Top.Mail.Ru

Ігар Сергяенка здзейсніў рабочую паездку ў Віцебскую вобласць

Старшыня Палаты прадстаўнікоў наведаў Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і дзяржаўных органаў Браслаўскага раёна для вывучэння асаблівасцяў функцыянавання падобных устаноў.


Цэнтр забяспечвае дзейнасць 41 бюджэтнай арганізацыі і дзяржаўных органаў Браслаўскага раёна. Спецыялісты ўстановы (57 чалавек) аказваюць фінансавую і тэхнічную падтрымку бюджэтным арганізацыям: займаюцца бухгалтарскім улікам, фінансавай справаздачнасцю, абслугоўваннем дзяржаўнай маёмасці, закупкамі і іншымі задачамі, якія дапамагаюць вышэйзгаданым установам функцыянаваць.

У час размовы з дырэктарам цэнтра Ігар Сергяенка падрабязна распытаў яго аб умовах працы, загружанасці супрацоўнікаў, іх заработнай плаце. Спікера цікавіла, наколькі прыжылася такая форма, як цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, што існуе ў краіне каля пяці гадоў, і што неабходна зрабіць для таго, каб функцыянаванне ўстановы было яшчэ больш эфектыўным.

Як растлумачыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў, на гэтым тыдні дэпутаты, працуючы ў выбарчых акругах, таксама займаюцца вывучэннем работы падобных цэнтраў у сваіх рэгіёнах. Сабраная парламентарыямі інфармацыя будзе абагульнена для выпрацоўкі прапаноў па ўдасканаленні работы такіх устаноў. У цэлым, па ацэнцы Ігара Сергяенкі, стварэнне такіх цэнтраў апраўдана, аднак існуюць і пэўныя праблемы.

Падчас наведвання цэнтра перадалі ў распараджэнне грузавы ізатэрмічны аўтамабіль для дастаўкі прадуктаў, які быў вельмі неабходны для раёна. 

Таксама падчас рабочага візіту Ігар Сергяенка правёў асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб у Браслаўскім раённым выканаўчым камітэце. Са сваімі пытаннямі да Старшыні Палаты прадстаўнікоў звярнуліся жыхары Браслаўскага і Пастаўскага раёнаў. Тэматыка зваротаў — як заўжды самая розная: ад ДТЗ і ўзаконьвання пабудоў да мадэрнізацыі электрасетак.

На ўсе пытанні былі дадзены дакладныя адказы, а тыя, якія патрабуюць дадатковага разбіральніцтва ўзяты Старшынёй Палаты прадстаўнікоў на кантроль.

Таксама Ігар Сергяенка незапланавана зайшоў у рэдакцыю раённай газеты «Браслаўская звязда». У час размовы з калектывам гаворка ішла аб павышэнні эфектыўнасці работы выдання, больш якасным інфармаванні жыхароў раёна аб найважнейшых падзеях, якія адбываюцца як у рэгіёне, так і ў краіне.

Паводле прэс-службы Палаты прадстаўнікоў

Фота з ТГ-канала Палаты прадстаўнікоў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю