Top.Mail.Ru

Інвестпраекты — важкі ўнёсак у будучыню Капыльшчыны

Мінулы год для Капыльшчыны быў багатым на ўвядзенне знакавых аб’ектаў па інвестыцыйнай праграме «Адзін раён — адзін праект». У прыватнасці, высокатэхналагічнага комплексу па вырошчванні і перапрацоўцы мяса індычкі ў вёсцы Пясочнае, а таксама запуску цэха інавацыйнай прадукцыі — сухога малака з капілярна-порыстай структурай — на Капыльскім філіяле Слуцкага сыраробнага камбіната. Акрамя таго, у сельгаспадарках раёна ўведзены ў эксплуатацыю некалькі сучасных жывёлагадоўчых аб’ектаў. Усё гэта будзе спрыяць эканамічнаму росту раёна, бо атрыманая прадукцыя накіроўваецца на экспарт, ствараюцца новыя працоўныя месцы з дастойнай заработнай платай, а ў раён прыходзяць сучасныя тэхналогіі і адзначаецца высокі ўзровень вытворчасці. Пра знакавыя для раёна аб’екты, развіццё сельскай гаспадаркі і работу ў Год добраўпарадкавання размаўляем са старшынёй Капыльскага райвыканкама Сяргеем Пілішчыкам.


— Сяргей Міхайлавіч, мінулы год для Капыльскага раёна быў адметны ўводам знакавых аб’ектаў ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект».

— Мы рэалізоўвалі намечаныя планы, у прыватнасці па інвестыцыйнай праграме «Адзін раён — адзін праект» завяршылі ўвод у эксплуатацыю высокатэхналагічнага прадпрыемства па вытворчасці мяса індычкі агракамбіната «Дзяржынскі». Ён выйшаў на сваю планавую магутнасць — выраб шасці тысяч тон мяса індычкі ў год. Сёння на рынак пастаўляецца каля 27 найменняў рознай прадукцыі. На рынку Беларусі ёсць попыт на такі дыетычны прадукт, і на сёння гэта дастаткова раскручаны брэнд. 

Аднак праект экспартна арыентаваны — вялікая частка прадукцыі рэалізуецца ў гандлёвых сетках Расіі, ёсць запатрабаванасць у краінах Паўднёвай Азіі. Сума інвестыцый склала 168 мільёнаў рублёў — гэта істотная лічба для нашага раёна і без перабольшання важкі ўнёсак у будучыню ўсёй Капыльшчыны.

У Капыльскім вопытным лясгасе летась адкрыта вытворчасць па выпуску абразных піламатэрыялаў. Гэта вялікі комплекс па перапрацоўцы драўніны, які ўключае цэх сарціроўкі лесу, цэх пілавання і цэх паддонаў, устаноўлена лінія зрошчвання драўніны. Створана 22 працоўныя месцы, інавацыйная лінія дазваляе атрымліваць каля 18 тысяч кубаметраў гатовай прадукцыі за год. Гэта таксама экспартна арыентаваны праект, асноўны рынак збыту — краіны Сярэдняй Азіі (Узбекістан, Таджыкістан, Кыргызстан).

Са студзеня мінулага года запушчаны цэх інавацыйнай прадукцыі на базе Капыльскага філіяла Слуцкага сыраробнага камбіната. Гэта ўнікальная ў краіне вытворчасць сухога малака з капілярна-порыстай структурай. Створана 24 новыя працоўныя месцы. Рэалізацыя гэтага праекта абышлася Слуцкаму сыраробнаму камбінату ў 30 мільёнаў рублёў. На прадпрыемстве выйшлі на праектную магутнасць — 20 тон сухога малака ў суткі. Праект цалкам экспартна арыентаваны, асноўныя спажыўцы — краіны Афрыкі Марока і Алжыр. Сёння прадпрыемства стабільна працуе з высокай дабаўленай вартасцю.

Усе названыя інвестпраекты дазволілі істотна ажывіць эканоміку раёна.

— Адно з прадпрыемстваў раёна, згаданы вамі Капыльскі вопытны лясгас, па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця два гады запар знаходзілася на Рэспубліканскай дошцы Гонару.

— Прадпрыемства дынамічна развіваецца, яно па-ранейшаму экспартна арыентаванае, нягледзячы на тое што санкцыі звузілі партфель заказаў. Кіраўніцтву ўдалося захаваць аб’ёмы вытворчасці, калектыў, утрымаць планку па заработнай плаце — яна самая высокая сярод лясгасаў Мінскай вобласці. Па выніках работы за 2022 і 2023 гады лясгас быў занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару як самае эфектыўнае прадпрыемства лясной галіны. Яно і сёння трымае марку. Летась калектыў браў актыўны ўдзел у ліквідацыі наступстваў урагану ў Гомельскай вобласці. У прыватнасці, нашы спецыялісты разам са сваёй тэхнікай аказвалі дапамогу Рэчыцкім і Мазырскім раёнам.

— Найбольшы ўнёсак у эканоміку раёна па-ранейшаму робіць сельская гаспадарка. Якім для яе быў мінулы год?

— Сапраўды, наш раён — самы буйны аграрны рэгіён Мінскай вобласці. У нас найбольшыя ў рэгіёне пасевы рапсу, 20 % 
цукровых буракоў у Мінскай вобласці вырошчваецца ў Капыльскім раёне. 

Гэта сур’ёзныя абавязацельствы перад вобласцю і дзяржавай. Ад мінулага года чакалі большага, аднак з-за ўмоў надвор’я не змаглі цалкам рэалізаваць намечанае. Змаглі прырасці па вытворчасці зерня — прыбаўка да 2023 года склала больш за 20 тысяч тон, па рапсе — больш за пяць тысяч тон, яго сабралі 37 тысяч тон.

Дзякуючы падтрымцы дзяржавы гаспадаркі раёна працягвалі праграму па будаўніцтве сучасных малочнатаварных комплексаў па Указе Прэзідэнта № 422 «Аб будаўніцтве (рэканструкцыі) малочнатаварных комплексаў». Летась у раёне пабудавана чатыры высокатэхналагічныя комплексы: ва УП «ПІК-Лясное» МТК «Пясочнае» на 1200 галоў дойнага статка, у ААТ «Прагрэс-2010» МТК «Душава» на 1050 галоў дойнага статка, у ААТ «Семежава» МТК «Семежава» на 800 галоў, у ЗАТ «Жыліхава» МТК «Жыліхава» на 800 галоў. Усяго за пяцігодку ў гаспадарках раёна з’явілася 16 малочнатаварных комплексаў. Гэта дазваляе сыходзіць ад старых тэхналогій да бяспрывязнага ўтрымання жывёл, нарасціць пагалоўе — колькасць дойнага статка ў раёне павялічылася на 358 галоў. Менавіта за такімі МТК будучыня нашай малочнай галіны, паколькі тут кансалідаваны важныя эканамічныя складальнікі: экспартная арыентаванасць, новыя працоўныя месцы з канкурэнтнай заработнай платай, высокі ўзровень вытворчасці і сучасныя тэхналогіі.

— Чым адметны для Капыльскага раёна 2025-ы — Год добраўпарадкавання?

— Працягнем рамантаваць дарогі, добраўпарадкоўваць дваровыя і прысядзібныя тэрыторыі, ствараць лакацыі для камфортнага пражывання і правядзення вольнага часу жыхароў нашага раёна. Летась заасфальтавалі 42 км дарог, і гэта як новае будаўніцтва, так і падтрыманне дзейнай аўтадарожнай сеткі ў належным стане. На бягучы год пастаўлены не меншыя задачы: падрыхтаваць і падтрымліваць у рабочым стане не менш за 44–47 км новых і існых дарог.

Што датычыцца добраўпарадкавання, летась на ўсіх фельчарска-акушэрскіх пунктах — а іх у нас 21 — быў праведзены бягучы рамонт, медыцынскія аб’екты набылі сучасны выгляд. Гэта клопат пра нашых сельскіх жыхароў, не кожны з якіх мае ахвоту ехаць 

у гарадскую бальніцу. Цяпер людзі могуць атрымаць неабходную дапамогу ў куды больш камфортных умовах па месцы жыхарства. У цэнтральнай раённай бальніцы, дарэчы, летась быў заменены рэнтгенапарат на лічбавы рэнтгенадыягнастычны комплекс высокага класа. Ён прызначаны для рэнтгеналагічнага абследавання як дарослых, так і дзяцей. Урач адпраўляе здымак з аўтаматычнай расшыфроўкай па сетцы ў кабінет іншага доктара, да якога ідзе пацыент.

Вялікая ўвага ў мінулым годзе ўдзялялася добраўпарадкаванню сельскіх дамоў культуры. Былі адрамантаваны Доктарыцкі, Сямежаўскі і Ванілевіцкі дамы. Дзесьці адрамантавалі сістэмы ацяплення, недзе замянілі на электрычныя — больш сучасныя, якія могуць працаваць у ашчадным рэжыме, што дазваляе эканоміць рэсурсы.

— Ці актуальная для раёна праблема кадраў?

— Так, па некаторых кірунках адчуваецца недахоп кадраў, і мы над гэтым актыўна працуем: заключаем дагаворы мэтавай падрыхтоўкі, праводзім работу з насельніцтвам. Не хапае ўрачоў, ветурачоў, ёсць пэўныя пытанні з настаўнікамі, асабліва з выкладчыкамі хіміі, фізікі, замежных моў. Сёння запатрабавана кітайская мова. Запрасілі аднаго настаўніка, але гэтага мала, бо сярод школьнікаў шмат ахвотных яе вывучаць.

Мяркую, што дапаможа вырашыць пытанне Указ Прэзідэнта № 38 «Аб асаблівасцях прадастаўлення і выкарыстання арэнднага жылля», якім комплексна рэгулюецца прадастаўленне такога жылля работнікам найбольш запатрабаваных прафесій. Ён дазволіць камісійна вырашаць, якіх неабходных раёну спецыялістаў у першачарговым парадку надзяляць арэндным жыллём.

Яшчэ адной актуальнай тэмай застаецца электрыфікацыя населеных пунктаў. Раён не газіфікаваны ў поўным аб’ёме, і сёння людзі ў сельскай мясцовасці хочуць устанавіць электракацёл, бойлер, але яшчэ не ва ўсіх населеных пунктах старыя сеткі дазваляюць закрываць патрэбу. Мінэнерга ў гэтым кірунку працуе, і з пачатку рэалізацыі праграмы па перападключэнні жыллёвага фонду ў раёне ўстаноўлена 1700 электракатлоў. Аднак улічваючы сфарміраваны партфель заказаў для энергетыкаў, на год мы адстаём. Зрэшты, упэўнены, што справімся і забяспечым усіх жыхароў нашага раёна магчымасцю жыць у сучасных камфортных умовах.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю