Сённяшняя наша гутарка са старшынёй Пружанскага райвыканкама Міхаілам Грышкевічам вядзецца ў кантэксце ролі жанчын у справах і дасягненнях рэгіёна. І няцяжка здагадацца, чаму — працягваецца Год беларускай жанчыны. Таму мы вырашылі паглядзець на эканоміку, сацыяльную сферу, грамадскае жыццё Пружаншчыны пад «жаночым» вуглом. Былі агучаны цікавыя лічбы, факты, тэндэнцыі. Прынамсі, можаце меркаваць самі.
Абсалютная большасць
Па традыцыі Міхаіл Міхайлавіч пачынае гаворку са слоў падзякі тым, хто корміць краіну — працуе у раслінаводстве, жывёлагадоўлі, іншых галінах вытворчасці.
— Прапаную спыніцца на ролі жанчын менавіта ў аграрнай галіне — галоўным стаўпе эканомікі Пружанскага раёна. Якую ролю яны адыгрываюць у кіраўніцтве гаспадаркамі і штодзённых вытворчых справах?
.jpg)
— Стабільная работа сельгаспрадпрыемства залежыць ад многіх фактараў. Але любы дасведчаны чалавек ведае, што жывёлагадоўля з’яўляецца асновай эканомікі кожнай гаспадаркі. Прыбытак даюць малако і мяса. Дастаткова зазірнуць на любую ферму, на любы малочнатаварны комплекс, каб упэўніцца, што абсалютная большасць аператараў машыннага даення, жывёлаводаў, якія даглядаюць маладняк, — жанчыны. Менавіта іх штодзённая праца трансфармуецца ў лічбы прыбытку, які дазваляе эфектыўна будаваць эканоміку, набываць тэхніку, узводзіць аб’екты, выплачваць прыстойную зарплату.
Ды і ў кіраванні гаспадаркамі раёна роля жанчыны відавочная. Яны займаюць пасады 11 галоўных бухгалтараў, 12 галоўных эканамістаў, 6 галоўных ветэрынарных урачоў, ды і ў цэлым ветэрынарыя цяпер — пераважна жаночая справа. Даволі складаная праца галоўнага заатэхніка і галоўнага агранома (у першым выпадку ў трох гаспадарках, у другім — у двух) таксама на плячах жанчын.
— І многія з іх штогод адзначаюцца як на раённым, так і на больш высокіх узроўнях, маюць дзяржаўныя ўзнагароды?
— Так, жанчыны працуюць даволі паспяхова. Асабліва мы шануем нашых ветэранаў, ганарымся імі, улічваем іх багаты вопыт, стараемся падтрымліваць. Такіх, напрыклад, як легенда пружанскай аграноміі, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР Ганна Раманаўна Шантаровіч. Калі яна працавала аграномам, затым галоўным аграномам эксперыментальнай базы «Белавусаўшчына», гаспадарка мела найлепшыя вынікі ў краіне ў справе вырошчвання элітнага насення. На Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве «Белавусаўшчыне» быў аддадзены асобны павільён, дзе чатыры гады запар перыядычна Ганна Шантаровіч, як цяпер сказалі б, праводзіла майстар-класы для калег з усяго Савецкага Саюза. За сваю працу яна ўдастоена ордэна «Знак Пашаны», шэрагу медалёў, іншых адзнак. Яе працоўны стаж склаў 67 гадоў!
Яшчэ і цяпер Ганна Раманаўна працуе ў савеце ветэранаў, удзельнічае ў рабоце творчага ветэранскага клуба аматараў паэзіі «Натхненне». Вось дзе прыклад для моладзі, ды і для людзей усіх пакаленняў! Сёлета, дарэчы, збіраемся віншаваць заслужанага ветэрана з 90-гадовым юбілеем.
Можна згадаць і маладзейшых працаўніц галіны, такіх як Вольга Місюля. На пасадзе брыгадзіра ўчастка аднаўлення свінакомплекса «Клепачы» ААТ «Жураўлінае» Вольга Васільеўна была ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі». За гэтай узнагародай стаіць вялікая праца. Ёсць шмат іншых працаўніц сельскай гаспадаркі, якіх мы штогод адзначаем граматамі, падзячнымі лістамі, заносім на Дошку гонару і сапраўды імі ганарымся.
— Даволі паспяхова працуюць пружанскія прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці, такія як малочны камбінат, ільнозавод, камбінат кааператыўнай прамысловасці, ды і не толькі яны...
— Папярэджваючы пытанне, назаву некалькі лічбаў: На Пружанскім малочным камбінаце жанчын працуе 56,6 % ад агульнай колькасці работнікаў, на льнозаводзе — 37,8 %, пры тым што завод мае вялікі цэх механізацыі. На заводзе радыёдэталяў — 66,9 % жанчын. Камбінат кааператыўнай прамысловасці з’яўляецца структурным падраздзяленнем райспажыўтаварыства. У апошнім занята 650 чалавек, і 463 з іх — жанчыны. Вось і мяркуйце, якая роля прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва ў рабоце нашай прамысловасці, гандлю.
У іх руках — наша будучыня
— Адукацыя і ахова здароўя — галіны, паспяховае функцыянаванне якіх служыць гарантыяй сацыяльнай стабільнасці грамадства. І традыцыйна гэта жаночыя калектывы.
— Так, урачоў-мужчын у нас не так і многа нават у раённай бальніцы, а вось сельскую медыцыну — амбулаторыі, ФАПы — у абсалютнай большасці вядуць жанчыны. Гэта вельмі адказная і пачэсная праца, бо здароўе — наш галоўны прыярытэт.
Сярод педагагічных работнікаў раёна 93 % — жанчыны. Значыць, практычна ўсю нагрузку па навучанні і выхаванні нашых дзяцей яны ўзялі на сябе. І тут без усялякага пафасу можна сцвярджаць, што будучыня нашага рэгіёна, як і краіны ў цэлым, у руках жанчын.
Сёння амаль усе школы раёна ўзначальваюць жанчыны. Варта сказаць, што працуюць нашы педагогі самааддана, творча, зацікаўлена. Вучні паказваюць добрыя вынікі на алімпіядах і розных іспытах. Не так даўно дырэктар Ліноўскай школы Алена Макарэвіч ўзнагароджана знакам «Выдатнік адукацыі».
— Ніякае грамадства нельга ўявіць сабе без культурнага складніка. Як любіў гаварыць вядомы народны майстар з вёскі Стойлы Мікалай Тарасюк: «Культура — душа народа». Такім чынам мы падыходзім да тэмы захавальніц традыцый культурнага жыцця раёна.
— Сапраўды, захавальніцы, бо 80 % занятых у сферы культуры Пружаншчыны, як няцяжка здагадацца, — таксама жанчыны. Дамы культуры, бібліятэкі, іншыя ўстановы добра функцыянуюць дзякуючы працавітасці, арганізатарскім здольнасцям, стараннасці нашых рупліўцаў культуры.
Радуе, што ў нас шмат таленавітых людзей, якія ствараюць сваімі рукамі творы мастацтва, часам нават шэдэўры. І калі ўжо згаданы адзін народны майстар, то варта назваць нашу вядомую мастачку — Марыю Кулецкую, якую ведаюць далёка за межамі
Пружанскага раёна. Марыя Мікалаеўна аднавіла забыты і згублены ўнікальны беларускі промысел — роспіс па шкле, які яна актыўна прапагандавала і перадавала дзецям у якасці кіраўніка ўзорнай студыі роспісу па шкле гарадскога Палаца культуры два дзесяцігоддзі. Цяпер эстафету падхапіла яе вучаніца і паслядоўніца Вера Волчык. А вось на майстар-класы да Кулецкай па-ранейшаму прыязджаюць з гарадоў Брэстчыны, з Мінска і нават з замежжа. Народны майстар Рэспублікі Беларусь Марыя Кулецкая з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Пружанскага раёна.

Летась пасведчанне народнага майстра атрымала таленавітая ткачыха і вышывальшчыца з вёскі Смаляніца Людміла Яроцкая. Спіс цікавых самабытных майстроў можна працягваць яшчэ доўга, большасць з іх, вядома, — жанчыны.ініцыятары добрых спраў
— Прапаную пагаварыць пра ролю жанчыны ў рабоце прадстаўнічых органаў мясцовай улады. Ці правільным выглядае сцвярджэнне, што большая частка дэпутатаў мясцовых Саветаў — жанчыны?
— Так і ёсць. Варта дадаць, што з 12 сельскіх Саветаў раёна 10 узначальваюць жанчыны.
Раённы Савет, дарэчы, — таксама. Неяк мы прааналізавалі і прыйшлі да высновы, што жанчыны больш актыўныя ў грамадскім жыцці. Скажам, большая палова старастаў у вёсках — жанчыны. А розныя грамадзянскія ініцыятывы, добрыя справы, што праводзяцца талакой, арганізоўваюць і ажыццяўляюць менавіта старасты і старшыні сельсаветаў, мясцовыя дэпутаты.
Жаночымі рукамі нярэдка ствараецца і падтрымліваецца прыгажосць на вуліцах, у дварах населеных пунктаў. Іх клопат распаўсюджваецца на ўстановы для састарэлых адзінокіх людзей.
Падсумоўваючы сказанае, варта згадаць, што на вытворчасці, у сацыяльнай сферы нашы жанчыны часта ідуць у авангардзе.
А свае працоўныя поспехі, грамадскую работу яны ўдала спалучаюць з ролямі клапатлівых жонак і гаспадынь, якія падтрымліваюць утульнасць і цяпло ў доме, а таксама з ролямі матуль, што гадуюць дзяцей, і чулых уважлівых дачок, калі гаворка заходзіць пра догляд пажылых бацькоў і дапамогу ім. І вось гэтыя сямейныя абавязкі часам бываюць ніколькі не меншыя і не лягчэйшыя за працоўныя. Але жанчыны з гонарам з імі спраўляюцца.
Святлана ЯСКЕВІЧ