Так лічаць даследчыкі-этнографы і прыводзяць таму пераканаўчыя доказы.
Спрадвечнае становіцца сучасным
«Добраўпарадкаванне — адна з заўважных асаблівасцяў нашай традыцыйнай культуры, — упэўнены дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр
Лакотка. — Вялікая ўвага аддавалася парадку ў хаце, людзі сачылі за тым, каб былі прыбраны прысады з кветкамі, двор, вуліца». У народзе казалі: «Не пытай, ці галоўка гладка, ды пытай, ці мяцёна хатка». А памятаеце радкі з «Новай зямлі» Якуба Коласа: «Ужо хата новая гатова, // Прыбраны трэскі ўжо і дровы; // Над белым дахам, як карона, // Красуе комінак чырвоны». У іх класік падае прыклад добраўпарадкавання, паказвае, што і пры будоўлі людзі імкнуліся прыбраць тэрыторыю. Народныя правілы пра тое, што важна трымаць хату ў чысціні, перадаваліся нават праз уяўленні, напрыклад, у які бок месці смецце ў сувязі з рознымі падзеямі: прыездам гасцей, падрыхтоўкай да вяселля, пры развітанні з чалавекам, які пайшоў з жыцця.
А колькі можна згадаць прымавак, прыказак і традыцый, праз якія народ перадаваў павагу да працы! «Чалавек жыве век, а добрая справа — два». «Работа і корміць, і поіць».
З жыццём селяніна-хлебадара таксама звязаны прынцыпы добраўпарадкавання. Таму і казалі раней, што «без гаспадара гумно плача, а без гаспадыні — хата». А словы «хата гаспадыняй красна» паказвалі, што жанчына адказвала за ўтульнасць, упарадкаванне ў хаце. Напярэдадні Вялікадня прынята было, і гэта традыцыя захоўваецца сёння, прыбіраць дом. Так, у Чысты чацвер у некаторых рэгіёнах, напрыклад, на Гродзеншчыне і Віцебшчыне, мылі сцены, скрэблі іх. Пра такую вясеннюю традыцыю напісаў і Максім Танк: «Яна хату бяліла і чароўнай рукой акаймоўвала міла сцены сіняй каймой»...
Між іншым, святы былі звязаны і з добраўпарадкаваннем — перад імі прыбіралася хата. Сёння такая традыцыя не проста працягваецца, а выйшла на новы ўзровень — як прыгажэюць населеныя пункты перад «Дажынкамі»!
«Сёння ўсё выкашана, краіна вычышчана, няма смецця. Прыбраны безгаспадарчыя пабудовы, што дагнівалі свой век самі па сабе. Гасцей, якія наведваюць Беларусь, уражвае чысціня ва ўсіх населеных пунктах. Гэтыя ўжо сучасныя традыцыі, што склаліся за гады прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, безумоўна, трэба працягваць. Год добраўпарадкавання павінен абагульніць гэты вопыт, каб такая работа вялася і наступнымі пакаленнямі», — адзначыў вучоны.
Пад знакам народнай эстэтыкі
Згадваючы словы кіраўніка дзяржавы, які абазначыў важнасць добраўпарадкавання для павышэння якасці жыцця, Аляксандр Лакотка звярнуў увагу, што гэта хвалявала і нашых папярэднікаў: «Сёння мы шмат гаворым пра якасць тавараў, але чаму пры гэтым не згадваем, які смачны хлеб выпякалі нашы бабулі і матулі, якія стравы ёсць у беларускай кухні? Нашы продкі імкнуліся ўладкаваць побыт, аздаблялі хаты і сядзібы, вялікую ўвагу ўдзялялі якасці ў вопратцы і харчаванні. Калі вы зойдзеце ў традыцыйную хату, убачыце пад нагамі тканыя ходнікі, якія вядуць да чырвонага кута, засцелены абрусам стол. Пад ручнікамі — абразы. А паглядзіце на ложкі — яны накрытыя дыванамі, на іх ляжаць вышытыя падушкі. На сценах вісяць фотаздымкі бацькоў, братоў, сясцёр, дзяцей, унукаў. Усё гэта прыстойна, усё да месца. Гэта даказвае, што неахайнасці ў традыцыйным жыллі не было». У народзе, у фальклорным разуменні прысутнічае эстэтыка.
Вядома, час мяняе побыт, і сёння людзі аздабляюць свае хаты і двары з выкарыстаннем новых матэрыялаў. Знаёміцца ж з народнымі традыцыямі добраўпарадкавання дапамагаюць краязнаўчыя музеі. У экспазіцыях традыцыйнага народнага жылля можна ўбачыць, як продкі клапаціліся пра стварэнне ўтульнага асяроддзя, дзе кожная рэч знаходзілася на сваім месцы, мела пэўнае прызначэнне. Яшчэ ў пачатку 1970-х гадоў, калі ўзбуйняліся сельскія населеныя пункты, існавала небяспека страты аўтэнтычнай культуры. У той час былі створаны музеі ў Строчыцах, Глушы і іншых вёсках, якія захавалі ўзоры традыцыйнай народнай архітэктуры. Яны сталі не проста цэнтрамі, дзе захоўваюцца традыцыі. Дзякуючы ім людзі пачалі разумець каштоўнасць спадчыны, важнасць яе захавання.
У экспедыцыях вучоныя звярталі ўвагу не толькі на помнікі архітэктуры, але і на забудову населеных пунктаў, якая мела адметныя асаблівасці ў розных рэгіёнах. У канцы 1980-х гадоў распрацоўвалася праграма, звязаная з захаваннем гістарычных вёсак, нават быў складзены іх спіс, але з распадам СССР яна не была даведзена да канца. Сярод такіх унікальных мясцін, якія б сёння маглі стаць пунктамі прыцягнення для турыстаў, Аляксандр Лакотка назваў Наносы — вёску, пабудаваную на азёрнай нарачанскай касе, на вастрыі якой захавалася старажытнае гарадзішча. На жаль, ад былой гістарычнай забудовы захавалася толькі некалькі двароў. Новымі ўласнікамі зменена аблічча вёскі Нізок Уздзенскага раёна, забудаванай па традыцыях валочнага тыпу, звязаных з рэформай 1557 года. З аднаго боку вуліцы тут стаялі хаты, з другога — гаспадарчыя пабудовы. Дарэчы, гэта радзіма Паўлюка Труса і Кандрата Крапівы. Сёння, калі ў кожным раёне Беларусі распрацоўваюцца новыя турыстычныя маршруты, помнікі народнай архітэктуры і традыцыйная забудова таксама могуць быць месцамі, што варта паказваць гасцям і расказваць тут пра аўтэнтычную вёску і яе традыцыі. У музеях неабходна ствараць экспазіцыі з выкарыстаннем архіўных матэрыялаў і здымкаў, дзякуючы якім можна пабачыць, як змяніліся населеныя пункты. Такія матэрыялы будуць карысныя і пры стварэнні новых аграсядзіб, баз адпачынку.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ