На думку загадчыка Цэнтра кампетэнцый тэхналогій сельскай гаспадаркі і меліярацыі на базе Смілавіцкага дзяржаўнага каледжа Сцяпана Кончыца, для сучаснай тэхнікі патрэбны ўжо не механізатар, а аператар. Ён не толькі кіруе самаходнымі машынамі ў полі, але і разумее прынцып іх дзеяння, знаёмы з асновамі аграноміі. Бо задачу яму ставяць спецыялісты гэтай галіны, але настройваюць тэхніку адпаведным чынам, выконваюць аперацыі і сочаць за іх дакладнасцю людзі на трактарах і камбайнах. Таму яны павінны ведаць прынцыпы функцыянавання тэхнікі (валодаць пэўнымі інжынернымі ведамі) і асноўныя этапы вегетацыі раслін, валодаць пэўнымі кампетэнцыямі ў ІT-тэхналогіях. На думку ж вядучага інжынера ТАА «Тэхналогіі земляробства» Віктара ДЗЯМ’ЯНАВА, аптымальна, калі індустрыялізацыя сельскай гаспадаркі адбываецца з двух бакоў: зверху — праз прыняцце адпаведных дзяржаўных праграм, і знізу — калі сістэма адукацыі арыентуецца на самыя сучасныя веды, якія маладыя спецыялісты будуць рэалізоўваць у гаспадарках і ствараць попыт на новыя тэхналогіі.
— Сёння ўсе вядучыя вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі рухаюцца па трэку стварэння аўтаномных сістэм, якія могуць усе аперацыі выконваць зусім без удзелу чалавека, — сцвярджае Віктар Дзям’янаў. — Зямельны фонд аб’ектыўна абмежаваны. Колькасць працаўнікоў у сельскай гаспадарцы таксама не павялічваецца. Аграрная галіна можа павышаць эфектыўнасць толькі за кошт інтэнсіўнага развіцця. А тэхналогія — гэта кангламерат тэхнікі з адпаведным функцыяналам праграмных сродкаў, метадаў работы і яе арганізацыі. Тэхналогія дакладнага земляробства заключаецца ў тым, што выконваюцца ўсе неабходныя аперацыі ў патрэбны час, у патрэбным месцы, у патрэбных аб’ёмах.

А для гэтага неабходны збор даных, іх аналіз, на аснове высноў фарміраванне пераліку неабходных аперацый. Тут інжынерныя, аграрныя, тэхнічныя, лічбавыя навукі цесна пераплятаюцца. І, як адзначае Віктар Дзям’янаў, ужо жыццёва неабходны спецыялісты ў галіне аграрнай кібернетыкі. Тэрмін, дарэчы, прыдумалі ў перадавых гаспадарках, якія паглыбляюцца ў тэхналогіі дакладнага земляробства.
Камбайны апошняга пакалення забяспечваюцца сістэмамі карціравання ўраджайнасці палёў, выдаюць інфармацыю аб эфектыўнасці выкарыстання ледзь не кожнага квадратнага метра раллі. Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне апрацоўвае гэту інфармацыю. А затым на яе базе аграном робіць высновы, якія кладуцца ў заданні па ўнясенні ўгнаенняў, сродкаў аховы раслін. Іх неабходна трансфармаваць у алічбаванае заданне для адпаведных відаў тэхнікі. Словам, лічбавае асяроддзе мяняе ўсе звыклыя бізнес-працэсы. Вегетацыя раслін застаецца такой жа, якую заклала матухна-прырода. Але сучаснае аграрнае прадпрыемства працуе ўжо зусім па іншых прынцыпах. Усё гэта аб’яднаць у адну звязку і павінен «агракібернетык».
Праўда, сёння спецыялістаў такога кірунку не рыхтуюць. Але работа над гэтым у сістэме адукацыі вядзецца. Зрэшты, як і фарміруюцца новыя праграмы пад лічбавыя рэаліі, што выклікае цікавасць у моладзі. І не толькі з пункту гледжання вучобы, але і далейшай работы ў аграрным сектары.
— Прывіваць любоў да зямлі неабходна літаральна з пялёнак, — перакананы Віктар Дзям’янаў. — І наша кампанія, і іншыя профільныя прадпрыемствы актыўна супрацоўнічаюць з навучальнымі ўстановамі. Мы «пайшлі» ўжо ў школы. У малодшых класах хлопчыкі і дзяўчынкі гуляюць з трактарамі, камбайнамі, разумеюць крыху сельскагаспадарчыя цыклы.
У больш старэйшых класах выкарыстоўваем і лічбавыя мадэлі, цацачныя машыны з кіраваннем. Сучасная сельская гаспадарка — гэта не вілы і рыдлёўкі, нават не плугі і бароны, а высокатэхналагічныя, прадукцыйныя комплексы. У іх закладзена шмат самых разнастайных арыгінальных рашэнняў. І аўтаматызацыя ў аграрным сектары будзе адназначна прагрэсіраваць. Сёння па ўзроўні аўтаномнасці мы знаходзімся недзе на другім-трэцім узроўні, а на пятым тэхніка будзе поўнасцю працаваць у аўтаматычным рэжыме: выконваць аперацыі, прычапляць патрэбныя агрэгаты, запраўляцца... Чалавек будзе толькі кантраляваць працэс з цэнтральнага пульта кіравання. Гэта падаецца фантастыкай, але сёння ж па такім прынцыпе працуюць прамысловыя прадпрыемствы.
І аграрны сектар асуджаны стаць індустрыяльным.
Сцяпан Кончыц адзначае: колькасць ахвотных паступіць у каледж расце, якасць — павышаецца, прахадны бал — таксама. Ёсць матывацыя ў асваенні новай тэхнікі. Тым больш што ў цэнтры сабраны самыя сучасныя тэхналогіі ў галіне дакладнага земляробства. Напрыклад, стэнд па падкормцы раслін: працэс адбываецца па зададзенай норме ў залежнасці ад каэфіцыента NDVІ (простай мовай — ад адцення лісця, якое характарызуе ступень вегетацыі расліны). Або стэнд па барацьбе з пустазельнай расліннасцю. Датчыкі вылічаюць непажаданыя расліны і даюць каманду фарсунцы на мэтанакіраванае ўпырскванне хімікату. У Тайландзе (у Тайландзе, дакладна? — наколькі я ведаю, у некаторых штатах ЗША і ў Аўстраліі) прымяняюць гаручую сумесь: пустазелле проста выпальваецца, а ў Еўропе з гэтай мэтай выкарыстоўваюць лазерныя сістэмы. Там лічаць, што так танней і эфектыўней.
— Мы рыхтуем аператараў, а не механізатараў, — тлумачыць Сцяпан Кончыц. — Бо сучасны спецыяліст у полі кіруе не толькі самаходнай машынай, але і электронікай, якая рэгулюе работу разнастайных прычапных агрэгатаў, і ўшчыльную працуе з аграномам. Каб яны разумелі адзін аднаго, неабходна ведаць працэсы вегетацыі раслін, навошта ў глебу ўносяцца розныя пажыўныя рэчывы, якую функцыю выконваюць сродкі аховы раслін. Гэтыя стэнды даюць нагляднае ўяўленне аб аграрных цыклах. Калі аператар іх разумее, то ўжо свядома выконвае аперацыі, у выніку змяншаецца верагоднасць памылак.
— Разам з сістэмай адукацыі мы імкнёмся ўкараняць комплексныя праграмы, — тлумачыць Віктар Дзям’янаў. — Інжынерам даём асновы агранамічных ведаў, аграномам — інжынерных. І ўсім — агульныя ўяўленні аб лічбавым асяроддзі. Тады яны будуць размаўляць на адной мове, змогуць працаваць у зладжанай камандзе.
Далёка не ўсе сістэмы ўкаранёны нават у самых перадавых гаспадарках. Напрыклад, сістэма барацьбы з пустазеллем вельмі дарагая, яе выкарыстоўваюць у расійскім Алтайскім краі.
Больш шырока прымяняюць у Бразіліі і Аргенціне — у пампасах.
— Але мы павінны навучыць усім даступным на сённяшні дзень тэхналогіям, — упэўнены Віктар Дзям’янаў. — Каб яны, сутыкнуўшыся з такім абсталяваннем, маглі яго наладжваць і з ім працаваць.
Тым больш што тэхналагічнае пераўзбраенне аграрных прадпрыемстваў адбываецца дастаткова хутка. Калі яшчэ дзесяць гадоў таму сістэмы аўтапілотаў на трактарах з’яўляліся экзотыкай, то сёння на энерганасычаных мадэлях ужо ўваходзяць у базавую камплектацыю. І такія машыны ёсць практычна ў кожнай гаспадарцы. Як і разумныя сістэмы апырсквання, сістэмы дакладнага высеву, дыферэнцыраванага ўнясення ўгнаенняў і іншыя машыны. Усё шырэй прымяняюцца дроны. Ужо амаль сотня камбайнаў айчыннай вытворчасці працуе з аўтапілотамі і сістэмамі карціравання палёў.
Гэтыя сістэмы дарагія. Іх укараненне і эксплуатацыя патрабуе высокай кваліфікацыі ад усіх работнікаў — ад аператараў да кіраўнікоў. Але пры карэктным укараненні яны прыносяць істотны эфект праз павышэнне ўраджайнасці, зніжаючы матэрыяльныя выдаткі. Акрамя таго, ствараюць камфортныя ўмовы працы, якія прывабліваюць моладзь. Яна, паводле слоў маіх суразмоўцаў, гатова ісці працаваць у сельскую гаспадарку на сучасных машынах. А шмат каго высокія тэхналогіі стымулююць да далейшага развіцця, у тым ліку ў доследных, інжынерных кірунках для распрацоўкі і ўдасканалення сістэм.
Як адзначае Сцяпан Кончыц, з ноу-хау хутка асвойваюцца і цяперашнія работнікі. У тым ліку і паважнага ўзросту. У іх ёсць досвед, звычкі, не заўсёды ім хочацца сядаць за парту для павышэння кваліфікацыі ці перападрыхтоўкі. Але, паглыбіўшыся ў сутнасць новых сістэм, іх зручнасць і выгады з пункту гледжання павышэння прадукцыйнасці працы і, адпаведна, заработнай платы, нават ветэраны сельскай гаспадаркі хутка пранікаюцца прагрэсам. І калі іншы раз сівыя трактарысты і камбайнеры са скепсісам ставіліся да аўтапілотаў, то, паспрабаваўшы іх у справе, ужо адмаўляюцца працаваць па-старому.
Фота Валерыя КАРТУЛЯ