Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з беларускімі дыпламатамі за мяжой выказаўся наконт нядаўняга памілавання шэрага асуджаных пасля перагавораў з прадстаўнікамі ЗША, перадае БелТА.
«Некаторыя ў нашым грамадстве пачалі не тое што асуджаць мяне. Але і крыкі там дзікія падняліся. І што дзіўна, больш за ўсё ў збеглых. Зразумела, ім лішнія раты там не патрэбны, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Таму што, калі мы кагосьці вызваляем, умова адна, хто б мяне пра гэта ні прасіў (у асноўным амерыканцы): хочаце — калі ласка, забірайце, вывозьце. Нашым беглым гэта трэба?»
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прапаноўваў, калі захоча той бок, перадаць і некалькі тысяч іншых чалавек, якія асуджаныя за розныя злачынствы: «Я ім апошні раз сказаў: «Хочаце — мы вам і гэтых дададзім». — «Не, не, не, гэтых не жадаем, жадаем вось гэтых».
«Вазьміце, апошняга сядзельца — вызвалілі. Ну, вы ж яго прасілі. І я сваёй рукой памілаваў яго. І адзін гэты ўзрушыў усю там гэтую „маліну“. Ну вы ж прасілі яго. Ну дык бярыце. „Вось, ён прарасійскі...“ А вы што, не ведалі, што ён прарасійскі? Вы ведалі яго біяграфію. Вы на яго рабілі стаўку нейкую. А рабілі стаўку на ўсіх (у 2020-м. — Заўв. БелТА), абы захапіць уладу, а потым, маўляў, разбярэмся. Так не бывае ў палітыцы. Уладу могуць захапіць, як яны стаўку рабілі на ідыётаў і падонкаў, і яны могуць застацца ва ўладзе. Але яны думалі па-іншаму», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што тут няма ніякага «гандлю людзьмі»: «Я катэгарычна быў супраць, як яны гавораць — абмен. Гэта мяне амерыканцы навучылі. На перагаворах яны проста пра гэта гаварылі. Я кажу: „Рабяты, гэта вы мяне да гэтага падштурхнулі. Жадаеце — забірайце. Што наўзамен?“ — „Мы падумаем“. — Ідзіце думайце».
«Дык што, мы іх будзем?.. Гэта я адказваю тым, хто сёння такія патрыёты вялікія. Мы іх (асуджаных. — Заўв. БелТА) што, будзем тут карміць бясплатна, апранаць і іншае? Я глядзеў толькі частку інтэрв’ю гэтага збеглага. Ён так і не сказаў, што з яго тут здзекаваліся, правы чалавека парушалі. Ён хацеў гэта з сябе выціснуць, але гэтага няма. Але гэта (устрыманне асуджаных. — Заўв. БелТА) нятанна каштуе», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.