І сябры, і дзелавыя партнёры
Сучасны Узбекістан — адна з краін Цэнтральнай Азіі, якая найбольш дынамічна развіваецца. Рэспубліка актыўна мадэрнізуе прамысловасць, развівае інфраструктуру, пашырае вытворчасць, павялічвае тэхналагічны ўзровень эканомікі. Для вырашэння гэтых задач неабходныя надзейныя партнёры, якія маюць не толькі гатовую прадукцыю, але і кампетэнцыі. І Беларусь прапануе тое, што фарміравалася дзесяцігоддзямі: сваю інжынерную школу, вопыт прамысловай вытворчасці, развітую сістэма падрыхтоўкі кадраў, здольнасць ствараць складаную тэхніку і арганізоўваць поўны цыкл вытворчасці.
У нашых кантактах з узбекскімі партнёрамі мы даўно выйшлі на дакладнае разуменне, што ў простым гандлі патэнцыял не бязмежны і важна больш інтэнсіўна развіваць кааперацыю, больш актыўна ўзаемадзейнічаць у інвестыцыйнай сферы, пераходзіць да значных праектаў па стварэнні сумесных вытворчасцяў, дзе ключавое месца займае прамысловая кааперацыя, сувязяў і па іншых кірунках — ад сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўкі і фармацэўтыкі да лагістыкі, узаемадзеяння ў фінансавай і ІT-сферах. Гэта неаднаразова падкрэслівалася і на найвышэйшым ўзроўні, і падчас прамых кантактаў паміж прадпрыемствамі. Пацвердзіў гэта і шэраг мерапрыемстваў, якія праходзілі ў рамках ІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана.
У прыватнасці адбылася рабочая сустрэча намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандра ЯКАЎЧЫЦА з дэлегацыяй Узбекістана на чале з намеснікам міністра сельскай гаспадаркі, дырэктарам Агенцтва па развіцці жывёлагадоўлі і пашавай гаспадаркі Арыфам БУТАЕВЫМ. Вынікам стала падпісанне плана мерапрыемстваў па павелічэнні ўзаемнага тавараабароту харчовай прадукцыяй і сельгассыравінай да мільярда долараў на перыяд да 2030 года. Дакумент фіксуе намеры бакоў нарошчваць экспарт, задзейнічаць механізмы Беларускай універсальнай таварнай біржы і пашыраць кааперацыю.
Дынаміка гандлю пацвярджае эфектыўнасць партнёрства: за чатыры месяцы 2026 года экспарт беларускай прадукцыі ва Узбекістан вырас амаль на 50 %, пры гэтым пастаўкі мяса і малакапрадуктаў дэманструюць кратны рост. Асобная ўвага ўдзелена рэалізацыі буйнога інвестыцыйнага праекта па стварэнні ў Ташкенцкай вобласці вытворчасці мяса птушкі поўнага цыкла. Прадпрыемства, чыя прадукцыя ўжо прадстаўлена на рынках краін СНД, прадаўжае маштабаванне з апорай на беларускія тэхналогіі.
— Мы дасягнулі таго ўзроўню даверу, які дае магчымасць адмовіцца ад дзяжурных пратакольных фраз і адразу пераходзіць да прадметнага ўзаемадзеяння, — адзначыў
Аляксандр Якаўчыц. — Мы факусіруемся на паглыбленні кааперацыі ў жывёлагадоўлі, не забываючы аб раслінаводстве, і нацэлены на комплекснае развіццё ўсіх кірункаў АПК.
Арыф Бутаеў канстатаваў, што адносіны паміж Беларуссю і Узбекістанам развіваюцца шматузроўнева і імкліва:
— У бакоў застаецца салідны нерэалізаваны патэнцыял, які мы не маем намеру адкладаць да 2030 года. Адказнасць і прыстойнасць партнёраў дазваляюць нам увасабляць сумесныя праекты ў жыццё значна раней за намечаныя тэрміны.
Дэлегацыі з 14 рэгіёнаў Узбекістана пабывалі на розных прамысловых прадпрыемствах нашай краіны, у тым ліку на ААТ «Інтэграл» у Мінску і ААТ «Пажснаб» у Барысаве. Сёння форум працягнецца пленарным пасяджэннем, работай у секцыях і падпісаннем двухбаковых кантрактаў і пагадненняў.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ