфальтавання, у кожным раёне распрацаваны канкрэтны план з улiкам фактычнага стану дарог, у некаторых выпадках можа знайсцiся iндывiдуальнае рашэнне, у большасцi — добраўпарадкаванне дарожнай сеткi iдзе па плане», — сказаў спiкер.
Жыхары райцэнтра звярнулiся да парламентарыя з калектыўным зваротам наконт падключэння электраацяплення. Раённыя электрасеткi адмовiлi ў гэтым некалькiм домаўладальнiкам з прычыны адсутнасцi тэхнiчнай магчымасцi i прапанавалi альтэрнатыву — газавыя катлы, на якiя пенсiянерам не дадуць крэдыт. Спецыялiсты адказалi заяўнiкам, што нават пры замене электрасеткi падключыць электраацяпленне не атрымаецца, бо па вулiцы iдзе газаправод.
Адна жанчына звярнула ўвагу на тое, што дарога да вёскi Стары Пагост даўно патрабуе рамонту. Прадстаўнiкi райвыканкама адзначылi, што падсыпку жвiрам дадзенага ўчастка дарожнiкi праводзяць рэгулярна, а летам бягучага года плануюць палажыць i асфальт. Iгар Пятровiч запэўніў, што праверыць выкананне абяцання асабiста.
Дарожнае добраўпарадкаванне хвалюе i жыхарку аграгарадка Радзюкi: заяўнiца папрасiла ўладкаваць веласiпедную дарожку ад населенага пункта да райцэнтра, каб мясцовым было зручна дабiрацца самiм. Старшыня Палаты прадстаўнiкоў падкрэслiў, што да пытання добраўпарадкавання дарожкi трэба падысцi комплексна, бо там праходзiць траса рэспублiканскага значэння.
Мужчына з вёскi Альхоўцы падзялiўся думкамi наконт навядзення парадку ў населеным пункце. Па словах заяўнiка, на вулiцы, дзе ён пражывае, неабходна правесцi дарожны рамонт, а ўзбочыны абкасiць. Мужчына папрасiў дапамогi i ў добраўпарадкаваннi мясцовай дарогi, якая вядзе на вясковыя могiлкi.
Студэнт адной з вышэйшых навучальных устаноў краiны абмеркаваў са спікерам, як органы ўлады розных узроўняў узаемадзейнiчаюць з моладдзю, прыцягваюць маладое пакаленне да актыўнага ўдзелу ў грамадскiм жыццi Беларусi. Малады чалавек падзялiўся, што хоча будаваць палiтычную кар’еру i набiрацца вопыту. Iгар Пятровiч адзначыў, што пры дэпутацкiм корпусе краiны ствараецца Маладзёжны савет, куды ўвойдуць прадстаўнiкi кожнай выбарчай акругi.
Таксама падчас прыёму грамадзян уздымалiся пытаннi капiтальнага рамонту i добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый, падтрымкi маладых спецыялiстаў, аказання дапамогi ў медыцынскай рэабiлiтацыi iнвалiдаў, гучалi прапановы па развiццi турызму ў Шаркаўшчынскiм раёне. Усе агучаныя пытаннi Iгар Сергяенка ўзяў на асабiсты кантроль да поўнага вырашэння.
Яшчэ адным пунктам рабочага вiзiту стала сярэдняя школа № 1, дзе прайшла цырымонiя ўзнагароджання навучэнцаў школ Шаркаўшчынскага раёна ў намiнацыi «Вучань года» i пераможцаў алiмпiяд. За выхаванне i навучанне маладога пакалення ўзнагародзiлi бацькоў i педагогаў устаноў адукацыi. Звяртаючыся да прысутных, Старшыня Палаты прадстаўнiкоў адзначыў, што галоўнае ў жыццi — абраць сваю дарогу.
«Хацелася б, каб вашы перамогi былi стабiльнымi, каб вы, пераходзячы з класа ў клас, па прыступках жыцця, знайшлi сваю дарогу, абралi тую прафесiю, якая вам па душы. Ключавую ролю ў гэтым адыгрывае саюз школы i сям’i», — сказаў Сергяенка i падкрэслiў, што летась 84 % выпускнiкоў гэтай школы паступiлi ў ВНУ, што гаворыць аб высокiм адукацыйным узроўнi ўстановы.
За шматгадовую добрасумленную працу i ўзорнае выкананне службовых абавязкаў Iгар Пятровiч уручыў падзяку ад дэпутацкага корпуса Беларусi дырэктару школы Iрыне Рымдзёнак.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў таксама наведаў камунальнае ўнiтарнае (сельскагаспадарчае) прадпрыемства iмя Маркава, якое спецыялiзуецца на развядзеннi малочнай жывёлы, вырошчваннi збожжавых i зернебабовых культур. Ігар Сергяенка ацанiў ход вясеннiх палявых работ i завяршэнне зiмоўкi буйной рагатай жывёлы.
Фота БелТА