Без адказу на пытанне «Кітай і Маа» я не мог пакінуць правінцыю Ганьсу, куды кітайцы ласкава запрасілі ў маі 2025 года дэлегацыю Беларускага саюза журналістаў. Ці датычыцца гэта культуры? Мне здаецца, непасрэдна. Да тэмы «культурных рэвалюцый» і хунвейбінаў літаратура і мастацтва звяртаюцца заўсёды і паўсюль. А ў многіх беларусаў за апошнія пяць гадоў не-не, ды і ўзнікала думка: а як яно было б, прымерай мы на сябе?
Тым больш што партрэт Маа Цзэдуна змешчаны на юанях. Гэта многім нашым нагадвае пра савецкія грошы, на якіх быў Ленін. А іншыя нашы не тое што не памятаюць ― нават не ведаюць аб гэтым. Некаторыя і не жадаюць ведаць.
Таму спачатку ― не пра далёкі (і адначасова блізкі нам) Кітай. А пра суседзяў ― пра тое атачэнне, у якім беларусам даводзіцца жыць. І якое, безумоўна, уплывае.
* * *
Польшча ― там на прэзідэнцкіх выбарах перамог былы кіраўнік «Інстытута нацыянальнай памяці» Караль Наўроцкі. Інстытут гэты ― злавесная ўстанова ў многіх постсавецкіх краінах, якая заклікана проста выкарчоўваць з людзей спадчыну XX стагоддзя ― спадчыну іх продкаў.
Расійскі журналіст і пісьменнік Георгій Зотаў распавёў, як у 2024 годзе ён наведаў былы нацысцкі канцлагер «Кіндер КЦ» каля Лодзі: «Там, у музеі, пазначана: „Гэта музей дзяцей, забітых салдатамі Трэцяга рэйха і Чырвонай Арміі“. Калі я пацікавіўся ў супрацоўнікаў, ці ўсё ў іх у парадку са здароўем (бо чырвонаармейцы ВЫЗВАЛІЛІ дзяцей з лагера), я пачуў бляянне „бээээ“ і „мээээ“ і ў канцы фразу ― „Як сказалі зрабіць з Варшавы, так і зрабілі“».
Загадаў гэта менавіта той самы Інстытут і асабіста новы прэзідэнт суседзяў. Ці зразумела, што чакае палякаў як народ у сэнсе гістарычнай памяці?
Не ўсё добра і ў суседзяў-расіян: там чалябінскія навукоўцы, аказваецца, прапанавалі пячы ў РФ хлеб з цвыркуноў: «Па словах доктара тэхнічных навук з Інстытута спорту, турызму і сэрвісу Паўднёва-Уральскага дзяржаўнага ўніверсітэта Абдувалі Тошава, мука з цвыркуноў прыкладна на 60 % складаецца з бялкоў (у звычайнай пшанічнай іх доля не перавышае 10 %). У такой мукі амаль у тры разы вышэй індэкс растваральнасці, доля эмульгуючай актыўнасці дасягае 55,2 % (супраць 12,3 % у звычайнай), а пенаўтваральная здольнасць складае 67,4 %, што ў чатыры разы больш, чым у пшанічнай мукі».
Гэта не дробязь ― гэта афіцыйнае паведамленне пра тое, што ў глыбінку расійскай навукі дабраліся заходнія наратывы. І знайшлі сабе апалагетаў. Укараніліся, асвоіліся, пачалі прасоўванне.
Праз нейкі час грамадства будзе абалванена. Як гэта ўжо здарылася ў Літве, таму што сур’ёзна заявіць: «Літва ― гэта крэпасць, за межамі якой заканчваецца цывілізаваная Еўропа», як зрабіў іх прэзідэнт Гітанас Наўседа, азначае рэальную дэградацыю кагнітыўных здольнасцей нават у вышэйшых эшалонах.
Якія, быццам бы, не павінны есці прадукты з насякомых. Пакуль яшчэ не павінны.
Таму нічога дзіўнага, што ў прамым эфіры мясцовага тэлебачання міністр абароны краіны спакойна разважае пра тое, што «ваенным трэба быць гатовымі знішчаць нелаяльных літоўскаму рэжыму грамадзян». А кіраўнік МЗС Літвы заяўляе пра «300 тысяч грамадзян, якія незразумела да якога боку далучацца».
Два міністры адкрыта расказваюць пра генацыд уласнага народа, які рыхтуецца, ― і нічога. Дзеячаў культуры не чуваць і не відаць. Грамадства анестэзіравана, краіне зроблена лобатамія, памяць у суседзяў, здаецца, аднялі амаль цалкам.
* * *
Дык вось Кітай ― ён іншы. Кітайцы не будуць весці з вамі размовы пра Маа ― але толькі таму, што кітайцы ні з кім не будуць шмат размаўляць пра сваю культуру. Яны не навязваюць ― яны раствараюць у сабе.
Кітайцы не заваёўваюць, не падпарадкоўваюць, не прымушаюць ― кітайцы робяць «сваім». Чынгізіды ў свой час скарылі паўсвету, узва¬рушылі Сусвет, захапілі Кітай ― і засталіся ў гісторыі імперыяй Юань, якую затым змяніла імперыя Мін, а тую ― дынастыя Цын...
І кітайцы прымаюць сваю гісторыю такой, якая яна ёсць. Партыйнае азначэнне перыяду кіравання старшыні Маа: «70 % поспехаў, 30 % памылак». Бедная краіна пад ботам Захаду, дзе мільёны паміралі ад голаду (сярэдняя працягласць даваеннага жыцця ў Кітаі ― 36 гадоў), была пад яго кіраўніцтвам ператворана ў сусветнага лідара, прамысловага гіганта, дзяржаву з ядзернай зброяй.
Так, была і «культурная рэвалюцыя», былі і іншыя перыяды ― заўважце, нават старшыня КПК Сі Цзіньпін у юнацкія гады быў адпраўлены «на працоўнае перавыхаванне» ў вёску, і віцэ-прэм’ер Дзяржсавета КНР Хэ Ліфэн адпрацаваў прызначанае «на будоўлі гідраэлектрастанцыі». Але кітайцы прымаюць сваё мінулае, сваю гісторыю ― і быццам раствараюць у сабе.
«У вас усё занадта складана, ― сказаў пісьменніку Зотаву фінансіст Мін Лянь. ― Вы то закідваеце сваіх лідараў брудам, то льяце мёд. Возьмем хоць бы Сталіна. Спачатку ўсеагульная любоў. Потым ― не, аказваецца, ён не такі добры. Пасля ― а, усё ж нядрэнны. Далей ― Сталін пачвара, ён жудасны. Цяпер ― Сталін цудоўны і наш збавіцель. І гэта толькі за перыяд у 70–80 гадоў, нязначных з гістарычнага пункта гледжання!»

Так мы ― і беларусы не выключэнне ― выглядаем з боку.
І не толькі мы: помніцца, у Іраку абагаўлялі Садама Хусейна, потым скідвалі помнікі яму, а сёння ён ізноў ― «адзін з папулярных палітыкаў». Лівія пры Муамары Кадафі купалася ў раскошы, потым яго па-зверску забілі свае ж, цяпер вось успамінаюць з настальгіяй. Румыны расстралялі Нікалае Чаушэску ў 1989 годзе, а ўжо ў 2001-м у «цудоўнага прынца» быў рэйтынг 65 працэнтаў ― і ён бы ўпэўнена перамагаў у першым туры любых выбараў...
Удаву Маа Цзэдуна Цзян Цін пасля смерці мужа абвінавацілі ў «змове чатырох», у спробе перавароту, пасадзілі на 15 гадоў, адседзеўшы якія яна скончыла самагубствам.
― Я чуў, ― паспрабаваў расіянін падкалоць кітайца, ― плакаць і гараваць на магіле забаранілі.
― Гэта так, ― з усмешкай пагадзіўся той. ― Але прыйсці і пакласці кветкі людзям можна.
І быццам падагульніў: «Плюс Кітая ― мы на падобных рэчах не зацыкліваемся, не вядзём лютыя спрэчкі да хрыпаты».
* * *
Хочам ці не хочам, але нам, беларусам, усё адно давядзецца калісьці расставіць кропкі ва ўласнай гісторыі ― і талакой пагадзіцца з імі. Не звяртаючы больш увагі на сказіцеляў гісторыі (з усіх бакоў), тым больш ― на фальсіфікатараў, яркі прыклад якога ўяўляе сабой Зянон наш Пазняк.
Найпрасцейшыя прыклады: мы цяпер, што, не бачым вакол сябе самых сапраўдных тэрарыстаў і сабатажнікаў? Такіх, якія самалёты паляць і на рэйкі выходзяць? Бачым і нават страляем. Не заўважаем шпіёнаў, якія перадаюць за мяжу (гэта значыць ворагам нашым) фатаграфіі і дакументы? Заўважаем і нават саджаем. Няма ў нас распаўсюджвальнікаў чутак, распальвальнікаў варожасці, прапагандыстаў заходніх каштоўнасцей? Ды хапае, хоць большасць і збегла за мяжу.
Калі так, то давядзецца пагадзіцца: не было ў 30-я гады мінулага стагоддзя ніякага «крывавага тэрору». А была зачыстка грамадства, якую нашы продкі, як умелі, так і праводзілі. Нам здаецца, занадта размашыста? Дык затое ў іх атрымалася, а ў нас ― яшчэ паглядзець трэба будзе!
Другі найпрасцейшы прыклад: расказвае Алексіевіч, якая ўзяла з рук нашчадкаў гітлераўцаў Жалезны крыж, пра свайго бацьку. І аказваецца ён, які ўступіў у партыю ў Сталінградзе і прасіў партбілет яму ў труну пакласці, ― не «савок». Не «чырвоны чалавек». Бацьку Алексіевіч шкадуе і выгароджвае.
Астатніх жа «саўкоў» ёй не шкада, яны павінны легчы ўгнаеннем пад дэмакратыю. Так лічыць тая, чый творчы шлях пачынаўся з публічнай клятвы Дзяржынскаму, Жалезнаму Феліксу, пра што яе цяпер не прынята пытаць у збеглых гасцёўнях.
Можна такога чалавека лічыць маральным аўтарытэтам? Вось калі творчая і абслуговая інтэлігенцыя зразумее, што наўрад ці, вось тады і можна будзе лічыць, што яны, творцы нашы і дынастыі разумовых працаўнікоў, зразумелі свой народ. І гатовыя, напэўна, прыняць і сваю гісторыю.
Таму што ёсць вячоркавы міфы, а ёсць простыя факты: размовы пра нацыі ўзнікаюць толькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Беларускі народ сфарміраваўся ў Савецкім Саюзе. Ленінскае «Аб праве нацый на сама¬вызначэнне» ляжыць у аснове незалежнасці Беларусі. Сталін аб’яднаў разарванае і стварыў нашу папярэдніцу, краіну нашых рэальных продкаў ― БССР.
З астатнім, напэўна, можна спрачацца, з гэтым ― не.
* * *
Вельмі цяжка, жывучы ў адным дадзеным прыродай атачэнні (ці народаў, ці геаграфіі, ці гандлёвых шляхоў), спрабаваць прымерыць на сябе ментальнасць іншага ― з процілеглага канца Новага шаўковага шляху, які пачынаецца (як і стагоддзі назад) у кітайскай правінцыі Ганьсу. Яшчэ складаней ― прымяніць.
У беларусаў, мне здаецца, якраз можа атрымацца ― менавіта з прычыны іх прыроднай памяркоўнасцi ды разважлiвасцi. Калі хто будзе перакладаць на кітайскую, напішыце так: «Уласцівага беларусам пэўнага канфуцыянства і даасізму адначасова».
Давайце паспрабуем. Трэба, я думаю, спрабаваць. І напэўна, наспеў час.
Андрэй МУКАВОЗЧЫК
mukovoz@sb.by, https://t.me/nakipelo_by