Такое рашэнне было прынята на пасяджэнні Прэзідыума Вышэйшага палітычнага савета Беларускай партыі «Белая Русь». Папярэдне плануецца, што з’езд пройдзе на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў Мінску.
Намеснік старшыні Беларускай партыі «Белая Русь» Андрэй Басак адзначыў: «У сакавіку 2023 года адбыўся ўстаноўчы з’езд і была створана Беларуская партыя „Белая Русь“. За гэты кароткі тэрмін партыя прайшла пэўныя этапы свайго будаўніцтва, у яе з’явілася сваё аблічча. Арганізацыйныя структуры партыі створаны ва ўсіх абласных, раённых цэнтрах нашай краіны. За гэты невялікі прамежак часу партыя вырасла больш чым у чатыры разы. На сёння звыш 67 тысяч чалавек з’яўляюцца членамі Беларускай партыі „Белая Русь“. Яна рэалізуе шэраг праектаў. З’явілася пазнавальнасць і на міжнароднай арэне».
Паводле слоў Андрэя Басака, правядзенне з’езда дазволіць вызначыць шляхі далейшага развіцця партыі. Да гэтага пройдуць справаздачна-выбарныя канферэнцыі ў раёнах і абласных цэнтрах нашай краіны. «Мяркуем, што ў з’ездзе будуць удзельнічаць каля 300 чалавек: 280 членаў партыі і каля 20 запрошаных гасцей», — дадаў ён.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, член Вышэйшага палітычнага савета Беларускай партыі «Белая Русь» Вадзім Гігін адзначыў «Нядаўна мы праводзілі ўстаноўчы з’езд. Сапраўды, партыя ўстала на ногі. Першапачатковы этап завершаны, і мы можам гаварыць пра пэўныя поспехі. Гэта і выбарчая кампанія па фарміраванні парламента, мясцовых органаў улады, дзе партыя „Белая Русь“ заявіла пра сябе пераканаўча, мае сур’ёзнае прадстаўніцтва ў гэтых органах улады. Кампанія па выбарах кіраўніка краіны, дзе Беларуская партыя „Белая Русь“ таксама выступіла заўважна, падтрымліваючы нашага Прэзідэнта» .
Спікер звярнуў увагу і на тое, што надыходзіць новы этап, калі члены партыі, грамадства ставяць новыя задачы. «І адна з іх — вызначэнне далейшых падыходаў, — дапоўніў Вадзім Гігін. — Вядома ж, адным з дасягненняў з’яўляецца міжнародны парадак дня. Партыя наладзіла сувязі са шматлікімі замежнымі партнёрамі. І той вопыт, які за час першапачатковага станаўлення назапашаны, неабходна абагульніць і паставіць сур’ёзныя задачы. Мы знаходзімся ў пачатку пяцігодкі якасці. Якасць, безумоўна, і ў грамадска-палітычным жыцці павінна прысутнічаць і быць на вышыні».
Як адзначыла кіраўнік Сакратарыята Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Валянціна Шэргілашвілі, Беларуская партыя «Белая Русь» адбылася як палітычная структура, палітычная сіла і сёння маштабна прырастае ў колькасці. «Члены партыі гатовыя і далей развіваць партыйнае будаўніцтва нашай краіны, — падкрэсліла яна. — Дзейнасць аддзяленняў партыі арганічна ўпісваецца ў рэгіянальны парадак дня. Магілёўскае абласное аддзяленне „Белай Русі“ развіваецца актыўна: са 140 чалавек на першапачатковым этапе мы прыраслі да 13 тысяч. Гэта гаворыць пра многае. Партыя арганічна ўпісваецца ў палітычную сістэму беларускай дзяржавы. Мы бачым далейшае развіццё „Белай Русі“ ў развіцці рэгіёнаў, развіцці партыйнага будаўніцтва ў рэгіёне. Усё гэта дае магчымасць і далей развіваць палітычную сістэму краіны».
Яна ВАЛАСАЧ