Кітай, які з’яўляецца цэнтрам сусветнай вытворчасці, ператварае свой шырокі прамысловы ландшафт у турыстычныя напрамкі, дазваляючы падарожнікам пагрузіцца ў атмасферу, схаваную за дзвярыма заводаў, і надаючы новы імпульс айчыннаму спажывецкаму рынку, перадае «Сіньхуа».
У Пекінскай зоне тэхніка-эканамічнага развіцця, таксама вядомай як Beijing E-Town, сярод аматараў тэхналогій расце колькасць заявак на наведванне аўтазавода кампаніі Xiaomi, дзе вырабляюцца папулярныя мадэлі электрамабіляў. Паводле слоў Шы Сяаміня, адказнага за гэты праект, яго мэтай з’яўляецца інтэграцыя прафесійных ведаў з непасрэднай дэманстрацыяй узораў прадукцыі, а таксама прадастаўленне наведвальнікам навукова-папулярнага досведу. Так, з красавіка мінулага года па чэрвень гэтага года на наведванне фабрыкі запісалася больш за 150 тысяч чалавек, а сярэднямесячная колькасць наведванняў завода перавысіла 10 тыс. чалавек.
Экскурсіі па фабрыках сталі трэндам на турыстычным рынку Кітая, паколькі населеныя пункты па ўсёй краіне ўкараняюць інавацыйную мадэль інтэграцыі «прамысловасць + турызм», каб прапанаваць наведвальнікам больш разнастайныя ўражанні і адначасова садзейнічаць мадэрнізацыі сваіх прамысловых сектараў.
Паводле слоў намесніка міністра прамысловасці і інфарматызацыі КНР Сінь Гобіня, Кітай стварыў усеабдымную, незалежную і інтэграваную сучасную прамысловую сістэму. «У апошнія гады па ўсёй краіне былі дасягнуты цудоўныя вынікі дзякуючы таму, што развіццё індустрыяльнай культуры стала ключавым фактарам, які садзейнічае творчаму пераўтварэнню і інавацыйнаму развіццю культурных рэсурсаў, такіх як індустрыяльная спадчына», — дадаў міністр.
Афіцыйныя дадзеныя сведчаць, што ў Кітаі існуе 264 аб’екты індустрыяльнай спадчыны нацыянальнага ўзроўню і амаль 500 аб’ектаў правінцыйнага ўзроўню. У адпаведнасці з трэндам на індустрыяльны турызм усё больш аб’ектаў індустрыяльнай спадчыны ў краіне пераўтворацца ў культурныя і творчыя паркі, камерцыйныя цэнтры і тэхнапаркі, прыцягваючы наведвальнікаў у гэтыя вядомыя ў інтэрнеце месцы.
Так, у Лючжоўскім індустрыяльным парку «Ласыфэнь» у Гуансі-Чжуанскім аўтаномным раёне (Паўднёвы Кітай) наведвальнікі могуць не толькі паглядзець, як фасуецца слімаковая локшына «лосыфэнь», якая з’яўляецца нематэрыяльнай культурнай спадчынай дзяржаўнага ўзроўню ў Кітаі, але і пазнаёміцца з тэхналогіяй яе вытворчасці, а таксама паспрабаваць свае сілы ў яе падрыхтоўцы.