У Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ цяпер навучаецца каля 1,5 тыс. студэнтаў. Яго дырэктар Вера Хітрук адзначыла, што за 50 гадоў тут сфарміравалася моцная навуковая школа і дасягнуты вынікі, якімі можна ганарыцца, — атрыманы гранты Прэзідэнта Беларусі ў галіне адукацыі і навукі, у выкладчыцкім складзе — 5 дактароў і 30 кандыдатаў навук. Акрамя таго, у верасні 2018 года БДПУ атрымаў статус базавай арганізацыі дзяржаў — удзельніц СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі. Цяпер інстытут таксама ўзначальвае рабочую групу па распрацоўцы праекта Стратэгіі развіцця супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД па рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі.
Паўстагоддзя таму быў зроблены важны крок, які на дзесяцігоддзі наперад вызначыў развіццё айчыннай спецыяльнай педагогікі і практыкі навучання, выхавання дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі, падкрэсліў рэктар БДПУ Аляксандр Жук. Паводле яго слоў, місія інстытута — рыхтаваць спецыялістаў, здольных не толькі прафесійна падтрымаць, але і дапамагчы забяспечыць годную якасць жыцця дзяцей і іх сем’яў.
- «Сёння інстытут па праве з’яўляецца вядучым цэнтрам падрыхтоўкі настаўнікаў-дэфектолагаў у Беларусі. Тут выпускаюць спецыялістаў па ўсіх профілях, што дазваляе цалкам забяспечваць кадравыя патрэбы сістэмы адукацыі і карэкцыйна-развіццёвай работы ў краіне», — падкрэсліў рэктар. Ён таксама акцэнтаваў увагу на ўнёску выкладчыкаў у абнаўленне зместу ўсёй педагагічнай адукацыі Беларусі і нагадаў аб сумесных праграмах з універсітэтамі краін СНД, якія сведчаць аб міжнародным прызнанні ўстановы.
На ўрачыстым пасяджэнні прысутнічала Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава. «Тое, што вы робіце, — гэта вялікая справа, — звярнулася яна да калектыву. — Мы выдатна разумеем, якая важная сёння адукацыя для нашай моладзі. Гэта адзін з прыярытэтных кірункаў дзяржаўнай палітыкі. Але асабліва важная адукацыя для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія маюць патрэбу ў спецыяльнай дапамозе».

Наталля Качанава асобна адзначыла працу педагогаў, якія рыхтуюць спецыялістаў для работы з дзецьмі ва ўстановах адукацыі, карэкцыйна-развіццёвых цэнтрах і індывідуальна.
«Працаваць з дзецьмі заўсёды няпроста, а з асаблівымі — яшчэ складаней. Тут патрэбныя і цярпенне, і мудрасць, і вельмі добрае сэрца. І так важна, калі ўсё гэта супадае, бо ад гэтага залежыць далейшае жыццё дзіцяці, яго сям’і, родных і блізкіх. Мы ўдзячныя ўсім, хто працуе ў гэтым кірунку: прадпрыемствам, арганізацыям, установам, якія прымаюць рабят на навучанне. Ваша праца патрэбна краіне, народу, дзецям. Ад яе залежыць светлая будучыня Беларусі», — канстатавала яна.
- Ад імя Міністэрства адукацыі інстытут з юбілеем павіншаваў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. Ён адзначыў, што паўвекавы шлях ад кафедры да інстытута стаў сур’ёзным рыўком. «Гэта 50 гадоў выдатнай гісторыі і лозунга „Паўстагоддзя мудрасці, даступнай кожнаму“, які ўвасабляецца ў сценах інстытута кожны дзень. Навуковая школа сёння вызначае падыходы да развіцця спецыяльнай адукацыі, інклюзіўнай прасторы і інклюзіўнай культуры ў нашым грамадстве. Дзякуючы сапраўдным прафесіяналам адсюль выходзяць неабыякавыя педагогі з вялікім сэрцам, якія працуюць не па шаблоне», — сказаў намеснік міністра.
Прывітальны адрас першага намесніка генеральнага сакратара СНД Ігара Петрышэнкі зачытала саветнік Дэпартамента па супрацоўніцтве ў палітычнай, гуманітарнай і сацыяльнай сферах Выканаўчага камітэта СНД Галіна Казак. У звароце адзначаецца, што інстытут займае вядучыя пазіцыі ў адукацыйнай і навуковай сферах Беларусі, а яго работа дапамагае гнутка развіваць сістэму адукацыі з улікам індывідуальных патрэб, пазнавальных магчымасцяў і здольнасцяў кожнага дзіцяці.

Важная місія педагогаў — не толькі прафесійна працаваць з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, але і ставіцца да іх з дабрынёй і чуласцю, падкрэсліла старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч. «Як бы ні развіваўся штучны інтэлект, прафесію педагога не заменіць ніхто і ніколі. Мы павінны бачыць вочы дзяцей, адчуваць, што яны разумеюць, а што — не. Важна таксама падрыхтаваць бацькоў, каб яны дапамагалі нам вучыцца разам з дзецьмі», — лічыць яна.