З улікам умоў надвор’я вырас попыт на шклоабмывальныя вадкасці, што выклікала перадумовы для іх няправільнай рэалізацыі індывідуальнымі прадпрымальнікамі і грамадзянамі. Шэраг такіх вадкасцяў забаронены да ўвозу на тэрыторыю нашай краіны, а таксама на іх рэалізацыя, захоўванне і выкарыстанне ў сувязі з перавышэннем утрымання ў іх метанолу.
«Метанол з’яўляецца таксічным рэчывам без колеру, уяўляе празрыстую лёткую вадкасць, на смак і пах нагадвае этылавы спірт, — тлумачыць урач-гігіеніст аддзялення камунальнай гігіены Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Вольга Гавака. — Пры ўдыханні і пранікненні праз непашкоджаную скуру і асабліва пры ўжыванні ўнутр можа выклікаць вострае атручванне з незваротнымі наступствамі для нервовай, зрокавай сістэм чалавека».
Вольга Васільеўна папярэдзіла, што перад набыццём шклоабмывальнай вадкасці неабходна ўпэўніцца ў наяўнасці абавязковай інфармацыі на ўпакоўцы і азнаёміцца з ёй. Яна павінна ўтрымліваць звесткі з указаннем адрасу вытворцы, а таксама цалкам назву тавару, дату вырабу, склад, тэрмін годнасці, прызначэнне, правілы эксплуатацыі, меры засцярогі пры выкарыстанні. А таксама даныя, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку. У выпадку, калі інфармацыі няма ў адкрытым доступе, яе неабходна запытаць у прадаўца. Павінна быць нанесена інфармацыя пра тое, што вадкасць прызначана выключна для транспартных сродкаў, адпавядае тэхнічным умовам.
Урач-гігіеніст адзначыла, што ў гандлёвых сетках рэалізуюцца таксама розныя вадкасці для пазбаўлення ад ільду, вадкія супрацьгалалёдныя рэагенты і іншыя вадкасці з аналагічнай вобласцю прымянення, якія не прызначаныя для выкарыстання ў якасці шклоабмывальніка аўтамабіляў, бо ў складзе ўтрымліваюць метылавы спірт з аб’ёмнай доляй болей за 0,05 %. А ў шклоабмывайнай вадкасці гэты паказчык не павінен перавышацца. Пры гэтым паблытаць даволі лёгка: «Часта ёмістасці і колер такіх вадкасцяў знешне не адрозніваюцца ад аўтамабільных „незамярзаек“, выкарыстоўваецца падобны дызайн этыкеткі, — звяртае ўвагу Вольга Гавака. — Пры гэтым маркіроўка сведчыць пра тое, што сродак бяспечны для лакафарбавых вырабаў, прызначаны для ачысткі снегу, наледзі з металічных, пластыкавых, бетонных і іншых пакрыццяў ды паверхняў».
— Што рабіць, калі скарыстаўся кантрафактным таварам?
«Калі залілі шклоабмывальную вадкасць і праз пэўны час атрымалі некалькі такіх сімптомаў, як галаўны боль, слабасць, недамаганні, дрыжыкі, млоснасць, ваніты, то пастарайцеся як мага хутчэй выйсці з аўтамабіля на свежае паветра і праветрыць салон. Пры неабходнасці трэба звярнуцца ў медустанову. Будзьце пільныя пры набыцці шклоабмывальніка і выбірайце прадукцыю правераных вытворцаў, правярайце маркіроўку», — параіла спецыяліст.
Надзея Зуева.