Top.Mail.Ru

Інтрыга ў суседзяў: хто стане новым прэзідэнтам Польшчы?

Хто на новенькага...

На найбліжэйшую нядзелю, 18 мая, у Польшчы прызначаны прэзідэнцкія выбары. Мяркуючы па тым, як настроены палякі, выбар ім давядзецца рабіць двойчы: на 1 чэрвеня запланавана правядзенне другога тура выбараў.

Відавочнага лідара, за якога б абсалютная большасць аддала свае галасы, у гонцы няма. З масы ўсіх кандыдатаў вылучаюцца двое: Рафал Тшаскоўскі (кандыдат ад «Грамадзянскай кааліцыі» і мэр Варшавы) і Караль Наўроцкі (кіраўнік Інстытута нацыянальнай памяці і кандыдат ад партыі «Права і справядлівасць»). Ёсць і цёмны конік — трэці па рэйтынгу — Славамір Ментцэн з «Канфедэрацыі». І ў гэтай гонцы ўсё развіваецца па класічным сцэнарыі заходніх «дэмакратый»: інтрыгі, выкрыцці, скандалы...

Менш чым за тыдзень да першага тура выбараў было апублікавана апошняе апытанне палякаў, якое дэманструе значныя змены на палітычнай сцэне. І хоць лідары гонкі застаюцца ранейшымі, ёсць змены ва ўзроўні падтрымкі асобных кандыдатаў, што сведчыць: прэзідэнцкія выбары ў Польшчы 18 мая могуць быць надзвычай захапляльнымі.

Дуэт Тшаскоўскі і Наўроцкі па-ранейшаму ў авангардзе, але са стратамі. Даследаванне, праведзенае ІBRіS для «Польскага радыё 24», паказвае, што мэр Варшавы можа прэтэндаваць на перамогу — яго рэйтынг 31,5 % апытаных, што ніжэй на 1,7 % у параўнанні з апытаннем, праведзеным у канцы красавіка. Другое месца займае Караль Наўроцкі. Яго вынік — 23,6 %, праўда, гэта таксама зніжэнне — на 2 %. Адкат апошняга адбываўся на фоне скандалу, справакаванага «забытай» кандыдатам задэклараванай кватэры. У яго штабе прызнаюць: мінулы тыдзень быў для Наўроцкага найгоршым у прэзідэнцкай кампаніі.

А вось далей самае цікавае. Крыху стаміўшыся ад гэтай парачкі, польскі электарат накіраваў свой позірк на іншых кандыдатаў, чые пазіцыі пайшлі ў рост. Так, Славамір Ментцэн з «Канфедэрацыі» набірае 12,6 %, што вышэй на 1,1 % за ранейшае значэнне. Відавочнае павелічэнне таксама адбылося ў спісах у Шымона Галаўні (8,6 %, + 2,5 %), Адрыяна Зандберга (5,4 %, + 2,2 %), Магдалены Беят (6,3 %, + 1,2 %) і іншых кандыдатаў.

Сціплае пераразмеркаванне пазіцый, але ўсё ж... Развіццё падзей па незапланаваным сцэнарыі яшчэ ніхто не адмяняў. Тым больш што апошнія дэбаты, якія прайшлі ў мінулы панядзелак, не дадалі палітычных ачкоў фаварытам гонкі.

На думку польскай прэсы, дэбаты 12 мая — найгоршыя дэбаты ў прэзідэнцкай кампаніі. Сапраўдная сварка, якая доўжылася больш за тры з паловай гадзіны, стаміла як гледачоў, так і ўдзельнікаў, не даўшы выразных адказаў на тэмы, узнятыя падчас дэбатаў.

І тут лепш працытаваць, што піша на гэты конт польская прэса: «Усё пайшло не так. У сутыкненні ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты ўсё правалілася. Была спрэчка паміж удзельнікамі і журналістамі з палітыкамі». 

Разам з тым, на думку польскіх аналітыкаў, апошнія прэзідэнцкія дэбаты не акажуць вырашальнага ўплыву на выбар палякаў каля скрынь для галасавання. Хутчэй за ўсё, першы тур прывядзе пару Тшаскоўскі — Наўроцкі да другога тура. Але! Ёсць яшчэ Славамір Ментцэн з «Канфедэрацыі», якога рана спісваць з рахункаў.

— Выбар паміж Наўроцкім і Тшаскоўскім як паміж «чумой і халерай», — рэзка адазваўся адзін з выбаршчыкаў у гутарцы з мясцовым выданнем Лукаш з Пётркуў-Трыбунальскі.

Падобна, гэта меркаванне падзяляюць многія палякі, паколькі не рвуцца браць удзел у выбарах свайго прэзідэнта, бо не бачаць у гэтым асаблівага сэнсу. Прынамсі, такую выснову можна зрабіць з апытання, якое дэманструе чаканні ад удзелу польскага электарату ў галасаванні. Так, цэлых 51,4 % (!) рэспандэнтаў выказалі гатоўнасць галасаваць, а яшчэ 10,1 % адказалі, што «хутчэй так». У агульнай суме гэта каля 60 % грамадзян, гатовых ісці на галасаванне. Аднак траціна апытаных — ці амаль 37 % — заявілі, што не будуць галасаваць ці яшчэ не прынялі рашэнне аб гэтым. І гэта вельмі трывожны званочак для польскіх палітычных эліт, які можа абярнуцца сур’ёзным пераразмеркаваннем пазіцый у самы адказны момант. Як гаворыцца, час пакажа.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю