Top.Mail.Ru

Інстытут мовазнаўства сабраў лінгвістаў з розных краін

Да канферэнцыі «Прастора мовы: міжмоўныя і міжкультурныя ўзаемадзеянні», якую праводзіў Інстытут мовазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, да айчынных даследчыкаў далучыліся іх калегі з Расіі, Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Францыі, Славакіі.


Праблемы функцыянавання роднай мовы і яе ўзаемасувязі з іншымі мовамі пастаянна знаходзяцца ў цэнтры ўвагі вучоных Нацыянальнай акадэміі навук. У 2026-2030 гадах у краіне будзе праводзіцца дзяржаўная праграма навуковых даследаванняў «Сацыяльна-эканамічная палітычная і нацыянальна-культурная бяспека беларускай дзяржаўнасці», якая ўтрымлівае падпраграму «Мовазнаўства».

Як адзначыў дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў, канферэнцыя дазваляе асэнсаваць пройдзены шлях, падзяліцца навукоўцам тым, што зроблена, і намеціць далейшыя напрамкі. Асаблівае геаграфічнае становішча Беларусі на скрыжаванні розных культур уплывала на фарміраванне дзяржаўнасці і моўнага асяродку, што адлюстравана і ў сістэме гаворак, у тапаніміі і антрапаніміі, і, натуральна, у літаратурнай мове. Такія пытанні былі ўзняты на канферэнцыі. Таксама навукоўцы дзяліліся вынікамі сваіх даследаванняў, якія дазваляюць разумець заканамернасці развіцця і функцыянавання моў, іх узаемны ўплыў, вызначаць агульныя і індывідуальныя рысы. 

У Інстытуце мовазнаўства памятаюць славутых калег, што стварылі мовазнаўчыя школы і чые справы працягваюць развіваць ужо новыя пакаленні даследчыкаў. Канферэнцыя была прысвечана доктару філалагічных навук Генадзю Цыхуну, суаўтару і рэдактару шматтомнага «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы», даследчыку, які зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё беларускага і славістычнага мовазнаўства. У рамках канферэнцыі прайшла прэзентацыя зборніка выбраных прац вучонага.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю