Трое жыхароў Гродзенскай вобласці абвінавачваюцца ў махлярстве, самавольным прысваенні ўлады службовай асобы і арганізацыі незаконнай міграцыі. Адзін з іх, пераапрануўшыся ў форму пагранічніка, адымаў грошы і рэчы ў іншаземцаў, другі дапамагаў «нелегалам» перасекчы граніцу.
Як паведамілі ў службе інфармацыі пракуратуры Гродзенскай вобласці, матэрыялы справы накіраваны ў суд.
Па даных следства, адзін з абвінавачаных прывёз іншаземных грамадзян на аўтамабілі ў загадзя абумоўленае месца ў Свіслацкім раёне. Там іх ужо чакаў саўдзельнік у форме ваеннаслужачага органаў пагранічнай службы. Ён прадставіўся супрацоўнікам пагранслужбы і пад падставай асабістага обыску запатрабаваў ад мігрантаў выйсці з машыны. Затым загадаў перакласці наяўныя пры іх рэчы і грошы ў аўтамабіль саўдзельніка. Забраўшы маёмасць на агульную суму амаль 1,5 тыс. рублёў, абвінавачаныя схаваліся.
Следства таксама ўстанавіла датычнасць аднаго з фігурантаў да арганізацыі незаконнага перасячэння мяжы. У чэрвені 2025 года ён разам з 24-гадовай знаёмай дапамагаў пяці іншаземцам, якія спрабавалі нелегальна трапіць у Беларусь. За перавозку з Маладзечна ў Свіслацкі раён саўдзельнікі атрымалі 350 долараў. Каб мігранты маглі пераадолець загарадкі, абвінавачаны купіў і перадаў ім лапату і два балтарэзы. Аднак перасекчы мяжу не ўдалося — іншаземцаў затрымалі супрацоўнікі пагранічнай службы.
Дзеянні абвінавачаных кваліфікаваны па ч. 2 арт. 209, арт. 382 і ч. 1 арт. 371-1 Крымінальнага кодэкса. Мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах пакінута без змянення. Да вынясення судом рашэння абвінавачаныя не лічацца вінаватымі.
Ягор ЧУРЫК