Top.Mail.Ru

Інфармацыя пра трэць выпадкаў тэмпературных анамалій у 2025 годзе паступала ў МНС з космасу

Адным з вынікаў 2025 года стала стварэнне міжведамаснай сістэмы рэагавання на надзвычайныя сітуацыі для МНС. Дзякуючы ёй у 2025 годзе інфармацыя пра больш як трэць выпадкаў тэмпературных анамалій на нашай тэрыторыі — каля 250 фактаў — паступала менавіта з космасу: «За кошт укаранення сістэмы ранняга выяўлення пажараў мы сёння 24 разы на суткі перадаём у МНС інфармацыю аб тэмпературных анамаліях. Прычым не толькі на нашай тэрыторыі, але і на тэрыторыі суседніх дзяржаў», — адзначыў дырэктар унітарнага прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Залаты.


У выніку сярэдняя плошча выгарання скарацілася больш як у 10 разоў. Да таго ж, сістэма дазволіла кантраляваць каля 7 тысяч тарфянікаў — усіх на тэрыторыі Беларусі. Для параўнання, калі раней супрацоўнікі МНС асабіста выязджалі на месцы для праверкі, кантралюючы каля 300 тарфянікаў з плошчай звыш тысячы гектараў, то сёння выезды ажыццяўляюцца адрасна толькі туды, дзе назіраецца павышэнне тэмпературы. Такім чынам колькасць выездаў скарацілася з 50 тысяч за год да 5 тысяч па даных мінулага года.

Да таго ж, міжведамасная сістэма рэагавання на надзвычайныя сітуацыі дае падраздзяленням МНС магчымасць максімальна аператыўна тушыць пажары. Напрыклад, у 2019 годзе пажар з тэрыторыі Чарнобыльскай зоны быў спынены ледзь не на самой мяжы з Украінай — беларускія ратавальнікі змаглі яго хутка ліквідаваць. У выніку з беларускага боку ўрон склаў толькі 4 гектары, тады як на ўкраінскай тэрыторыі полымя знішчыла 4 тысячы гектараў.

Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю