Гісторыя краіны ў кожнай дзяржаве ўвасабляецца ў яе дзяржаўных сімвалах. Аб гэтым заявіў журналістам на цырымоніі ўшаноўвання дзяржаўных сімвалаў у Мінску на плошчы Дзяржаўнага сцяга намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзім Іпатаў, перадае БелТА.
Вадзім Іпатаў адзначыў, што з такіх падзей, як Дзень Перамогі, цырымонія ўшаноўвання дзяржаўных сімвалаў, складваецца гісторыя краіны. «І гісторыя краіны ў кожнай дзяржаве ўвасабляецца ў яе дзяржаўных сімвалах. Калі мы паглядзім на герб, сцяг, калі ўважліва пачытаем наш гімн, то мы знойдзем вельмі шмат адказаў на пытанні аб нашай гісторыі», — адзначыў Вадзім Іпатаў.
Ён дадаў: гісторыя Беларусі пацвярджае мужнасць народа, яго імкненне да незалежнасці, суверэнітэту, адзінства ў поглядах на сваё развіццё. «Такія святы — вядома ж, эмоцыі гордасці за сваю краіну, за тых людзей, якія здзяйснялі працоўныя, ваенныя подзвігі ў імя будучыні. І мы бачым, што сёння тут прысутнічаюць усе пакаленні — старэйшае, сярэдняе, маладое. А сувязь пакаленняў вельмі важная, асабліва ў сённяшніх умовах», — падкрэсліў Вадзім Іпатаў.
Паводле яго слоў, ва ўмовах фарміравання новага светапарадку Беларусь выступае за тое, каб ён адпавядаў прынцыпам стабільнасці, добрасуседства, узаемнай павагі адна да адной усіх дзяржаў.