Рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») пройдзе сёння ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна. Гасцей чакаюць тэматычныя выстаўкі, сырны фестываль, цыркавое шоу і вялікі гала-канцэрт з удзелам беларускіх і расійскіх артыстаў. Аб гэтым расказалі БелТА ў Магілёўскім аблвыканкаме.
Праграма свята пачнецца ў 11.00 і прадоўжыцца да ночы. На тэрыторыі будзе працаваць шмат інтэрактыўных пляцовак. Сярод іх — «#МерчПершага», «Зроблена ў Беларусi», «Белтэлекам — не толькі сувязь», а таксама пляцоўка, якая прэзентуе турыстычны патэнцыял нашай краіны. У Год беларускай жанчыны будзе пляцоўка «Пад пакровам купальскай Берагіні». Рэгіёны Беларусі і Расіі прадставяць сваю культурную спадчыну, народныя рамёствы і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
На выставачным праекце «Анталогія жаночай прыгажосці: ад традыцый ды сучаснасці» пакажуць старадаўнія ўпрыгажэнні — падвескі, скроневыя кольцы, фібулы, а таксама традыцыйныя касцюмы і ручнікі з усіх раёнаў Магілёўшчыны. Акрамя таго, тут арганізуюць не толькі выстаўку, але і продаж адзення, тэкстылю і аксесуараў айчынных вытворцаў.
Для гасцей разгорнуць гандлёвыя рады «Александрыйская гасціна», «Магілёўшчына», «Кірмашовы завулак» і інш. Пройдзе сырны фестываль з дэгустацыяй і продажам сыроў ад вытворцаў усіх рэгіёнаў і Мінска.
З 12.00 да 19.45 будзе працаваць палявы кінатэатр — тут запланаваны кінапаказы і творчыя сустрэчы з рэжысёрамі і акцёрамі. Магілёўскі абласны тэатр лялек пакажа свае спектаклі. Цырк-шапіто прадставіць эстрадна-цыркавыя шоу для дзяцей і дарослых. Музей у Александрыйскай сярэдняй школе з класам, у якім вучыўся Прэзідэнт Беларусі А.Р.Лукашэнка, будзе адкрыты да 21.00.
На малой канцэртнай пляцоўцы ў 13.00 пачнецца канцэрт «Гуляй, душа народная!». У 15.00 будзе ўрачыстае адкрыццё свята. У 16.30 адбудуцца дэманстрацыйныя палёты групы самалётаў ДТСААФ з высадкай парашутыстаў з Дзяржаўным сцягам Беларусі.
У 17.00 стартуе канцэрт «Саюзныя зоркі ў гасцях у Александрыі» з удзелам беларускіх і расійскіх калектываў і выканаўцаў. Сярод іх — Ібрагім Карасаў, Іван Дзятлаў, Алена Курская з Санкт-Пецярбурга. Таксама выступяць ансамбль «Медуніца», вакальны ансамбль «Весялуха» і Вольга Гарнічар з праектам «Зямля прыгожых людзей».
У 21.30 пачнецца галоўны канцэрт. Пасля яго, у 23.20, гасцей чакаюць феерверк і запальванне купальскага вогнішча. А ў 23.45 пачнецца маладзёжная дыскатэка «Купальскі Ярыла-Дэнс» з радыёстанцыяй «Душэўнае радыё» і MC Андрэем Юрчанкавым, якая прадоўжыцца да 3.00.