Гэта менш, чым у верасні (7,1 %) і жніўні (7,2 %). Трэк цэнавага ціску, безумоўна, зніжаецца. Ці ўвойдзе ён у прагнозную каляіну? Меркаваць досыць складана. Але не варта забываць: індэкс спажывецкіх цэн — важны, але далёка не адзіны макраэканамічны паказчык.
Беларуская эканоміка адносна невялікая, таму ёй наканавана быць гіперадкрытай. Наш знешнегандлёвы абарот перавышае валавы ўнутраны прадукт. Таму хочам мы гэтага ці не, але наша эканоміка залежыць ад самых разнастайных знешніх фактараў, на якія мы паўплываць не можам. У прыватнасці, падаражання імпартных тавараў у краінах — асноўных нашых эканамічных партнёрах.
Возьмем каву, якая з’яўляецца адным з лідараў па росце цэн. З пачатку года яна падаражэла на 26,7 %. Але, як той казаў, каго тут вінаваціць, акрамя нябеснай канцылярыі. Гэтая культура па кліматычных прычынах у нас не культывуецца. Як і ў Расіі — нашым асноўным знешнегандлёвым партнёры, і ў іншых краінах — членах ЕАЭС. Гэты прадукт мы набываем на адкрытым сусветным рынку, які арыентуецца на біржавыя цэны. Дарэчы, рынак кавы — адзін з самых валацільных і спекулятыўных. Па гэтай характарыстыцы нашмат апярэджвае сыравінныя сегменты. На каціроўкі вуглевадародаў, металаў і іншых карысных выкапняў, прынамсі, не ўплываюць кліматычныя метамарфозы. Засуха ж у асноўных рэгіёнах — вытворцах і кавы, і какава-бабоў справакавалі рост сусветных цэн. Адпаведна, падаражэлі гэтыя прадукты і ў нас. А таксама іх вытворныя. Напрыклад, шакаладныя кандытарскія вырабы: какава-бабы займаюць істотную долю ў іх сабекошце.
Факт: паравозам нашага індэкса спажывецкіх цэн з’яўляюцца імпартныя тавары, якія займаюць амаль палову нашага спажывецкага рынку. Замежная прадукцыя падаражэла амаль на 20 %, што, натуральна, аказала істотны ўплыў на цэнавы фактар у Беларусі. І на яго, у прынцыпе, практычна немагчыма паўплываць.
Існуе меркаванне, што спыніць інфляцыю можна жорсткай грашова-крэдытнай палітыкай: павысіць стаўку рэфінансавання і, адпаведна, кошт пазыковых рэсурсаў, што павінна звузіць унутраны попыт... Ці прывядзе гэта да зніжэння цэн у беларускіх рэаліях? Мабыць, не. Сусветным каціроўкам на каву глыбока абыякавыя ўзроўні ставак па беларускіх крэдытах. А мы — занадта маленькі спажывец, каб уплываць на кан’юнктуру сусветнага рынку. Гэта даступна (і то ў абмежаваных рамках) толькі некалькім вялікім дзяржавам. Хутчэй за ўсё, з-за дарагіх крэдытаў імпарт толькі яшчэ больш падаражэе, бо аптовым пастаўшчыкам-імпарцёрам прыйдзецца выкарыстоўваць больш дарагія абаротныя сродкі. Акрамя таго, дарагія грошы зніжаюць дзелавую і інвестыцыйную актыўнасць, што ўдарыць па беларускіх вытворцах і справакуе рост кошту айчыннай прадукцыі.
Інфляцыя — паказчык вельмі шматгранны. Цэны могуць расці па самых разнастайных прычынах. Універсальных метадаў да дасягнення цэнавай стабільнасці не існуе. Неабходны тонкі падбор інструментарыя, зыходзячы з прыроды інфляцыйных з’яў. Манетарны складнік у беларускім індэксе спажывецкіх цэн мінімальны. Рост грашовай масы знаходзіцца практычна ў межах прагнозных паказчыкаў. Таму рост цэн абумоўлены не эмісійнай актыўнасцю. Адпаведна, і рабіць больш жорсткай грашова-крэдытную палітыку не мае сэнсу. Яна ў беларускай інтэрпрэтацыі накіравана на тое, каб павялічваць дзелавую актыўнасць і стымуляваць павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці. Стаўкі па пазыковых сродках на папаўненне абаротных сродкаў знаходзяцца ў дыяпазоне 12–14 %, па інвестыцыйных крэдытах — 10–12 %. Стаўкі па крэдытах могуць здацца некалькі высокімі, але яны з’яўляюцца самымі нізкімі ў СНД. Нарошчванне выпуску павінна стаць антыінфляцыйнай процівагай падаражання тавараў на знешнім контуры.
Зрэшты, не адзінай інфляцыяй характарызуецца і эканоміка, і ўзровень жыцця грамадзян. Апераджальны мэтавы паказчык росту цэн кампенсуецца дынамікай даходаў насельніцтва. А яны ў рэальным выражэнні пакуль растуць амаль на 10 %.