Беларусь стала адной з нямногіх краін, дзе яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў пачалі сістэмна развіваць спартыўныя танцы на інвалідных калясках. З часам гэты кірунак атрымаў міжнароднае прызнанне. Сёння спецыялізаваны танцавальна-аздараўленчы цэнтр Беларускага фонду дапамогі спартсменам-інвалідам застаецца ўнікальным для Еўропы аб’ектам, дзе спорт спалучаецца з рэабілітацыяй і сацыяльнай адаптацыяй людзей з інваліднасцю.
На сістэмнай аснове
Пры падтрымцы дзяржаўных органаў будаўніцтва цэнтра пачалося ў 1992 годзе ў аграгарадку Калодзішчы пад Мінскам, на тэрыторыі былога ваеннага палігона. Як адзначае старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд дапамогі спартсменам-інвалідам» заслужаны трэнер Беларусі Валерый КАЛАМІЕЦ, наша краіна стала першай у СНД, дзе спартыўныя танцы на калясках пачалі развівацца на сістэмнай аснове. Ужо ў 1998 годзе на першым у гісторыі чэмпіянаце свету ў Токіа беларуская пара заваявала залатыя медалі.
Сёння пра цэнтр ведаюць далёка за межамі нашай краіны. Тут ужо пабывалі спартсмены, спецыялісты і дэлегацыі з Расіі, Казахстана, Польшчы, Азербайджана, Нідэрландаў, Германіі і Францыі. Уявіце сабе, толькі з адной Цэнтральнай адміністрацыйнай акругі Масквы ў цэнтры прайшлі рэабілітацыю і навучанне больш за 2,1 тысячы чалавек разам з суправаджальнікамі. Было арганізавана мноства трэніровак і рэабілітацыйных заездаў.
У абдымку з ветрам
Аднак паступова стала зразумела, што людзям пасля цяжкіх траўм патрэбна не толькі фізічнае аднаўленне. Не менш важна дапамагчы ім вярнуць адчуванне ўласнай значнасці і ўпэўненасць у сваіх сілах. І тады нарадзіўся ўнікальны праект — міжнародны танцавальна-парашутны фестываль. Яго ўдзельнікі выконваюць тандэмныя скачкі з вышыні ад 2,6 да 4,5 тысячы метраў.
Ідэя ўзнікла пасля размовы з азербайджанцам Камалам Мамедавым. Да атрымання траўмы ён здзейсніў 12 скачкоў з парашутам, а пасля таго як апынуўся ў інваліднай калясцы, захацеў зноў падняцца ў неба. Так экстрымальная ідэя ператварылася ў асобны кірунак работы цэнтра.
— Наша галоўная мэта — вярнуць людзям статус лідараў у грамадстве, даказаць, што пасля цяжкіх аварый і траўм жыццё не заканчваецца, — падкрэслівае Валерый Каламіец.
Для фонду паказчыкам эфектыўнасці праекта з’яўляюцца не толькі медалі. За час яго існавання ва ўдзельнікаў нарадзілася 26 дзяцей. Па словах Валерыя Каламійца, нараджэнне аднаго дзіцяці выхаванцамі праекта для яго роўнае 10–15 залатым медалям на Паралімпійскіх гульнях.
Сціраючы межы
Спартыўныя танцы на калясках прадугледжваюць некалькі класаў, якія вызначаюцца ў залежнасці ад ступені парушэння рухальных функцый. Спартсмены могуць выступаць у еўрапейскай і лацінаамерыканскай праграмах, а таксама ў сінглеі фрыстайле.
Сёння на базе цэнтра праходзіць установачны вучэбна-трэніровачны збор нацыянальнай каманды Беларусі па спартыўных танцах на калясках. У ім удзельнічаюць 11 чалавек, у тым ліку чатыры дзяўчыны. Яны таксама задзейнічаныя і ў тандэмных парашутных скачках.
Адзін з ключавых складнікаў такіх заняткаў — бяспека. За яе адказваюць вопытныя інструктары, якія ведаюць спецыфіку парашутных скачкоў людзей з інваліднасцю.
Сярод удзельнікаў — чэмпіёнка Беларусі па спартыўных танцах на калясках Эвеліна ХАЛІЛАВА. У цэнтр яна прыйшла ў 16 гадоў. Праз два гады асмелілася на першы парашутны скачок. Цяпер у Эвеліны спалучаюцца работа і трэніроўкі, а сярод спартыўных задач — паставіць лацінаамерыканскую праграму і выступіць на чэмпіянатах свету і Еўропы.
Прыкладам самадысцыпліны і адданасці сваёй справе з’яўляецца таксама бронзавы прызёр Кубка кантынентаў 2019 года і неаднаразовая чэмпіёнка Беларусі па спартыўных танцах на калясках Наталля АСТАНІНА. Яна здзейсніла свой першы парашутны скачок у 2014 годзе:
— Я ўбачыла, што іншыя могуць, і падумала, а чаму б і не паспрабаваць?!
Наперадзе ў беларускай каманды — падрыхтоўка да чэмпіянату Еўропы ў Італіі. А ў 2027 годзе праект адзначыць 15-годдзе пачатку парашутных скачкоў. Акрамя таго, адбудзецца юбілейны X Міжнародны танцавальна-парашутны фестываль.
Такім чынам, кірунак, які ў Беларусі пачынаўся з развіцця спартыўных танцаў на калясках, сёння ахоплівае значна больш шырокія задачы — ад спартыўнай падрыхтоўкі і рэабілітацыі да фарміравання ўпэўненасці чалавека ў сваіх сілах і вяртання яго да актыўнага жыцця.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота прадастаўлена Беларускім фондам дапамогі спартсменам-інвалідам